Рэпарцёр высвятляў, да якога калена астраўчане ведаюць свой род

12:00 / 01.11.2022

У гэтыя восеньскія дні мы ў думках і малітвах узгадваем сваіх продкаў. У жыхароў Астравеччыны карэспандэнт газеты пацікавіўся, да якога калена яны ведаюць свой род і каго ўспамінаюць на Задушкі. 

Эдвард Патэйка, пенсіянер, Ігнацова:
– У гэтай вёсачцы я нарадзіўся, гадаваўся – тут і старасці дачакаўся. Мой бацька Станіслаў родам адсюль. Маці Гэлена з суседняга хутара Санаклі – цяпер там засталася адна напаўразваленая хата і вялізны клён – маўклівы сведка жыцця нашых прашчураў.
Шмат радні ляжыць на могілках у Быстрыцы, а вось бабуля – ажно ў літоўскіх Буйвіжаях. Пахавалі там, бо калі яна памерла, быстрыцкі касцёл царскія ўлады перарабілі ў царкву.

Тэрэса Мальдзіс, пенсіянерка, Рукшаны:
– Свой род ведаю да трэцяга калена. На жаль, прапрадзеда не памятаю – мне было толькі 3 гадкі, як ён памёр. А прабабулю Вікторыю ўзгадваю часта. Яна жыла ў Дравяніках і трымала невялікую пасеку. Часта частавала мяне духмяным мядком. Дарэчы, менавіта бабця навучыла мяне малітвам. 
У задушныя дні абавязкова хаджу ў касцёл, дзе ў гэты перыяд ёсць добрая традыцыя выпамінак: калі святар вычытвае пададзеныя людзьмі прозвішчы іх блізкіх і родных. Таксама наведваю могілкі: запальваю свечку, малюся. Кажуць, што гэта памерлым дапамагае на тым свеце. 

Алена Змітровіч, метадыст, Астравец:
– Якраз на Задушны дзень будзе роўна месяц, як з намі няма таты. У бацькоў нас трое. Абавязкова збяромся сем’ямі на імшу, памолімся за яго і з’ездзім на могілкі. 
Свой радавод ведаю да другога-трэцяга калена. Дзядуля Іван рана загінуў, яго не памятаю. А з бабуляй Юзяй наша сям’я жыла разам у Альгінянах. Яна была вельмі добрай, пяшчотнай, спагадлівай. Другі дзядуля Мечыслаў Зянонавіч Веська быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, яны дружна жылі з бабуляй Ядвігай. 
Лічу, пра свой род трэба ведаць, цікавіцца і расказваць пра продкаў сваім дзецям. Калі мы помнім пра іх – значыць, і нас нехта будзе ўзгадваць.

Міраслава Міхайлоўская, пенсіянерка, Астравец:
– У гэтыя дні ўспамінаю ўсіх памерлых з нашага роду: прадзедаў, бацькоў, братоў, сястру… Абавязкова еду ў касцёл у Градаўшчызну, адправіць імшу сюды прыязджаюць гудагайскія айцы-кармеліты. Малюся за спачылых сваякоў на працягу ўсёй актавы ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, якая доўжыцца з 1 па 8 лістапада. Ведаю сваіх бабулю і дзядулю: Антон і Марыя Лісоўскія жылі ў вёсцы Казакі, што за Палушамі, – гэта па матчынай лініі. Па бацькавай – Рынковічы, праўда, цяпер не ўспомню іх імёнаў. Цяжка жылі яны, але былі дружнымі, як і мае бацькі, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў калгасе імя Мічурына.

Вольга Уждалевіч, пакаёўка, Астравец:
– Лічыцца, што радавод трэба ведаць да сёмага калена – на жаль, гэта не пра мяне. Свой род ведаю да другога калена. Па матчынай лініі продкі паходзяць з Мікшан, па бацькавай – з Дайлідак. Напярэдадні Усіх святых і Задушнага дня абавязкова падаём запіску з імёнамі і прозвішчамі памерлых. На могілках наводзім парадак за тыдзень, а то і два: прыбіраем апалае лісце, ставім новыя букеты, а ўжо свечкі запальваем на Задушны дзень. Лічу, не важна, якія кветкі ці лампадкі ты паставіў на магілцы, галоўнае – успомніць чалавека, які ў ёй спачывае.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич