Корм з “рукава”, ці Як плюшчаць кукурузу ў КСУП “Гервяты”

10:30 / 04.11.2022

Трэці год запар у КСУП “Гервяты” нарыхтоўваюць кукурузу не зусім традыцыйным спосабам. Акрамя таго, што масу закладваюць у ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў, яшчэ і плюшчаць зерне. Адзначу, што КСУП “Гервяты” – адзіная гаспадарка Астравеччыны, дзе выкарыстоўваецца такі эфектыўны і дастаткова эканомны корманарыхтоўчы метад.

Карэспандэнт “раёнкі” пабываў у КСУП “Гервяты” і даведаўся пра нюансы закладкі плюшчанай кукурузы ў поліэтыленавыя рукавы ў гэтым сезоне.


Адзначу, што першымі ў раёне “гервятцы” і “гудагайцы” завяршылі нарыхтоўку сіласу з кукурузы. Да канца гэтага тыдня на 100% павінны выйсці і іншыя гаспадаркі.

У КСУП “Гервяты” кукуруза скошана на плошчы 1 370 гектараў, закладзена амаль 49 тысяч тон масы. У гаспадарцы працягваюць убіраць каралеву палёў на зерне. На гэтыя мэты адвялі 150 гектараў.

Не першы сезон за работай плюшчылкі фінскай вытворчасці “Мурска” пільна сочыць і кантралюе падачу кансерванта Алег Юркойць. У дзень майго прыезду кукурузу ў рукавы закладвалі на тэрыторыі комплексу па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы – і гэта была трэцяя па ліку “каўбаска”.

– Прынцып назапашвання плюшчанага кукурузнага зерня, па вялікім рахунку, такі ж, як і пры сіласаванні траў: кармавая маса нарыхтоўваецца вільготнай з абавязковым унясеннем кансерванта і захоўваннем у герметычных умовах, –– расказаў механізатар. – Сёлета плюшчэнне стрымлівалі дажджы. Першы рукаў, напрыклад, закладвалі кукурузным зернем вільготасцю 45%, цяпер – каля 35%.


Адна з неаспрэчных пераваг такога метаду ў тым, што зерне можна сіласаваць прама з поля – яго не трэба трамбаваць, як сіласную масу, а памер “рукава” можна вар’іраваць.

– Чым спялейшае зерне, тым яно больш важкае. У адзін рукаў у сярэднім змяшчаецца ад 100 да 180 кубаметраў высокаякаснага ўшчыльненага кукурузнага зерня, – з веданнем справы зазначыў Алег Юркойць.


Жоўтыя зярняты пагрузчыкам у плюшчылку загружаў Леанід Ліпніцкі.

– У сельскай гаспадарцы працую каля 40 гадоў, з якіх 34 – у “Гервятах”, – сцісла сваю працоўную біяграфію расказаў мужчына. – Сёння не дажджыць, таму, думаю, за дзень управімся цалкам закласці трэці “рукаў”.


Пры добрым надвор’і ў сярэднім за дзень у КСУП “Гервяты” плюшчылі і “пакавалі” ў поліэтылен каля 110-120 тон кукурузы.

Даўжыня рукава складае каля 60 метраў, у дыяметры – ад метра да двух. Сіласуецца кукуруза каля трох тыдняў.

– У гэтым годзе спыніліся на гібрыдзе французскай селекцыі першага пакалення “корынд”. Спачатку планавалі абмалаціць кукурузу на зерне на 300 гектарах, але першыя вераснёўскія прымаразкі ўнеслі карэктывы. Пакінулі толькі 150 гектараў, – патлумачыў галоўны аграном КСУП “Гервяты” Аляксандр Кавалька. – Нават цяпер кукуруза дастаткова вільготная – 38-40%. У мінулыя гады на канец кастрычніка было 36% і ніжэй.

Па словах галоўнага тэхнолага гервяцкіх палёў, дапушчальная пры плюшчэнні вільготнасць – 38%. Сёлета ў КСУП “Гервяты” плануюць закласці ў рукавы каля 400-500 тон плюшчанага зерня.

– Назапасілі каля 700 тон зерня кукурузы. Рэфакцыя, ці ўсушка, у сярэднім па гаспадарцы складае 40% – гэта вельмі шмат. Адну шахту – 70 тон – сушым амаль суткі, – расказаў пра праблемныя моманты Аляксандр Кавалька.


Непадалёк ад вёскі Гродзі кукурузу на зерне ўбіраў адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі – Іосіф Масевіч. Аксакал камбайнерскай справы штогод абмалочвае не толькі збожжа, але і кукурузу.

– Для гэтай культуры патрэбна спецыяльная жатка, якая адначасова захоплівае 8 радоў. Яе даўжыня складае 5,6 метра, – расказаў механізатар. – На гэтым участку каралева палёў урадлівая: на круг “набіваю” пад 90 цэнтнераў.


У КСУП “Гервяты” жнуць кукурузу два камбайны: “Лексіён” і “Джон-Дзір”. З поля на комплекс кукурузнае зерне возяць некалькі адзінак тэхнікі. Не першы год гэтым у гаспадарцы займаюцца браты Валерый і Андрэй Кірпы.

– Колькасць рэйсаў залежыць ад аддаленасці поля. Летась, напрыклад, кукурузныя рукавы закладвалі побач з малочна-таварнымі комплексамі ў Рымдзюнах і Дайлідках, а сёлета толькі на жывёлагадоўчым комплексе, – расказаў Валерый Кірпа.


Спецыялісты жывёлагадоўчай галіны сцвярджаюць, што сплюшчанае і закансерваванае ў стадыі васкавой спеласці зерне кукурузы мае высокую пажыўнасць – яго з здавальненнем есць буйная рагатая жывёла. Кармленне плюшчанкай не толькі павышае прадуктыўнасць кароў, але і дазваляе эканоміць сродкі на набыцці дарагіх кармавых дадаткаў. Дарэчы, такі від корму “гервятцы” плануюць уключыць у меню высокапрадуктыўных рагуль.


У тэму

Каб у зімне-стойлавы перыяд пракарміць каля 10 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, “гервятцам” трэба нарыхтаваць звыш 24 тысяч тон кармавых адзінак (+2 тысячы да 2021-га). На адну ўмоўную галаву назапашана звыш 30 цэнтнераў кармавых адзінак (на ўзроўні мінулага года). У ёмістасцях для захоўвання травяністых кармоў свайго часу чакаюць амаль 37 тысяч тон сенажу (94%) і звыш 43 тысяч тон сіласу (94%). Акрамя гэтага, нарыхтавана 775 тон сена (103%).



Текст:
Фото: Алёна Ганулич