Якім было надвор’е 5-11 кастрычніка

09:27 / 04.10.2022
176
Надышоў кастрычнік, і міжволі ўзгадваецца пушкінскае: панылая пара, вачэй зачараванне… Сапраўды, усяго хапае ў гэтыя восеньскія дні: і паныласці ад набрынялых дажджом хмар, якія раз-пораз праліваюцца халоднымі ўжо слязамі; і зачаравання, калі дрэвы, нібы выхваляючыся адно перад другім, апранаюцца ў жоўтыя, чырвоныя, рудыя сукенкі і выпраўляюцца на прыгожы і крышку сумны асенні баль…

Якое надвор’е чакае нас у першы тыдзень кастрычніка, мы неўзабаве даведаемся. А якім было яно мінулыя 30 гадоў, расказваюць дзённікі назіранняў за з’явамі прыроды, якія ў свой час карпатліва вялі Стэфан Рамэйка і Станіслаў Памецька. 

Досыць цёпла, +10-15°С, хоць і дажджліва, было ў гэты перыяд у 1990, 1996, 1999, 2003, 2007, 2010, 2011, 2012, 2013, 2014 гадах.

У 1991, 1993, 2005, 2006, 2018 гадах было яшчэ цяплей – да +18-20°С.

11 кастрычніка 2011 года Станіслаў Памецька зафіксаваў даволі рэдкую ў гэты час з’яву: гром і бліскавіцы. 

А ў 1998 годзе ў першы тыдзень кастрычніка ўстойліва трымаліся начныя замаразкі, 7-га слупок тэрмометра апускаўся да –5°С, а днём падымаўся толькі да +5°С. Халодным выдаўся пачатак кастрычніка і ў 2002 годзе.

У 2004 годзе другі месяц восені пачаўся з цяплом: днём тэмпература даходзіла да +18°С. Але ўжо 11-га ноччу пайшоў снег. Праўду казалі старыя людзі: восень едзе на рабым кані – то сонца, то дождж, то снег, то мароз… 

Народныя прыкметы

Калі на Сергія (8 кастрычніка) пойдзе першы снег, то зіма стане на Міхайлаў дзень (21 лістапада).
Калі 10 кастрычніка стаіць добрае, цёп­лае надвор’е, то такім яно будзе яшчэ тры тыдні.

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.



Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений