Арцём Макарэвіч падзяліўся ўражаннямі ад курсаў маладзёжнага прафактыву

16:10 / 24.10.2022

Адукацыйны маладзёжны цэнтр Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сабраў звыш 50-ці прадстаўнікоў прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу; хімічнай, горнай і нафтавай прамысловасці; дзяржаўных і іншых устаноў.

Гродзеншчыну на маладзёжным форуме прадстаўляла 5 чалавек, якая працуюць у сельскай гаспадарцы, у тым ліку загадчык механічных майстэрняў РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Арцём Макарэвіч.



Наш зямляк падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў вучэбных курсах з сімвалічнай назвай “Беларусь – краіна гістарычнай памяці”:

– Курсы былі насычаныя на цікавыя сустрэчы і падзеі. Так, мы наведалі музей Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дзе даведаліся пра асноўныя этапы станаўлення і развіцця прафсаюзнага руху ў нашай краіне. Спадабаліся інтэрактыўныя заняткі, падчас якіх мы не толькі пазнаёміліся адзін з адным, але і абаранялі праекты па тэматыцы гістарычнай памяці. Дарэчы, у нашай групе я быў капітанам.

Упершыню адзін з дзён зрабілі цалкам выязным: групы па галіновым прынцыпе наведвалі міністэрствы. Маладыя спецыялісты нашага аграпрамысловага блоку сустрэліся з першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргеем Федчанкам і старшынёй рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілём Хвацікам. Спадабалася, што спікеры стасаваліся з намі на роўных: уважліва выслухоўвалі і адказвалі на нашы пытанні. Дарэчы, у кожнага ўдзельніка была такая магчымасць. Я агучыў два аспекты, якія мяне найбольш хвалююць: замацаванне на месцах маладых спецыялістаў-аграрыяў і абнаўленне і папаўненне парка сельскагаспадарчай тэхнікі ў найменш эканамічна паспяховых гаспадарках. Замміністра адзначыў, што сельская гаспадарка развіваецца і маладыя кадры іграюць у гэтым далёка не апошнюю ролю. Па словах Сяргея Федчанкі, у некаторых сельскагаспадарчых прадпрыемствах Віцебшчыны маладым заатэхнікам і ветэрынарам, якія заключылі кантракт на 5 гадоў, дадаткова да зарплаты будуць даплачваць каля тысячы рублёў на працягу першых трох гадоў. Абмяркоўвалі і перспектывы развіцця аграпрамысловага комплексу, харчовую бяспеку краіны і іншыя пытанні. Пасля сустрэчы нас чакалі экскурсіі на два буйныя перапрацоўчыя сталічныя прадпрыемствы: Мінскі малочны завод №1 і кандытарскую фабрыку “Слодыч”.

Удзячны старшыні Астравецкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрыю Адулу за прапанову паўдзельнічаць у маладзёжным прафсаюзным злёце і дырэктару нашага саўгаса Дзянісу Кірпу, што адпусціў з работы.

Фота з архіва героя.

 

Текст: