Загадчык МТК “Рытань” Алена Юхна: пра сябе, працу, комплекс і калектыў

11:00 / 22.10.2022
У добрым сэнсе мяне не перастаюць здзіўляць людзі, якія абранай прафесіі аддалі не адзін дзясятак гадоў – і не перагарэлі.
Не раз «перасякалася» з начальнікам малочна-таварнага комплексу «Рытань» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Аленай Юхна, якая раённай жывёлагадоўлі прысвяціла каля 40 гадоў. Жвавая, хуткая, усмешлівая – нават і не скажаш, што жанчына і на заслужаным адпачынку дзясяты год не развітваецца з комплексам і любімай справай.  
Падчас абедзеннай дойкі зазірнула ў Рытань, каб не толькі даведацца пра малочныя справы гэтага МТК, надоі і яго гатоўнасць да зімне-стойлавага перыяду, але і бліжэй пазнаёміцца з энергічнай гаспадыняй МТК «Рытань» Аленай  Юхна і пазнаёміць з ёй нашых чытачоў. 



Начальнік малочна-таварнага комплексу «Рытань» Алена Юхна

Тры “К”, ці Ідэальная формула надояў 

Пра кароў
 – Кажуць, што так званае вялікае малако залежыць ад трох «К»: кароў, кармоў, кадраў. Гэтыя складнікі раўназначныя, нават цяжка сказаць, які кампанент больш важны. 
На комплексе ўтрымліваецца каля 1 500 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 800 – дойны статак, каля 150 галоў – нецелі. У сярэднім ад каровы атрымліваем 17,1 кілаграма малака – надой не рэкордны, але да аналагічнага ўроўню мінулага года плюсуем на 1,7 кілаграма. Не мяжа, канешне, ёсць яшчэ да чаго імкнуцца. Высопрадуктыўныя рагулі ўвогуле даюць звыш 40 кілаграмаў. 
На комплексе практыкуем закрыты цыкл аднаўлення статка: усе малочныя каровы сваёй гадоўлі. Дойныя каровы падзелены на 7 тэхналагічных груп у залежнасці ад прадуктыўнасці. Першая група – першацёлкі, другая – навацельныя. Пасля 100 дзён лактацыі ў залежнасці ад фізіялагічных асаблівасцей жывёла пераводзіцца ў трэцюю і чацвёртую групы. Восьмая, напрыклад, – перадзапускная. 
Зразумела, што без праблем, асабліва ў жывёлагадоўлі, як і ў любой галіне, не бывае. У «Рытані», як і на большасці астатніх малочна-таварных комплексаў,  прадугледжана круглагадовае стойлавае ўтрыманне жывёлы. У ім ёсць свае плюсы і мінусы – адзін з якіх, на мой погляд, гэта праблемы ў жывёлы з канечнасцямі.   

Пра кармы
– Цешыць, што ў апошнія гады няма праблем з кармамі. Той час, калі жылі на прывазных сенажы і сіласе, нават і ўзгадваць не хачу. 
Рацыён у кароў мяняецца ў залежнасці ад аб’ёмаў і наяўнасці розных відаў травяністых кармоў. Цяпер, напрыклад, няма «зялёнкі» – меню рагулям скарэктавалі і перайшлі на зімні від кармлення. Рацыёны састаўляе галоўны заатэхнік Галіна Шчамялёва. 
Апошнія тры-чатыры зімоўкі травяністых кармоў хапала пад патрэбу. Толькі нядаўна закончыўся сілас 2021 года. На днях адкрылі другую ёмістасць з гэтым кормам. На тэрыторыі комплексу ёсць 6 сянажна-сіласных траншэй, якія будавалі разам з комплексам. 
Пра калектыў
– Калектыў – каля 30 чалавек – старанны. Радуе, што людзі адказна ставяцца да справы. Працуе шмат сямейных падрадаў: Сівакі, Мажуты, Трыбоцкія, Бараноўскія…
 На комплексе 2 даільныя залы: лінія «Вестфалія» на 32 галавы і «Паралель» – на 12. Працуюць чатыры асноўныя аператары машыннага даення і адзін падменны: Святлана Баран, Наталля Сівак, Тарэса Наневіч, Марына Мажута, Марта Бабіч. На комп­лексе практыкуем 3 дойкі: раніцай – з 5.00, у абед – з 13.00, вечарам – з 17.30. Даяркі працуюць у парах па зменах: дояць раніцай і вечарам, а на наступны дзень – у абед. Так і чаргуюцца.  Хворых кароў асобна доіць Аксана Трыбоцкая, шматдзетная маці, якая нядаўна перайшла да нас з падольскага комплексу. 
Біркаваннем жывёлы займаецца селекцыянер Валянціна Малаховіч.  Ветэрынарныя ўрачы адказваюць за свой фронт работ: Алена Бараноўская – за гінекалогію і вакцынацыю, Павел Яўсюкевіч – за лячэнне мастытаў. 
Пра бычкоў і цялушак клапоцяцца 4 цялятніцы, пра кароў – 4 дзённыя і 3 начныя жывёлаводы. За стан малакапровада адказваюць 3 чалавекі. Некалькі падсобных рабочых шчыруюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі, адкрываюць і закрываюць тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў.

Жывёлавод Казімір Максімовіч на комплексе «Рытань» працуе другі год, у жывёлагадоўлі – усё свядомае жыццё. Мужчына даглядае 4 групы кароў – каля 360 галоў. Падсунуць кармы, падмесці праходы, запусціць скрэпер – гэта і многае іншае выконвае штодзень. Хоць для работнікаў саўгаса арганізаваны падвоз, у цёплае надвор’е на комплекс з Кямелішак Казімір прыязджае на веласіпедзе


Партрэт аператара машыннага даення Наталлі Сівак у 2015 годзе быў занесены на раённую Дошку гонару. Даярка лічыць, што, нягледзячы на прафесію, жыццёвыя абставіны, у любой сітуацыі  трэба быць аптымістам


Пра падрыхтоўку да зімоўкі
– Кароўнікі, дзе стаіць сухастой, і цялятнікі пабялілі, іншыя памяшканні грунтоўна мылі. Пастаянна сочым за станам ёмістасцей для захоўвання травяністых кармоў. 
У нас дзве кацельні – на дровах. Пакуль паліва не марнуем – на дварэ цёпла. Калі  слупок тэрмометра знізіцца, тады і ў нас пачнецца ацяпляльны сезон. 
Нядаўна ў некаторых кароўніках устанавілі спецыяльныя вентылятары. Летам і зімой яны будуць паляпшаць мікраклімат у жывёлагадоўчых памяшканнях.
У зімне-стойлавы перыяд не мерзнем – ні мы, ні жывёла. Вельмі холадна было толькі зімой 2008-га, калі адкрыўся комплекс. 

На работу – з ахвотай!
Пра сябе
– У жывёлагадоўлі я з 1 студзеня 1976 года, праўда, з перапынкамі на дэкрэтныя адпачынкі.
Пачынала памочнікам загадчыка ўчастка Веніяміна Трафімчыка. Потым працавала ў Некрашунах, у Рытані на старой ферме, цяпер – на компексе. У якасці загадчыка – тры дзясяткі гадоў, думаю, набяжыць. У апошні час была памочнікам у Валянціны Мацюшонак – добрая яна, спагадлівая, але калі захварэла маці, была вымушана звольніцца, каб яе даглядаць. Так я ізноў стала загадчыкам. Са Станіславаўнай, дарэчы, падтрымліваем стасункі: тэлефануем адна адной, паштоўкі дасылаем у «Вайберы»…
Часы, калі я пачынала працаваць, і цяпер параўнаць складана. Нашы папярэднікі нават не ўяўлялі, што будзем даіць па 800 галоў, а патрабаванні да малака будуць такімі жорсткімі. Я заспела і даільныя шкляныя трубы і сучасныя лініі. 
Раней жывёлаводы самі гной вычышчалі, цяпер – механізаваныя скрэперы… 
Я мясцовая, з Рытані. З маці часта бывала на ферме. Калі падрасла, дапамагала даіць. Як і большасць дзяцей, да вясковай  працы звыклая з маленства. На заатэхніка вывучылася завочна – у Ваўкавыскім сельгастэхнікуме. Замуж выйшла – аселі ў Рытані. Муж усё жыццё адпрацаваў у саўгасе вадзіцелем, цяпер на заслужаным адпачынку. Восенню ходзіць у грыбы, сам іх і парадкуе: абірае, сушыць. (Усміхаецца.) Я ўвесь час на рабоце.
Праўда, крыху пасядзела дома. А потым вырашыла: чаго сядзець, пакуль магу – буду працаваць. Тым больш дачушкі даўно выпырхнулі з хаты і стварылі свае сем’і. 
У мяне хоць і малады, але талковы памочнік Віталь Юшко. Дарэчы, вучыўся  ён, як і я, у Ваўкавыску. Хутка закончыцца яго двухгадовая адпрацоўка ў нашым саўгасе, але, спадзяюся, Віталь застанецца ў Рытані. У сельскай гаспадарцы вельмі патрэбны маладыя і талковыя спецыялісты, асабліва цяпер. 
Пра планы
– Пальцаў на руках не хопіць, каб пералічыць, колькі старшынь змянілася за гады маёй працы. Пачынала пры Рышкевічу, цяпер у нас дырэктар Кірпа. Шмат чаго залежыць ад кіраўніка, але і шмат чаго – ад калектыву. На нашым комплексе ўсе мясцовыя, не адзін год разам працуем, ведаем, хто чым дыхае. Кожны разумее, што ад яго работы залежыць агульны вынік – а значыць, і зарплата, скардзіцца на якую не выпадае. 
Зразумела, што бясконца плюсаваць па надоях немагчыма – а хочацца. (Усміхаецца.) Летась былі з гэтым праблемы, у бягучым годзе значна лепшыя паказчыкі. 
…Калектыў пастаянны, каровы сваёй гадоўлі, кармоў хапае – так што ўсе перадспасылкі для «вялікага малака» ў нас ёсць.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич