Жыццёвыя гісторыя: як ліса аддзячыла за выратаванне
14:00 / 12.10.2022
Гаспадыня хутара – аматарка ціхага палявання. Аднойчы позняй восенню вырашыла яна пайсці пашукаць зялёнак ці радовак. Грыбоў было няшмат, але хадзіць па празрыстым восеньскім лесе – асалода: стары знаёмы, дзе яна ведала кожнае дрэўца, у залатым убранні выглядаў па-новаму, прыгожа і чароўна.
Задуменна блукала жанчына па сваіх сцежках, там-сям падбіраючы познія грыбы, – і раптам, узняўшы галаву, убачыла рыжага звярка, які не зводзіў з яе вачэй. Прыгледзеўшыся, кабета зразумела, што гэта ліса. Яна, на дзіва, не ўцякала, а наадварот – умольна глядзела ў вочы.
Калі жанчына падышла бліжэй, то ўбачыла, што ў звярка на шыі зацягваецца пятля – паставіў, мусіць, нейкі браканьер. Кабета спынілася. Хацелася дапамагчы жывёліне. Ды страшнавата: раптам укусіць? Але, убачыўшы вочы рыжай прыгажуні, якія без слоў малілі аб выратаванні, вырашыла, што ліска ёй шкоды не зробіць.
Жывёліна не тузалася, не спрабавала вырвацца з палону, нібы разумела, што ад гэтага пятля зацягнецца. Яна, сцішыўшыся, чакала выратавання.
Хутаранка звярнулася да лісы: «Лісічка-сястрычка, не бойся, я цябе вызвалю. Але ж і ты маіх курачак больш не чапай. Дамовіліся?» З тымі словамі зняла яна з шыі звярка пятлю. Ліса, адчуўшы волю, адбегла на некалькі крокаў, затым спынілася і паглядзела на сваю выратавальніцу. Потым яшчэ адбегла – і зноў спынілася, азіраючыся, нібы хацела запомніць тую, што падарыла ёй жыццё. «Ідзі, ідзі ў сваю хатку, будзь асцярожнай і памятай пра нашу дамову!» – махнула рукой жанчына – і рыжая красуня знікла ў лясным гушчары.
А праз некалькі дзён гаспадыня зноў убачыла непадалёк дома лісу: «Ах ты, рыжая зараза, няўжо зноў за куранятамі?» Але ліса стаяла нерухома. Дазволіла сябе сфатаграфаваць і, не спяшаючыся, паважна пайшла да лесу, замятаючы след доўгім пушыстым хвастом. Кабета так і не зразумела: прыходзіла рыжая за курамі, ды, пазнаўшы сваю выратавальніцу, не стала чапаць яе дабро ці хацела яшчэ раз ёй падзякаваць.
З таго часу ў маёй знаёмай не прапала ніводная курачка! Ліса аказалася ўдзячнай. Вось табе і неразумная жывёліна!
А я, паслухаўшы гэтую гісторыю, падумала: хай бы ж і людзі так! А то, здараецца, выбавіш каторага з «пятлі», а ён тут жа пастараецца яе на цябе накінуць.
Ой, як многаму яшчэ трэба чалавеку вучыцца ў жывёл: вернасці, удзячнасці, сумленнасці…