Чым займаюцца на пенсіі былыя кіраўнікі арганізацый Астравеччыны

11:39 / 01.10.2022
Не так даўно кожны іх дзень быў распісаны літаральна па хвілінах, тэлефон не змаўкаў ні днём, ні ноччу, ні ў святы, ні ў выхадныя. Яны неслі на сваіх плячах вялікі груз адказнасці за паспяховую работу падначаленых калектываў і за кожнага супрацоўніка.

Але прыйшоў час – і яны сталі ў шэрагі шматлікай арміі людзей, якія заслужылі права на бестэрміновы адпачынак. Як адбыўся пераход ад бясконцай «гонкі па вертыкалі» да «што хачу – тое і раблю!»? Чым яны займаюцца цяпер і ці хапае часу на той самы шмат­разова заслужаны імі адпачынак? Ці засталіся сувязі з родным калектывам? Ці хапае на жыццё пенсійнага забеспячэння? 

Пра гэта мы распыталі ў некаторых былых кіраўнікоў  устаноў і арганізацый, якія дзесяцігоддзямі ўзначальвалі калектывы. 

Надзея Андрэеўна Субач, 31 год працавала дырэктарам Варнянскай сярэдняй школы:

– Варнянская школа – гэта ўсё маё жыццё. Дырэктарам я працавала 31 год, 11 з іх – ужо ў статусе пенсіянеркі.

Ці шчымела сэрца, калі пакідала? Вядома ж… Як, напэўна, і ва ўсіх, хто душой зросся з калектывам. Але разумела, што некалі ж трэба ісці на заслужаны адпачынак.

На першым часе прачыналася з думкай: трэба ж збірацца на работу! А потым разумела, што нікуды ўжо спяшацца не варта…

Адаптацыя да пенсіянерскага жыцця прайшла, можна сказаць, бязбольна. Работу я пакінула ў апошні дзень мая, было шмат клопатаў у кветніку, агародзе, ды і летнія канікулы ў школе пачаліся, так што сумаваць не было калі. Дачка падтрымлівала, старалася выцягнуць са звыклага асяродку, запрашала ў госці, я часта ездзіла ў сталіцу на нейкія імпрэзы.

Даўно ўжо ўвайшла ў пенсіянерскую каляіну. Сад, агарод, кветкі – у сваім доме заўсёды ёсць чым заняцца. Шмат чытаю. Часам дзеці бяруць білеты на канцэрт ці на спектакль, запрашаюць у музей ці на нейкую цікавую выставу – тады з задавальненнем еду ў Мінск.

Хоць, прызнаюся, калі працавала, то паспявала больш. А цяпер каторы раз дазваляю сабе паленавацца, пакінуць на заўтра тое, што хацела зрабіць сёння. Я ж на пенсіі, спяшацца няма куды!

Варнянская школа для мяне па-ранейшаму родная. Цікаўлюся справамі калектыву, радуюся за іх, перажываю, ганаруся, калі чытаю ў «Астравецкай праўдзе» пра перамогі нашых настаўнікаў ці вучняў. Калі сустракаю каго з былых калег, абавязкова распытаю пра справы, навіны. Алена Іванаўна Юркойць, сённяшні дырэктар школы, часта тэлефануе. Так што я ў курсе ўсіх школьных спраў. Прыемна, што калектыў, хоць і змяніўся прыкметна за апошнія гады, мяне не забывае: запрашаюць на святы, віншуюць… Хоць разумею, што ў іх і без таго процьма клопатаў: сама ж была такая.
Што тычыцца матэрыяльнага боку пенсіянерскага жыцця, то я на ім не зацыкліваюся. Грошай ніколі не хапае, пытанне толькі – на што менавіта. Я чалавек непераборлівы, што ёсць – тым і задавальняюся.

Віктар Іванавіч Ярмак, 18 гадоў працаваў старшынёй калгаса імя Калініна, 16 – старшынёй Астравецкага сельскага Савета:

– На так званы заслужаны адпачынак я пайшоў у 2013 годзе, калі Астравецкі сельскі Савет расфарміравалі. 

Але адпачынку як такога не атрымалася: мяне адразу ж запрасіў на работу дырэктар аўтапарка Аляксандр Васільевіч Жук – і яшчэ амаль 5 гадоў працаваў у гэтай арганізацыі механікам, а больш займаўся будаўніцтвам і гаспадарчымі справамі. Потым працаваў вартаўніком у СШ №1, у іншых месцах падпрацоўваў.



Гады два назад выйшла пастанова, якая да­зваляе прыбытковым гаспадаркам даплачваць пэўныя сумы ў залежнасці ад стажу работы былым кіраўнікам, якія ўзначальвалі гаспадарку не менш дзесяці гадоў, – пры ўмове, што тыя нідзе не працуюць. Тады я канчаткова развітаўся з работай.

Дзвюх пенсій – маёй і жончынай, ды яшчэ з улікам калгаснай даплаты, нам на жыццё хапае.

І работы каля дома дастаткова. Жонка хварэе, таму агародам займаюся ў асноўным я сам. Люблю гэтую справу: садзіць, палоць, збіраць ураджай. Усё ж па адукацыі я аграном, і гэта не адпускае. А для адпачынку – дзеці, унукі, лазня, стасункі з сябрамі і суседзямі, грамадская дзейнасць у раённым савеце ветэранаў… Сумаваць няма калі.

Справамі колішняга калектыву і сельскай гаспадаркі ўвогуле, вядома ж, цікаўлюся. Калгаса імя Калініна, якія стаў для мяне родным, ужо няма, ён далучаны да КСУП «Гервяты», але там яшчэ працуюць былыя калегі, якіх я ў свой час прымаў на работу: Уладзімір Грэгуш, да прыкладу, зусім нядаўна пайшоў на пенсію Міхаіл Клусевіч – яны і расказваюць пра жыццё-быццё.

Ды і сам, калі еду на Смаргонь, абавязкова праязджаю праз Дайлідкі – я тут кожную сядзібу ведаю. І людзі не асабліва памяняліся. Калі мяне, 30-гадовага, некалі зацвярджалі старшынёй калгаса, тагачасны першы сакратар абкама партыі Дзмітрый Арцыменя даў слушную параду. «Ты, – сказаў, – за год ці за два, як атрымаецца, але абавязкова пабывай у кожнай хаце, пагутары з людзьмі. І ўсё запісвай: думкі, пажаданні, просьбы. Не толькі пра ўраджай трэба думаць, а і пра тых, хто жыве на зямлі». Я так і зрабіў – і доўга потым захоўваў той агульны сшытак, своеасаблівы перапіс жыхароў сваёй гаспадаркі. Што ні кажы, а калгас тады шмат рабіў для вяскоўцаў – і людзі гэта бачылі і цанілі.

Ці помняць пра мяне ва ўзбуйненым калгасе? Ну, ім складана, там ужо амаль не засталося людзей, якія са мной працавалі. Дзякуй эканамісту Марыне Івашка. Маладая, мяне не ведала, але ж нехта падказаў пра маё старшынёўства – і яна ініцыявала даплату да маёй пенсіі. Што ні кажы, добрае падспор’е – нашмат больш каштоўнае, чым паштоўка да свята.

Часлава Эдвардаўна Кандратовіч, 30 гадоў працавала начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне:

– За 30 гадоў работы ў сацыяльнай сферы я неаднойчы бачыла, як выпраўляюць на пенсію заслужаных працаўнікоў – і маральна была гатовая, што некалі гэта адбудзецца і са мной. І ўсё ж, калі па праўдзе, то работу, якой аддала большую частку жыцця, і калектыў, які фарміравала і з якім зраднілася, пакідала з цяжкім сэрцам – нібы кавалак душы, і немалы, адрывала. Супакойвала сябе тым, што цяпер будзе больш часу займацца хатнімі клопатамі, унукамі, урэшце, на тое, каб проста адпачыць. Так і атрымалася.

Пераходнага перыяду, можна сказаць, не было: на заслужаны адпачынак я пайшла ў маі, калі самая работа ў агародзе. Зрэшты, у сваім доме работа заўсёды знойдзецца – кожны дзень падымаюся рана, кладуся позна – і ўсё роўна не паспяваю. 

А галоўны мой пенсіянерскі занятак – унукі. Усё лета яны ў нас, а восенню ці зімой мы ў горад да іх часта едзем.

Калі вольная хвіліна ўсё ж выпадае, то люб­лю праехаць на веласіпедзе, пагуляць па лесе. Шкада, што сёлета грыбоў не было, бо вельмі люблю ціхае паляванне. Зрэшты, і без яго лес – гэта аддушына: паназіраць за дрэвамі, за той жа мурашачкай ці павучком – сапраўдная асалода!

А вечарам увайшло ў прывычку пагартаць стужку навін у камп’ютары, «Астравецкую праўду» пачытаць – трэба ж быць у курсе па­дзей. У нядзелю абавязковая справа – схадзіць у касцёл, памаліцца за здароўе – сваё, дзяцей, унукаў, усіх родных і блізкіх, за мір ва ўсім свеце.

Так што на адпачынак у сэнсе паляжаць на канапе і паглядзець серыял часу не застаецца: тэлевізар уключаю толькі тады, як што-небудзь раблю на кухні.

Люблю падарожжы. Дзякуючы дзецям, мы з мужам пабывалі ў многіх краінах. Яны падарылі нам адпачынак у Егіпце, Турцыі, на Кіпры, на Канарскіх астравах. Некалі мы ім дапамагалі, цяпер – яны нам. З задавальненнем павандравала б з нашым пенсіянерскім актывам па Беларусі, але мяне запрасілі толькі аднойчы, калі савет ветэранаў арганізоўваў паездку на «Лінію Сталіна».

У калектыве засталося толькі двое работнікаў, з якімі мы разам працавалі, астатнія не ведаюць мяне, я – іх. Таму яны мной не цікавяцца, я імі, па праўдзе кажучы, таксама. Віншаванні да святаў толькі прыватныя, ад былых супрацоўнікаў. З абласнога камітэта, з міністэрства, здараецца, патэлефануюць, з нашага ўпраўлення – не. Праўда, сёлета Тэрытарыяльны цэнтр прапанаваў бульбу… Ну і джэм па гуманітарнай дапамозе атрымалі – і на тым дзякуй. 

Грошай нам хапае, прынамсі, на харчаванне – у гэтым сябе не абмяжоўваем. Можам сэканоміць на адзенні, але не на здароўі, стараемся, каб на стале былі і мяса, і рыба, і іншыя неабходныя прадукты. Дапамагае агарод. Лета – час нарыхтовак, усё, што вырасла, трэба перапрацаваць – зімой як зной­дзеш. Я лічу, што якая б пенсія ні была, пражыць на яе можна. Было б здароўе.
 

Текст: Нина Рыбик