Больш за 20 прафесій можна атрымаць у Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце

15:05 / 14.11.2022

«Кадры вырашаюць усё» – гэты лозунг «правадыра ўсіх часоў і народаў» не стра­ціў сваёй актуальнасці і цяпер. Вы­со­ка­кваліфікаваныя спецыялісты, пра­фесія­налы сваёй справы, добрасумленныя работнікі заўсёды былі залатым фондам лю­бога прадпрыемства, гаспадаркі, арга­ні­зацыі.

Вось толькі такі жаданы і паважаны раней дыплом аб вышэйшай адукацыі страціў сёння сваю важкасць – ён ёсць практычна ў кожнага, у некаторых – па некалькі. А на прапанову «пакажы, што ты ўмееш рабіць» многія яго ўладальнікі могуць прадэманстраваць толькі недасягальны для лузераў узровень у крутой камп’ютарнай гульні. І ўсё часцей патрабуюцца ўжо не юрысты, эканамісты ці менеджары, а кадры рабочых прафесій: трактарысты, электрагазазваршчыкі, электра­манцёры, прадаўцы.


Толькі атрымаць гэтыя і дзясяткі ін­шых запатрабаваных сёння на рынку працы спецыяльнасцей не так лёгка – стаць юрыс­там, мне здаецца, прасцей. Ко­ліш­нія ПТВ з-за дэмаграфічнай сітуа­цыі і незапатрабаванасці спачатку пера­ква­лі­фі­каваліся ў ліцэі, а затым і ўвогуле ў большасці сваёй па­за­крываліся. Між тым, адпаведныя «корачкі» цяпер патрабуюць не толькі ў трактарыста ці прадаўца, а і ў рабочага па абслугоўванні будынкаў ці газо­накасільшчыка.

Дык дзе ж выйсце?

У нашым раёне яно ёсць: Варнянскі вучэбна-вытворчы кам­бінат.  Гэта калі казаць па-простаму, па звычцы. На самой справе ўстанова, якая ўзнікла 35 гадоў таму і за гэты час змяніла некалькі шыльд, цяпер называецца доўга і віціевата: дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі дарослых «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і пера­падрыхтоўкі рабочых упраў­лення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама» – наўдрад ці хто, акрамя дырэктара, здолее без запінкі паўтарыць гэтую назву. І наш раён – адзін з нямногіх у краіне, дзе не паддаліся модзе на аптымізацыю і не ліквідавалі камбінат. Цяпер у Варняны едуць вучыцца не толькі з суседніх раёнаў – Ашмянскага ды Смаргонскага, але і з аддаленых: Вілейскага, Мядзельскага, Пастаўскага. Хоць палова, калі не больш, астравецкіх механізатараў некалі атрымлівалі правы  ў Камарова.

– Увогуле кам­бінат пачы­наў­­ся з вучэбнага пункта рай­агра­­прам­тэхнікі – там, дарэчы, я і пачынаў сваю працоўную дзейнасць пасля дэмабілізацыі, – гартае перада мной вір­туаль­ныя старонкі гісторыі Аляксандр Багдановіч, сённяшні кіраўнік установы. – Першым дырэктарам быў Уладзімір Іосіфавіч Аўлас. Потым іх шмат змянілася: Іосіф Доўнар, Віктар Чапукойць, Мікалай Кемяжук… Я восьмы. У мяне камбінат, можна лічыць, адзінае месца работы: прыйшоў у студзені 1986 года ў вучэбны пункт майстрам – і застаўся на ўсё жыццё. А ў чэрвені 2017-га мяне прызначылі дырэктарам.


Калектыў штатных супрацоў­нікаў у камбінаце невялікі: акрамя дырэктара, тут працуюць яго намеснік (яна ж – дачка) Алеся Фурс  – цяпер жанчына знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці; намеснік-метадыст Таццяна Вярбовіч, бухгалтар Валянціна Стэх, вадзіцель Віталь Радкевіч, тэхработнік Ганна Плаўская.


Шмат гадоў працуе ў камбінаце бухгалтар Валянціна Стэх

– А хто ж дапамагае асвоіць гэтыя дваццаць прафесій, па якіх вы прапаноўваеце навучанне? – здзіўлена вывучаю спіс: аператар кацельні, трактарыст-машыніст катэгорый «А», «В», «D», «F», электрагаза­зваршчык, электраманцёр, вадзіцель аўта-электрапагрузчыка, шынамантажнік, вальшчык лесу, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, стропальшчык, каменшчык, бетоншчык, арматуршчык, аператар сушыльных установак, прадавец…

– У нас шмат пазаштатных майст­роў, – глушыць на корані мой недавер Аляксандр Іванавіч. – Прычым сапраўдных пра­фе­сія­налаў. Кузьма Іванавіч Мель­нічэнка, энергетык з «Гервят», шмат гадоў вучыць электра­манцёраў – думаю, ніхто не зможа зрабіць гэтага лепш. Часлаў Іосіфавіч Юркойць рыхтуе трактарыстаў, вопытны работнік прылаўка Ніна Міхайлаўна Кавалеўская – пра­даў­цоў, Ігар Сяргеевіч Паш­коўскі – вальшчыкаў лесу. 

– Мы маем магчымасць навучыць любой рабочай спецыяль­насці – пры ўмове, што набярэцца група не менш за 4 чалавекі, – гаворыць дырэктар. – Распрацоўваем вучэбную праграму, заключаем дагавор з гаспадаркай, прадпрыемствам ці арганізацыяй адпаведнага профілю на праходжанне вытворчай практыкі, знаходзім выкладчыка… За час вучобы, які доўжыцца ад месяца да чатырох, у залежнасці ад складанасці прафесіі навучэнец атрымлівае неабходны мінімум тэарэтычных ведаў і патрэбныя для самастойнай работы практычныя навыкі. Астатняе – яго справа, удасканальвацца можна бясконца. Ведаю, што многія, атрымаўшы ў нас пуцёўку ў прафесію, сталі сапраўднымі майстрамі. Тая ж Вераніка Янковіч з «Гервят», якая падчас жніва працуе з мужам на збожжаўборачным камбайне, – пра іх сямейны экіпаж не раз пісала ваша газета, ды  і іншыя СМІ, – правы атрымлівала ў нас.  

Дарэчы, Варнянскі камбінат – адна з нямногіх устаноў адукацыі, куды навучэнцы прымаюцца незалежна ад узросту, як жартуе дырэктар, ад 15 да 65. Пераканалася ў гэтым, завітаўшы на экзамен, які ў той дзень здавалі без пяці хвілін аператары кацельні – маладыя і не вельмі, мужчыны і жанчыны. Экзамен ішоў па ўсіх правілах: камісія, білеты, час на падрыхтоўку… Журналіст крыху парушыў яго распарадак, але спадзяюся, што на адзнакі гэта не паўплывала.

…І тут жа, выйшаўшы на двор, сустрэлі вучняў Варнянскай школы Арсеня Кава­леўскага, Аляксандра Мацкелу і Дані­лу Масойця. Хлопцы ў вольны ад вучобы час прыходзяць на заняткі ў камбінат – хочуць атрымаць прафесію трактарыста.

– Гэта пры тым, што навучанне не бяс­платнае і не вельмі таннае – 900 рублёў, – гаворыць Аляксандр Іванавіч.

Тым не менш, сур’ёзныя юнакі і іх муд­рыя бацькі вырашылі, што, як бы ні склалася дарослае жыццё дзяцей, рабочая спецыяльнасць не пашкодзіць. Менеджараў і юрыстаў сёння хоць гаць гаці, а добрага трактарыста яшчэ пашукаць трэба.

Дарэчы, пра грошы. Рабочых для сістэмы аграпрамысловага комплексу камбінат рыхтуе бясплатна, дакладней, іх навучанне, перанавучанне, павышэнне кваліфікацыі аплачваецца з бюджэту. За іншых плацяць ці арганізацыі, якія зацікаўлены ў падрыхтоўцы патрэбнага спецыяліста, ці самі навучэнцы, якія хочуць атрымаць запатрабаваную на рынку працы прафесію. Навучанне і перанавучанне бепрацоўных аплачвае цэнтр занятасці.

Турбуе дырэктара, што матэрыяльная база пакідае жадаць лепшага: да прыкладу, трактар МТЗ – аднагодак камбіната, сёлета ў яго таксама юбілей.

– Зразумела, у гаспадарках цяпер працуюць не на такой тэхніцы, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Але немагчыма купіць усе машыны і абсталяванне, рабоце на якім мы навучаем людзей. Ды і не трэба гэтага рабіць. Выйсце ёсць: арандуем тыя ж энерганасычаныя трактары, пагрузчыкі і іншую тэхніку ў гаспадарках раёна. 

Словам, жывуць і працуюць у Варнянскім камбінаце ў адпаведнасці з вядомай прыказкай: хто хоча нешта зрабіць – шукае магчымасці, хто не хоча – знаходзіць прычыну.

І, думаецца, сёлетні паўкруглы юбілей у жыцці вучэбна-вытворчага камбіната – не апошні. Ва ўсякім выпадку, дзейнасць яго запатрабавана сёння – і гэта надоўга.


«У адпаведнасці з пастановай ЦК Кампартыі Беларусі і Савета Міністраў БССР ад 10 чэрвеня 1987 года №208 «Аб мерах па далейшым павышэнні якасці прафесійнага навучання кадраў прадпрыемстваў і арганізацый аграпрамысловага комплексу і з мэтай павышэння ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі кадраў і паляпшэння якасці іх практычнай адукацыі» савет РАПА вырашыў:

1. Арганізаваць з 12 снежня 1987 года на міжгаспадарчай аснове вучэбны камбінат раённага аграпрамысловага аб’яднання, ліквідаваўшы вучэбны пункт райаграпрамтэхнікі.

2. Ускласці на вучэбны камбінат РАПА падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кадраў масавых прафесій, а таксама правядзенне мэтавай каротка­тэрміновай вучобы кіруючых работнікаў і спецыялістаў калгасаў, саўгасаў і іншых прадпрыемстваў РАПА.

(…) 

5. Для размяшчэння вучэбнага камбіната выкарыстаць базу міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната ў в. Варняны».

З рашэння №47 савета раённага аграпрамысловага комплексу ад 12 снежня 1987 года.  


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик