Астраўчане паўдзельнічалі ў цырымоніі ўшанавання лепшых аграрыяў Беларусі з удзелам Прэзідэнта

16:50 / 18.11.2022


З удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Незалежнасці адбылася цырымонія ўшанавання лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу краіны, у тым ліку і Астравеччыны.

Гонар прадстаўляць наш раён на ўрачыстасці выпала старшыні Астравецкага райвыканкама Ігару Шалудзіну, аператару жывёлагадоўчага комплекса па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы КСУП “Гервяты” Веры Кацяш, жывёлаводу малочна-таварнага комплекса “Германішкі” КСУП “Гудагай” Гелене Дрэма і памочніку загадчыка раслінаводчага ўчастка №1 КСУП “Гудагай” Леанарду Міклісу.


Прэзідэнт Беларусі павіншаваў з прафесіным святам лепшых аграрыяў краіны. У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дабрабыт дзяржавы і яе харчовая бяспека знаходзіцца ў надзейных руках працаўнікоў сельскай гаспадаркі і яны – самыя сціплыя, надзейныя і верныя беларусы.

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды перадавікам сельскагаспадарчай галіны.

Напярэдадні, на абласным свяце аграрыяў, “Медаль за працоўныя заслугі” атрымаў наш зямляк Леанард Мікліс з КСУП “Гудагай”, які прысвяціў сельскай гаспадарцы раёна звыш 45 гадоў.

З першых вуснаў

Леанард Мікліс, КСУП “Гудагай”:

– У сельскай гаспадарцы працую ўсё жыццё. Прафесійны шлях пачынаў галоўным аграномам у калгасе “Чырвоны Кастрычнік”. Вельмі прыемна, што маю работу ацанілі на такім высокім узроўні: сам Прэзідэнт падпісаў адпаведны загад аб узнагароджванні. Сёлета пашчасціла паўдзельнічаць і ў абласным, і ў рэспубліканскім святах, прымеркаваных да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Медаль мне ўручыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік падчас святочнай цырымоніі.

Текст:
Фото: из интернета