Кожны дзень на могілкі, як на работу, ідзе Ганна Бароўская

10:00 / 01.11.2022

Напрыканцы кастрычніка калі не ўсе, то вельмі многія дарогі вядуць на могілкі: людзі ідуць-едуць-спяшаюцца зблізку і здалёк, каб прыбраць да Усіх святых і восеньскіх Дзядоў родныя магілы, паставіць свежыя кветкі, запаліць свечкі.
Вось і дэпутат парламента Віктар Свіла і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, правёўшы ў Гервяцкім сельвыканкаме сустрэчу з насельніцтвам, праехалі па некаторых вясковых могілках, у гэтыя дні там людзей сустрэнеш больш, чым у краме.
На рымдзюнскіх могілках да дэпутатаў падышла мясцовая жыхарка Галіна Штура і між іншым правяла своеасаблівы экскурс у гісторыю роднага краю:
– Вось гэта помнік мужу і жонцы Дарафеям. Леанід Міхайлавіч шмат гадоў працаваў старшынёй нашага калгаса «Рассвет», а Людміла Паўлаўна была нязменным рымдзюнскім фельчарам, многія вяскоўцы жыццём ёй абавязаны. Тут ляжыць былы старшыня Гервяцкага сельскага Савета Апанасевіч. А гэта наш слынны музыкант Вацлаў Аўгуль…
Між тым да незнаёмых людзей падышла яшчэ адна жанчына з граблямі і вялікай посцілкай, якой яна выносіла апалае лісце.
– Вы ж, мусіць, людзі з раёна, так?– звярнулася яна з пытаннем да прадстаўнікоў улады. – Ці можна папрасіць, каб ад могілак смецце часцей вывозілі? Асабліва ў гэтыя дні, калі ўсе прыбіраюць… А то толькі вынесеш – ветрам тут жа ўсё разнясе.
– Гэта Ганна Іванаўна Бароўская, – прадставіла аднавяскоўку Галіна Зянонаўна. – Яна штодня на могілках, усе запар магілкі прыбірае.
– Ну, не ўсе, – сумелася жанчына. – Да каго, ведаю, прыйдуць ці прыедуць, тыя не чапаю. Але ж да некага ўжо няма каму ехаць, у кагосьці дзеці далёка… Нядобра, калі на свята ў адных будзе чысціня і парадак, а ў іншых – смецце і быльнёг. Людзі ж не чужыя – аднавяскоўцы. Тут аднакласнік ляжыць, там – суседка, а далей проста харошая жанчына… Вёска старэе, закінутых магіл усё больш – вось і хаджу сюды перад святам штодня амаль месяц, як на работу…
Фатаграфавацца Ганна Іванаўна адмовілася наадрэз.
– Я гэта не для славы раблю, не для піяру, а для сваёй душы, – патлумачыла проста.
 І пайшла далей займацца справай…
Ведаю: такіх, як Ганна Іванаўна, што перад святам прыбіраюць могілкі «ад плота і да плота», нямала. Яшчэ больш тых, хто апякуецца некалькімі магілкамі не толькі блізкіх, але і невядома ў якім калене родзічаў ці знаёмых. Ці абрывае траву і запальвае лампадку на невядомай закінутай магілцы з пахіленым крыжыкам і даўно сцёртым надпісам: хай Бог і гэтае пахаванне ўбачыць…
І ўсё ж вельмі часта побач з шыкоўным манументальным помнікам можна ўбачыць зарослую бур’янам у чалавечы рост магілку. Так, часцей за ўсё вінаватыя ў гэтым родныя пахаваных тут людзей – але далёка не заўсёды. Можа, родных і не было ніколі ці яны хварэюць альбо жывуць далёка…
…Зрэшты, навошта шукаць вінаватых і некага асуджаць, браць лішні грэх на душу? Калі ёсць Той, Хто бачыць, дык некалі кожнаму «воздастся не по словам, но по делам».  
Таму, у апаведнасці са словамі класіка, лепш не змагацца за чысціню – могілак, вуліцы, сваёй душы – а браць венік і падмятаць.
Так, як робіць Ганна Іванаўна Бароўская з Рымдзюн і дзясяткі іншых людзей…

Текст: Нина Рыбик
Фото: из интернета