Астраўчан заахвочвалі прагуляцца пехатой

15:00 / 23.09.2022

У Дзень без аўтамабіля, які адзначаецца 22 верасня, супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы прапанавалі астраўчанам і гасцям горада прагуляцца пехатой падчас аднайменнай акцыі, якая прайшла ў скверы.

Далёка не ва ўсіх работа звязана з рухам і, правёўшы амаль цэлы дзень за камп’ютарам, пасля мы спяшаемся дадому, часцей за ўсё аддаючы перавагу аўтамабілю, чым прагулцы на свежым паветры. Гэта зручна, камфортна, хутка, але наўрад ці гэта падабаецца нашаму арганізму. І праз некаторы час ён пачынае скардзіцца, нагадваючы пра сябе болем у спіне, нагах ці іншых частках цела.

– Мы нездарма вырашылі правесці акцыю менавіта ў Дзень без аўтамабіля, бо такім чынам пастараліся прыцягнуць увагу да прапаганды актыўнага ладу жыцця, – адзначыў памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ Вячаслаў Саковіч. – Недахоп руху – адна з прычын многіх захворванняў. Таму чым раней мы пачнём клапаціцца пра здароўе, тым будзе лепш.

Падчас акцыі таксама можна было змерыць артэрыяльны ціск – і тых, у каго ён быў не ў норме, кансультаваў спецыяліст: куды звяртацца і што рабіць, калі раптоўна стане дрэнна. Тут жа праходзіў майстар-клас па скандынаўскай хадзьбе. Разам з інструктарам жадаючыя маглі асвоіць гэты від фізічнай актыўнасці.

– Падчас скандынаўскай хадзьбы ўсе суставы і ногі разгружаюцца, а большасць мышцаў, наадварот, пачынаюць працаваць, – патлумачыла ўрач па лячэбнай фізкультуры Жанна Волк-Леановіч. – Ад гэтага запускаецца добры крывацёк, што важна для прытоку кіслароду і пажыўных рэчываў да клетак і актывізацыі ўсіх функцый арганізма. Скандынаўская хадзьба вельмі карысная. Галоўнае – хадзіць правільна.

Дарэчы, навучыцца гэтаму могуць усе жадаючыя – звяртайцеся ў аддзяленне рэабілітацыі ЦРКБ (каб. 225).





Текст:
Фото: Марина Мацкевич