Дзе знаходзяцца кулуары і хто пабудаваў Дом урада

13:00 / 15.11.2022
431

Па ініцыятыве і пры садзейнічанні дэпутата, прадстаўніка Астравеччыны ў парламенце Віктара Збігневіча Свілы, дэлегацыя Астравецкага раённага Савета дэпутатаў наведала Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Спадчына Лангбарда

Ці многія, гуляючы па Мінску і любуючыся будынкамі Акадэміі Навук, Тэатра оперы і балета, Дома афіцэраў, ведаюць, што аўтар гэтых помнікаў архітэктуры – ураджэнец Гродзеншчыны Іосіф Лангбард?

У пераліку гэтых знакавых сталічных збудаванняў Іосіфа Рыгоравіча  першае і галоўнае месца займае Дом урада, дзе знаходзіцца Савет Міністраў (левае крыло) і Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (правае), а таксама Прэзідэнцкая бібліятэка, размешчаная на цокальным паверсе.

Пабудаваны ў стылі канструктывізму, без залішняй раскошы, ён, тым не менш, уражвае сваёй велічнасцю. Насамрэч: хочаш дакрануцца да гісторыі – прайдзі па калідорах Дома ўрада. Нават не верыцца, што гэты гмах пабудаваны за чатыры гады – будаўніцтва закончана ў 1934-м – без бульдозераў, экскаватараў, пад’ёмных кранаў. Вялізны катлаван капалі ўручную. У музеі Прэзідэнцкай бібліятэкі нам паказалі лямкі з запечанымі на іх плямамі крыві, з дапамогай якіх мужчыны і жанчыны – так-так, і жанчыны! – падымалі на палячах на паверхі цэглу. Як так у Маякоўскага? «Гвозди бы делать из этих людей…»

Архітэктурная спадчына Лангбарда ў Мінску ўнікальная. І не толькі тым, што ўзведзеныя ім будынкі асаблівыя, непаўторныя – у 1937 годзе архітэктар атрымаў Гран-пры Сусветнай выстаўкі ў Парыжы менавіта за забудову Мінска, за Дом урада яму прысвоілі званне Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР. Неверагодным уяўляецца тое, што ў разбураным у гады вайны Мінску ўцалелі толькі будынкі Ланбарда! У Доме ўрада было закладзена больш за сотню 250-кілаграмовых бомб запаволенага дзеяння, але немцы, уцякаючы, не паспелі іх узарваць. Напаўжартам гавораць, што архітэктар дамовіўся з Богам, бо ацалеў не толькі Дом урада, а ўсе будынкі гэтага генія.

…І пры гэтым у Мінску няма ніводнага помніка Лангбарду і нават вуліцы яго імя. «Пророков нет в Отечестве своём…»



Былых не бывае

Сімвалічна, што ў гістарычным будынку на плошчы Незалежнасці вершыцца гісторыя краіны. І радасна, што яна да таго ж беражліва захоўваецца.

Хоць у будынку Палаты прадстаўнікоў няма спецыяльнага памяшкання, прызначанага для размяшчэння музея беларускага парламентарызму, экспазіцыя яго ёсць: яна размешчана ў фае трэцяга паверха. Тут шмат цікавых экспанатаў, якія сведчаць пра развіццё і станаўленне вышэйшага органа народаўладдзя ў нашай краіне. Прычым гісторыя пададзена без купюр: ад дзейнасці Вярхоўнага Савета БССР – да першых крокаў вышэйшага заканадаўчага органа незалежнай Беларусі і сённяшняга двухпалатнага парламента. Значкі дэпутатаў розных скліканняў і іх пасведчанні, гістарычныя здымкі, апаратура, якой карысталіся ў розныя гады дэпутаты, – думаю, моладзь не заўсёды зразумее, што гэта такое і як гэтым карыстацца, імёны дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія загінулі ў гады вайны, падарункі парламентарыяў розных краін – ёсць што паглядзець, пачытаць і паслухаць.

З асаблівай цікавасцю ўдзельнікі сустрэчы ў парламенце даведаліся, што былых дэпутатаў не бывае: іх адрозніваюць толькі па нумары склікання Савета, у які яны абіраліся. А званне народнага абранніка – гэта назаўжды!

Дзе знаходзяцца кулуары?

Часам у рэпартажах з пасяджэнняў парламента можна пачуць фразу “У кулуарах мы ўзялі інтэрв’ю…” Думаю, не толькі мяне цікавіла: дзе ж знаходзяцца тыя самыя кулуары?

Дэпутаты раённага Савета змаглі не толькі пабачыць парламенцкія кулуары – фае перад уваходам у знакамітую Авальную залу, але і сфаграфавацца на памяць.

Пашчасціла ім пабываць і ў самой Авальнай зале, якую мноства разоў бачылі ў тэлевізары. І нават прымерыцца да дэпутацкага крэсла ці месца за трыбунай – магчыма, некаму землякі аднойчы давераць іх заняць.

Дарэчы, месцы ў дэпутатаў імянныя. А электроннае галасаванне – не проста пульт з кнопачкамі “За” і “Супраць”, а  цэлая інфармацыйная сістэма: кожны дэпутат можа вывесці на экран закон, які ў дадзены момант абмяркоўваецца, і ўсю спадарожную інфармацыю.

– Часам парламентарыяў папракаюць, што прыняцце законаў, нават вельмі важных, праходзіць надзвычай спакойна. Але людзі не бачаць – напэўна, гэта і не трэба – дэбатаў, якія кіпяць у працэсе падрыхтоўкі законапраектаў і ўзгаднення іх з усімі зацікаўленымі. Праект закона, які выносіцца на галасаванне, позна абмяркоўваць: усе, хто хацеў і павінен быў гэта зрабіць, ужо прыдачынілся да працэсу законатворчасці ў руцінным фармаце, – прыадчынілі перад дэпутатамі раённага Савета заслону калегі з вышэйшага законатворчага органа краіны.


Як ствараюцца законы

Ёсць вядомае выказванне, якое прыпісваюць Бісмарку: тым, хто любіць каўбасу і паважае законы, не варта бачыць, як робіцца адно і другое. Падчас экскурсій на Ашмянскі і Слонімскі мясакамбінаты пабачыла, як робіцца каўбаса, – апетыт не прапаў. Не думаю, што пасля наведвання Палаты прадстаўнікоў дэпутаты раённага Савета перастануць паважаць прынятыя парламентарыямі законы.

Дзверы на законтворчую “кухню” прыадчыніў наш прадстаўнік у вышэйшым заканадаўчым органе краіны Віктар Свіла, які да таго ж з’яўляецца намеснікам Пастаяннай кмаіісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.

Віктар Збігневіч гасцінна запрасіў землякоў у свой рабочы кабінет, пачаставаў кавай і гарбатай і падрабязна расказаў пра шлях законапраекта да Авальнай залы і таго моманту, калі ў назве дакумента знікае часцінка “праект” і слова “Закон” стануць пісаць з вялікай літары.

Працэс законатворчасці не толькі складаны, але і цікавы. Чым адрозніваецца Кодэкс ад Закона? Якія этапы праходзіць дакумент перш чым стаць абавязковым для выканання? З кім трэба ўзгадняць праект да таго як выносіць яго на разгляд парламентарыяў? У распрацоўцы якіх законаў прымаў удзел Віктар Збігневіч? Пытанняў было шмат, адказы – падрабязныя і шчырыя.



11 метраў Торы

Самым захапляючым і інфармацыйна насычаным пунктам праграмы стала наведванне Прэзідэнцкай бібліятэкі – дарэчы, яе чытачом можна стаць кожны грамадзянін Беларусі.

Там гасцям расказалі не толькі пра ўнікальны фонд бібліятэкі і накірункі яе работы, але і пра легендарнага архітэктра Лангбарда Артэфакты, якія знайшлі на даху падчас рамонту Дома ўрада – тыя самыя лямкі з крывавымі плямамі, нямецкія часопісы, карта чыгуначных дарог Беларусі (Гудагай на ёй таксама пазначаны), пісьмо савецкай дзяўчыны  салдату на фронт і падобны ліст яе нямецкай візаві свайму каханаму і нават бляшанкі з-пад кансерваў – усё гэта некалі было нікому непатрэбным смеццем, а сёння стала музейнымі экспанатамі.

У аддзеле старадрукаваных і рэдкіх выданняў – дзе, тым не менш, усё можна патрымаць у руках, пагартаць, сфатаграфаваць, пачытаць – прабіла на дрыжыкі. Няўжо вось так, проста, можна разгарнуць Евангелле, якому не адно стагоддзе? Дакрануцца да 11-мятровага скрутка Торы – свяшчэннай кнігі іудзеяў, запісанай каліграфічным почыркам на тонкім пергаменце, вырабленым з цялячай скуры? Пагартаць той самы “Вянок” Максіма Багдановіча, выдадзены ў 1913 годзе ў друкарні Марціна Кухты, які дазволіў паэту, паміраючы ў чужой старане, напісаць: “Я не самотны, я кнігу маю…”? Пабачыць фотаздымкі пачатку стагоддзя; перагарнуць старонкі газеты 1917 года? Патрымаць у руках мініяцюрную кніжачку памерам з пазногаць? Ці варта гаварыць, што астравецкія дэпутаты “завіслі” тут надоўга.

А “вішанькай на торце” стала наведванне аглядавай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі, з якой Мінск адкрываецца з вышыні птушынага палёту, і знаёмства з выставай “Смак жыцця” ў мастацкай галерэі бібліятэкі.


 

 

 

 

 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений