Чаму хворыя на анкалогію не хочуць гаварыць пра сваю хваробу

14:01 / 06.11.2022

Закончыўся кастрычнік – самы прыгожы і рамантычны месяц восені, а некаторыя лічаць, што і ўсяго года. Найчасцей яго называюць залатым – па колеры асенняга лісця, што ўсцілае дол і сваім шолахам нашэптвае нам мары, таямніцы, прызнанні…

  А яшчэ кастрычнік называюць ружовым. Дзіўна, праўда? Першае пытанне, якое ўзнікае ў недасведчаных: чаму? Хто прыдумаў такую дзіўную назву для асенняга месяца?
Тыя, хто ў тэме, не здзіўляюцца, бо ведаюць, што кастрычнік з’яўляецца міжнародным месячнікам па папярэджанні захворвання ракам малочнай залозы, а сімвал яго – ружовая стужка. Парадокс, але дасведчаныя – гэта ўжо пераважна тыя, каму папярэджваць хваробу позна, бо трэба лячыцца, змагацца, трываць, рэабілітавацца, са страхам чакаць кожнага новага абследвання. А некалі ж яны пры словах «ружовы кастрычнік» таксама акруглялі вочы: чаму ружовы, а не залаты?

І ўсё ж пры тым, што рак малочнай залозы з’яўляецца самым распаўсюджаным анкалагічным захворваннем сярод жанчын, што ён  з усё большым апетытам бязлітасна збірае страшную даніну, што сярод блізкіх і знаёмых практычна кожнага ёсць тыя, хто перахварэў, хварэе ці памёр ад гэтага захворвання, што ўрачы не стамляюцца гаварыць пра неабходнасць прафілактычнага абследавання, дасведчаных, па маіх назіраннях, не становіцца больш. Па-ранейшаму ад слоў «У вас рак» жанчыны і іх родныя ўпадаюць у ступар і пачынаюць развітвацца з жыццём.
Ні ў якім разе! Не спяшайцеся – «в гости к Богу не бывает опозданий». Выяўлены на ранняй стадыі, рак малочнай залозы лечыцца, прычым больш паспяхова за іншыя віды раку. Пацвярджэнне таму – гісторыі дзясяткаў жанчын, апублікаваныя ў праектах «Ніколі не здавайся» і «Онколог и я»
Пра гэта ж гаварыла падчас круглага стала, прысвечанага тэме «ружовага кастрычніка», старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі рэканструкцыйна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Наталля Казлоўская – дарэчы, мой доктар, з якім давялося выпадкова сустрэцца «па адзін бок прылаўка» – за тым круглым сталом, куды я таксама была запрошана ў якасці спікера.
– Наш боль – гэта познія звароты. А яшчэ – страх. Трэба ўрэшце перамагчы стэрэатып аб тым, што рак – гэта смяротная хвароба, – сказала Наталля Аляксандраўна. – У арсенале беларускіх анколагаў ёсць шмат новых прэпаратаў, якія з’явіліся за апошнія пяць гадоў. Мы можам прапанаваць лячэнне на сусветным узроўні. У нас няма дэфіцыту лекаў, прафесіяналізм нашых спецыялістаў не выклікае сумненняў. Варыянтаў шмат, кожнай пацыентцы можна падабраць практычна індывідуалізаванае лячэнне. Але ўрачы – не богі. Вельмі балюча, калі да нас звяртаюцца жанчыны, якім дапамагчы ўжо немагчыма, – такіх выпадкаў прыкладна 19% ад агульнай колькасці. Нягледзячы на ўсе нашы старанні, у грамадстве да гэтага часу пануе анкалагічная неадукаванасць.
Напэўна, дапамагчы ўрачам змагацца з гэтай смяротна небяспечнай неадукаванасцю маглі б тыя, хто ўжо перахварэў і знаходзіцца ў стане рэмісіі – год, тры ці дзесяцігоддзі. О, мы шмат ведаем – тыя, хто прайшоў праз страх, боль, надзею. Але… Чамусьці пагаварыць пра сваю хваробу жанчыны дазваляюць сабе толькі з такімі, як самі, «ракушкамі». Чаму ж старанна абыходзяць гэтую тэму ў стасунках з іншымі? Баяцца? Саромеюцца? 
Я спытала пра гэта ў сваіх каляжанак. Адказы былі рознымі. 
«А навошта? Не хачу, каб ведалі пра маю хваробу, распытвалі – большасць жа робяць гэта са звычайнай цікаўнасці, каб потым расказаць навіну іншым. Гэта мая асабістая праблема!»
«Цяпер у мяне рэмісія, і я проста баюся гаварыць аб гэтым – каб не сурочыць. Шчасце любіць цішыню…»
«Для многіх людзей слова «рак» з’яўляецца сінонімам слова «смерць». Не хачу, каб на мяне глядзелі як на жывога нябожчыка».
Як кажуць, колькі людзей – столькі і меркаванняў. І кожны мае права на асабістае. Але… Магчыма, для некага такая размова магла б стаць лёсавызначальнай – як некалі для мяне прачытаная ў бальнічнай палаце кніга Дар’і Данцовай «Я вельмі хачу жыць». І калі я ў свой час вырашала для сябе, гаварыць пра сваю хваробу ўголас ці маўчаць, даверыўшыся толькі самым блізкім, успамінала свой стан у першыя дні, калі пачула дыягназ, – бездапаможнасць, страх, адчай. 
Урачы, вядома, робяць тое, што ім належыць у такіх выпадках. Але ў іх няма часу нават адказаць на нашы шматлікія пытанні. Не кажучы ўжо пра тое, што перш, чым спытаць, трэба ведаць, пра што. І ўжо тым больш у іх няма фізічнай магчымасці сядзець каля ложка хворага, трымаючы яго за руку, і пераконваць, што ўсё будзе добра. А без гэтага – без упэўненасці, што перамагчы рак магчыма, што, калі гэта зрабілі тысячы людзей, то змагу і я, – справіцца з хваробай вельмі цяжка. Нават калі лекі самыя сучасныя і эфектыўныя, а ўрач самы лепшы. 
Прызнаюся: я адчуваю асабістую віну за тое, што магла некаму дапамагчы на першым, самым цяжкім этапе барацьбы з хваробай, калі нічога не ведаеш і ўсё страшна – і па нейкай прычыне, якая часцей за ўсё ад мяне не залежала, не зрабіла гэтага. Таму прапаную не новы, але вельмі дзейсны сродак узаемадапамогі: «возьмемся за руки, друзья, чтоб не пропасть поодиночке». У многіх гарадах ужо ёсць суполкі хворых на рак. Людзі дапамагаюць адно аднаму, чым могуць: інфармацыяй, псіхалагічнай падтрымкай, урэшце, проста разуменнем, што ты не адзін такі і з гэтым жывуць. Чаму б не стварыць падобную ў Астраўцы? 
Калі ёсць жадаючыя далучыцца, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 73-3-64 ці пішыце мне ў сацыяль­ных сетках. 

Што павінна насцярожыць?

▪ З’яўленне любога зацвярдзення каля саска або ў іншай частцы малочнай залозы.
▪ Змена контураў малочнай залозы (павелічэнне або памяншэнне).
▪ Уцягнутасць саска.
▪ Павелічэнне лімфатычных вузлоў пад пахай.
▪ Выдзяленні з малочнай залозы.
▪ Любое пачырваненне або змяненне колеру малочнай залозы.
▪ З’яўленне незвычайнага прышчыка, язвачкі каля саска або арэолы.
Калі з’явіўся хоць бы адзін з вышэйпералічаных сімптомаў, трэба неадкладна звярнуцца да ўрача. Гэтыя сімптомы не азначаюць, што ў вас рак, але калі спецыяліст западозрыць нешта сур’ёзнае, вас накіруюць на дадатковае абследаванне: ультрагукавое даследаванне, мамаграфію і іншыя, якія дапамогуць паставіць дакладны дыягназ.

Як выявіць праблему?
  • Кожны раз абмацвайце малочныя залозы. Гэта павінна ўвайсці ў звычку – як чысціць зубы.
  • Калі выявілі нешта незвычайнае –  адразу звярніцеся да ўрача.
  • Калі былі выпадкі раку малочнай залозы ў сям’і, не карыстайцеся супрацьзачаткавымі або любымі іншымі гарманальнымі таблеткамі, крэмамі і іншымі касметычнымі сродкамі на аснове фітаэстрагенаў.
  • Не загарайце на сонцы або ў салярыі топлес.
  • Пазбягайце траўмаў грудзей. Калі стукнуліся і ўтварылася гематома, звярніцеся да ўрача на кансультацыю.

Міф 1: Калі ні ў каго з сям’і не было раку малочнай залозы, то і мне гэта не пагражае. 
Заўсёды ёсць рызыка стаць першым у сям’і, у каго знойдуць гэтае захворванне. Нават пры спрыяльным сямейным анамнезе неабходна рэгулярна сачыць за станам малочных залоз.

Міф 2: Рак малочнай залозы не ўзнікае ў жанчын, якія кормяць дзіця грудзямі. 
Кармленне грудзямі зніжае верагоднасць узнікнення раку малочнай залозы, але не выключае яго.

Міф 3: Рак малочнай залозы бывае толькі ў жанчын старэй за 40 гадоў.
У апошні час рак малочнай залозы ўсё часцей сустракаецца ў маладых жанчын. З узростам рызыка ўзнікнення гэтага захворвання толькі ўзмацняецца.

Міф 4: Рак малочнай залозы бывае толькі ў жанчын.
У мужчын таксама сустракаецца гэтае анкалагічнае захворванне, але нашмат радзей.
Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета