Малады спецыяліст Паліна Макей – пра сябе і работу аграномам

11:00 / 13.11.2022
435

«Усмешлівая, прыгожая, адкрытая, – падумалася мне пры сустрэчы з маладым спецыялістам – аграномам КСУП «Гервяты» Палінай Макей. – Ёй бы па подыуме хадзіць, а не па кукурузным полі». Праўда, у маёй суразмоўцы зусім іншае меркаванне: агранамію дзяўчына лічыць справай жыцця. 
Працягваем знаёміць чытачоў з маладымі спецыялістамі, якія робяць на Астравеччыне першыя крокі ў прафесію.
На пальцах рукі магу пералічыць знаёмых, якія ў старэйшых класах дакладна ведалі, кім хочуць стаць, – і, больш таго, ажыццявілі сваю задуму. Уяўленне пра тую ці іншую спецыяльнасць у многіх юнакоў і дзяўчат адарванае ад рэчаіснасці, ідэалістычнае. 
– З класа дзясятага вырашыла, што стану аграномам. Люблю расліны. У мяне была цэлая калекцыя ўнікальных кактусаў. А яшчэ спецыяльнасці сельскагаспадарчага накірунку лічыліся прэстыжнымі, – расказвае пра прафесійнае вызначэнне Паліна. – Хоць блізкія, па шчырасці, былі супраць. У бацькоў медыцынская адукацыя, да таго ж тата – аграном. Мы жывём у прыватным сектары Гродна, і ён займаецца садаводствам: вырошчвае саджанцы. 
Праўда, ад мары стаць аграномам Паліна не адмовілася – і без цяжкасцей паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт на жаданы факультэт. Тут пазнаёмілася з астравецкім хлопцам – на старэйшых курсах маладыя людзі пабраліся шлюбам. 
– Нас размеркавалі ў КСУП «Гервяты». Я была ў захапленні ад утульнага прыгожага аграгарадка, асабліва ад велічнага касцёла Святой Тройцы і дэндрапарка ля яго. Гуляць ля храма ў засені дрэў можна бясконца, – працягвае дзяўчына. – Мікіту прызначылі загадчыкам раслінаводчага ўчастка №1, мяне – памочнікам. 
Баявы хрост у прафесію маладыя людзі прайшлі з першых дзён работы: жніво – напружаны і адказны час для ўсіх працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. 
– Праўда, у мой першы працоўны дзень дажджыла – камбайны ў поле не выйшлі, – з умешкай Паліна працягвае свой аповед. – А так з 7 гадзін раніцы да 23 вечара амаль месяц адпрацавала на ўборцы збожжавых. Я сачыла, каб не было страт ураджаю; заказвала абеды і падвячоркі; вяла ўлік працоўнага часу механізатараў і вадзіцеляў; падпісвала пуцявыя лісты. 
Запытала ў дзяўчыны, якая культура ёй набольш даспадобы. 
– Найбольш высокапрадуктыўным сярод сельскагаспадарчых раслін лічыцца рапс – ён і падабаецца. Яго вырошчванне, канешне, патрабуе ўкладанняў – але ўсе затраты акупаюцца, – лічыць памочнік загадчыка ўчастка. 
…Маладой сямейнай пары кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла ў Гервятах кватэру ў двухпавярховым доме. Па словах Паліны, там трэба зрабіць рамонт, купіць мэблю і ўсё давесці да толку. 
Цікаўлюся ў агранома, як гэта: быць разам з мужам і на рабоце, і дома?
– Звычайна мы на розных палях: Мікіта  кантралюе адны работы, я – іншыя, таму сустракаемся толькі вечарам. Наперадзе нас чакаюць два гады адпрацоўкі, нічога загадваць не хочацца. У бліжэйшых планах – абставіць кватэру і з’ездзіць у падарожжа. Запомніліся паездкі ў Піцер і Карэлію, – Паліна крыху прыпынілася і прадоўжыла: – Ведаеце, мне падабаецца работа ў полі, тэхніка і напружанасць. Тут усё як на далоні. Гэта нават не рамантыка – а шанс самарэалізавацца. І агранамія, як ні адна іншая галіна, дае такую магчымасць: прыгорнутыя з восені ў глебу зярняты закаласяцца нівай, якая, хочацца верыць, летам аддзячыць аграному за клопат добрым ураджаем. 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений