Папярэднія вынікі раённай жывёлагадоўлі падвяла Вольга Умрыхіна

09:00 / 11.11.2022

Раённая жывёлагадоўля паціху ўваходзіць у стадыю зімоўкі. Аб сфармі­раванасці кармавой базы, гатоўнасці малочна-таварных комплексаў і ферм да зімы і надоях карэспандэнт пагутарыў з першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольгай Умрыхінай. 


Хоць папярэднія вынікі падсумоўваць рана – тым не менш, як гэты год склаўся для раённай жывёлагадоўлі?

– Не ўсё ішло гладка – сама па сабе спе­цыфіка жывёлагадоўлі складаная. Але мы справіліся з усімі выклікамі і на пачатак жніўня выйшлі з «плюсам» па надоях і прывагах. 

У сярэднім па раёне ад каровы надаілі 5 322 кілаграмаў малака, што на 218 больш за мінулы год. З «плюсам» да 2021-га спрацавалі дзве гаспадаркі: РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» 5 303 кілаграмаў (+296) і КСУП «Варняны» 2 736 (+382). Варта зазначыць, што самы высокі надой ад каровы ў КСУП «Гудагай» – 7 079. Сярэднемесячны надой складае 509 кілаграмаў (105% да ўзроўню 2021-га). З пачатку года валавы надой па раёне дасягнуў 52 841 тон малака, што на 893 тоны больш. 

Значна палепшала якасць малака: сёлета на 20% больш у па­раў­нанні з мінулым годам зда­ём перапрацоўшчыкам – «Смар­гон­скім малочным прадуктам» і «Ашмянскаму сыраробчаму заводу» – малака гатункам экстра. Пад­расла ва ўсіх сельскагаспа­дарчых прад­прыемствах і яго тавар­насць: з мінулагодніх 87,6 да 90,3%. 

У цэлым па вытворчасці малака ў разрэзе гаспадарак найгорш выглядае КСУП «Міхалішкі». На мой погляд, галоўная прычына ў кармавой базе. Нездарма кажуць, што малако ў каровы на языку.


– Самы час перайсці ад кароў да кармоў. Ці атрымалася ў аграрыяў раёна сфарміраваць на зімоўку патрэбную кармавую базу?

– Напачатку скажу, што мы змаглі змяніць тэндэнцыю, калі некаторыя гаспадаркі жылі ледзь не з сярэдзіны зімы на прывазных кармах. Цягам апошніх двух сезонаў КСУПы пад патрэбу нарыхтоўваюць травяністыя кармы. Сёлета іх назапашана прыблізна на ўзроўні мінулага года: крыху больш за 119 тысяч тон сенажу, звыш 152 тысяч тон сіласу і 2 796 сена. Праўда, у некаторых гаспадарках хваляванні выклікае сілас, асабліва той, які закладвалі першым. Ён утрымлівае толькі 12-13% крухмалу пры норме не ніжэй за 25%. 

Адна з умоў захаванасці цялят – іх кармленне сенам. З назапашваннем гэтага віду корму справіліся дзве гаспадар­кі: КСУП «Гуда­гай» (110% да плана) і «Гервяты» (103%).

На пачатак лістапада на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапашана 32,43 цэнтнера кармавых адзінак (+1,61). З лепшага боку хачу адзначыць КСУП «Варняны», дзе гэты паказчык дасягае 41.

– Як адбыўся пераход з летне-пашавага на зімне-стойлавае ўтрыманне жывёлы?

– Цяжка. У гэты пераходны перыяд, калі мяняецца структура рацыёна рагуль, звычайна моцна падае іх прадуктыўнасць. Гэты год – не выключэнне. На комплексах, дзе прадугледжана аднатыповае круглагадовае кармленне, сезоннасць значна не ўплывае на надоі. Праўда, у нас няма такога МТК, дзе ні ўводзілі б зялёную масу. Адставанне па надоях да ўзроўню мінулага года мы скарацілі, больш таго: на пачатак верасня нарасцілі малочную «валоўку». 


– Амаль год назад два малочна-таварныя комплексы «адышлі» ад КСУП «Варняны». Ці змяніліся яны за гэты час?

– Сапраўды, дзякуючы ўзважанаму і рацыя­нальнаму рашэнню кіраўніцтва нашага раёна – старшыні райвыканкама Ігару Шалудзіну і яго першаму намесніку Івану Карнілу – у снежні мінулага года два «варнянскія» комплексы перададзены ў арэнду іншым гаспадаркам: МТК «Кярняны» адышлі пад КСУП «Гудагай», а МТК «Газа» – пад КСУП «Гервяты». Станоўчы вынік не прымусіў сябе чакаць, хоць давялося зменшыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы КСУП «Варняны». Здавалася, прайшло зусім мала часу, каб нечым хваліцца, але змены відавочныя. 

На днях была ў «Газе» і парадавалася: адрамантаваны жывёлагадоўчыя памяш­канні; у некаторых групах, дзе кармы раздавалі ўручную, сумесь развозіць кормараздатчык; працуе сістэма гноевыдалення. Без малога 100% малака, якое рэалізуем, трапляе на перапрацоўчыя прад­прыемствы гатункам экстра. Станоўчы вынік у такія кароткія тэрміны стаў магчымым, дзякуючы замене тэхніч­на састарэлага малочнага абсталявання на новую лінію «Вестфалія». 

На малочна-таварным комплексе «Кяр­­няны» заліты выгульныя пляцоўкі, уста­ноўлена новая сістэма гноевыдалення. Больш таго, зараз праходзіць экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва даільна-малочнага блока і двух жывёлагадоўчых памяшканняў. 

– Зіма не за гарамі – аб гэтым сведчаць першыя кастрычніцкія прымаразкі. Ці падрыхтаваліся на комплексах і фермах да паніжэння тэмпературы?

– Так, ва ўсіх гаспадарках – праўда, у рознай ступені. І тут варта не скідваць з рахункаў эканамічныя магчымасці кожнага асобнага сельгаспрадпрыемства. 

Асноўная падрыхтоўка да зімоўкі заклю­­чалася ў рамонце жывёлагадоўчых аб’ектаў. Парадавала, што ў КСУП «Варняны» на адна­йменнай малочна-таварнай фер­ме капі­тальна адрамантавалі цёлачнік. Адзначу і саў­гас «Падольскі», дзе на МТК «Падольцы» зроб­лена гное­сховішча, забетаніраваны выгулы для жывёлы, пляцоўка для інды­ві­дуальных дамкоў і іншае. 

– Што вас радуе, хвалюе, засмучае і турбуе ў развіцці раённай жывёла­гадоўлі?

– Радуе, што пасля дэкрэтнага адпачынку вярнуліся два ветэрынарныя ўрачы: Анастасія Палачанская – у КСУП «Варняны», Таццяна Мешкель – у КСУП «Міхалішкі». 

Хвалююць пытанні аб павелічэнні пагалоўя – гэта праблема актуальная не толькі для нашага раёна, але і вобласці. Да мінулага года – «мінус» 122 галавы. Зазначу, што змяншэнне адбылося ў КСУП «Варняны» і «Міхалішкі». У першай гаспадарцы – з-за здачы ў арэнду комплексаў і жывёлы. Іншыя КСУПы больш дэтальна падышлі да пытання і вырашылі нерэнтабельных нізкапрадуктыўных рагуль здаць на мясакамбінат, замяніўшы іх на малочных. У раёне распрацаваны план па павелічэнні пагалоўя кароў і на 1 студзеня 2023 года мы плануем выйсці на 10 053 галавы (+214). 

…І надоі, і прывагі, і тое, як жывёла перанясе зімоўку, – усё залежыць ад чалавека. Нашы жывёлаводы самааддана, цяжка працуюць, часам не ведаючы, што такое выхадны ці свята, і дзякуй ім вялікі за гэта.

– Дзякуй, Вольга Віктараўна, за змястоўную гутарку!

ФАКТ

Па прадуктыўнасці дойнага статку Астравецкі раён займае 32-ю пазіцыю са 104-х. Па гэтым паказчыку ашмянцы размясціліся на 60-м месцы, смаргонцы – на 14-м.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич