Помнік на магіле невядомага салдата з’явіўся на рымдзюнскіх могілках

11:00 / 01.11.2022


«Імя тваё невядома, подзвіг твой бессмяротны» – гэтыя словы і пяціканцовая зорка на чорным помніку без фотаздымка, прозвішча і гадоў жыцця прыцягваюць увагу тых, хто напярэдадні каталіцкага дня Усіх святых і праваслаўных восеньскіх Дзядоў завітвае на рым­дзюнскія могілкі. Хто бывае тут рэгулярна, адзначаюць, што з’явіліся яны на месцы ранейшай сціплай пірамідкі. 

…Хоць па меншай меры адна дата магла б быць на гэтым помніку: 1944 год. Тады, падчас вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у тутэйшых лясах з’явілася трое савецкіх дыверсантаў, якім належала ўзарваць мост праз Вілію. Заданне байцы выканаць не змаглі: здраднікі выдалі парашутыстаў немцам, завязаўся няроўны бой, у якім загінула двое чыр­вонаармейцаў, – лёс трэцяга невядомы.

Доўгі час пра гэты бой памяталі толькі мясцовыя жыхары. А ў 2007 годзе па іх падказцы у лес каля вёскі Старая Рудня прыехалі байцы спецыяльнага пошукавага батальёна. Мясцовы жыхар Мар’ян Рыпінскі паказаў адзінокую лясную магілу – маці яго доўгія гады даглядала гэтае пахаванне. Следапыты знайшлі тут астанкі аднаго з воінаў. У лістападзе таго ж года іх перапахавалі на рымдзюнскіх могілках з захаваннем хрысціянскіх традыцый і воінскімі ўшанаваннямі. Затым на магіле невядомага салдата ўстанавілі сціплы помнік.

Сёлета з раённага бюджэту выдзелілі грошы на больш грунтоўнае добра­ўпа­рад­каван­не пахавання. І Гер­вяцкі сельвыканкам на чале са старшынёй Русланам Сачко паклапаціўся, каб у Год гіста­рычнай памяці магіла невядомага героя абнавілася.

…Мы не ведаем ні імя воіна, астанкі якога ляжаць у рымдзюнскай зямлі, ні адкуль ён быў родам. Але загінуў ён на Астравеччыне дзеля таго, каб у свеце панавалі мір і спакой. І ўшанаваць памяць безыменнага героя – святы абавязак нашчадкаў, які яны годна выканалі.


Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета