У Варнянскай школе праходзіць цыкл музейных урокаў

12:00 / 15.11.2022
312

Пад такой назвай у Варнянскай сярэдняй школе на працягу Года гістарычнай памяці праходзіць цыкл музейных урокаў.

Навучэнцы з дапамогай кіраўніка школьнага музея “Спадчына продкаў” Людмілай Аляксандраўнай Гродзь з задавальненнем і цікавасцю расказваюць адзін аднаму пра сямейныя рэліквіі, раскрываюць бабуліны сакрэты прыгажосці, абмяркоўваюць мужчынскія і жаночыя заняткі ў мінулым, услаўляюць хлеб і працу хлебаробаў.

Нядаўна ў нас адбыўся музейны ўрок, прысвечаны наступствам палітыкі фашысцкай Германіі на тэрыторыі Беларусі і Астравецкага раёна. Госцем гэтага мерапрыемства стала старшы памочнік пракурора Астравецкага раёна Анастасія Тадэвушаўна Юркойць, якая не проста была слухачом, але і актыўным удзельнікам урока. Яна расказала старшакласнікам пра пошук больш дакладных і поўных звестак аб гісторыі генацыду ў нашым раёне, адказала на пытанні школьнікаў.

Такая сустрэча – добрая нагода для ўсіх нас асэнсаваць цярністы шлях нашага народа да незалежнасці і ўласнай дзяржаўнасці, скласці ў адно цэлае старонкі нашай няпростай гераічнай і трагічнай гісторыі. Свечка памяці, запаленая ў пачатку ўрока, успаміны аднавяскоўцаў, якія засталіся на запісах кінаплёнак і старонках кнігі “Памяць”, прыгаданыя факты і лічбы, якія ўражваюць маштабнасцю і жорсткасцю, страшная знаходка ў вобразе калючага дроту, знойдзенага на месцы былога гета ў Варнянах, хвіліна маўчання – не пакінулі абыякавымі ні аднаго ўдзельніка ўрока.

Мы, вучні 11 класа, апошні год вучымся ў любімай школе. Але дадзеныя нам тут урокі любові да сваёй малой Радзімы, да гістарычнага мінулага захаваем у памяці назаўсёды, пастараемся перадаць іх сваім дзецям, каб помнілі!, бо памяць – гэта тая жыццёвая аснова, на якой трымаецца кожны з нас.




Віяна ЮРКОЙЦЬ, вучаніца 11 класа Варнянскай СШ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений