Островецкая молдованка Валентина Головчиц рассказала о своей Родине

13:06 / 25.09.2022
Дзе чалавеку доб­ра, утульна, спакойна: там, дзе ён нарадзіўся, – ці там, дзе жывуць яго родныя? А можа, там, дзе ён атрымаў прызнанне, – ці там, дзе яго разумеюць? Напэўна, там, дзе ён адчувае сябе сваім, калі навакольныя не зважаюць на колер скуры, адметныя рысы твару, асаблівасці мовы, звычкі… Тады і дыхаецца лёгка, і спіцца салодка, і працуецца добра, і жывецца мірна –  пад адным небам.

Адпраўляючыся на вучэбную практыку, малдаўская дзяўчына не думала, што тая паездка стане лёсавызначальнай і падорыць другую Радзіму – Беларусь. Пра родныя мясціны і пераезд у край блакітных азёр расказвае Валянціна Галоўчыц. 



ЦЕШАЦЬ УСПАМІНЫ

– Нарадзілася я ў Кішынёве, бацькі ў мяне карэнныя малдаване. 

Наш дом. Яго бацька сам пабудаваў, а мы з маці і дзвюма сёстрамі дапамагалі.

Школа №27. Яна ў хвілінах пяці ад дома была. 

Узгорыстая вулачка, на якой мы жылі, насіла імя Багдана Хмяльніцкага. Наш дом №88 стаяў пасярэдзіне, а за ўчасткам чарэшні раслі – лазіла па іх, як малпачка. (Смяецца.) Цяпер там заселены кожны шматок зямлі. Увогуле горад змяніўся: набудавалі ўсяго, абуладкавалі… 

Будачка, якая стаяла ўверсе нашай вулачкі. Туды мяне адпраўлялі па малако і хлеб, там нават віно прадавалі.

Рубель, пакладзены ў рукаўчык, сцянуты гумкай. Гэтыя грошы я згубіла ідучы ў магазін, бо па дарозе вырашыла пабегаць па траншэях.

Снежныя зімы. У дзяцінстве на санках каталіся па ўзгорыстых вуліцах горада.

Агарод, дзе садзілі памідоры, перцы, цыбулю … Цяпліц не ставілі – клімат жа цёплы! 

Пячное ацяпленне. Печкі палілі дровамі.

Камсамольскае возера ў Кішынёве. А калі падняцца па лесвіцы – у парку танцпляцоўка пад адкрытым небам, агароджаная сеткай. Там маладзёжная вуліца была – любіла па ёй гуляць. 

Праспект Леніна. Гэта была цэнтральная артэрыя горада. Цяпер – праспект Штэфан чэл Марэ, на якім стаяць помнікі Леніну, Стэфану ІІІ Вялікаму. 

ЦІКАВА

Стэфан ІІІ Вялікі – выбітны кіраўнік Малдаўскага княжаства, які ўдала процістаяў больш моцным Асманскай імперыі, Польшчы і Венгрыі і рабіў сваю дзяржаву значнай палітычнай сілай ва Усходняй Еўропе. Стэфан ІІІ быў заступнікам праваслаўя, выдзяляў значныя сродкі, а таксама землі на падтрымку афонскіх манастыроў.

ХІМІЧНАЕ ПРЫЦЯГНЕННЕ

– Пасля школы пайшла вучыцца ў кішынёўскі ўніверсітэт на хіміка, спецыялізацыю атрымала шырокую – «фізічная хімія», што давала магчымасць працаваць і ў лабараторыях, і ў прамысловасці, і ў педагогіцы. Да слова, як у Беларусі студэнты ездзілі ў калгасы на ўборку бульбы, буракоў, так у Малдове – на вінаград, перцы, памідоры! 

Вучачыся на 4-м курсе, паехала на завод на практыку ва Украіну ў Івана-Франкоўскую вобласць. І, выправіўшыся на экскурсію ў Львоў, сустрэла будучага мужа – ён служыў у лабараторыі ў ракетных войсках. У цягніку падышоў да мяне салдацік. Ён даведаўся, што я з хімфакультэта (Аляксандр таксама хімік па адукацыі), і гаворыць: «Аднаму хіміку добра, а каб было 2 – яшчэ лепш! Во – гэту вазьму [замуж]!» Саша папрасіў мой адрас – я не адмовіла. На тым і рассталіся.

Вяртаюся ў лістападзе дамоў пасля практыкі, а маці мне: «Што ты там нарабіла? Табе кіпа лістоў ляжыць!». Але гэта будучы муж заваліў мяне пасланнямі. (Усміхаецца.) Пачалі перапісвацца – так да мая, да яго дэмбеля, і ліставаліся. А пасля звальнення з арміі Саша адразу паехаў у Кішынёў. І ні паўслова ж не намякнуў, што збіраецца да мяне! 

Момант сустрэчы помню і цяпер: прыбіраю дом, песенькі напяваю, выходжу на двор палавік выбіць – гляджу: ля каліткі стаіць салдацік з чамаданчыкам і кветкамі ў руках! 

Праз нейкі час мы пажаніліся.


 
АСТРАВЕЦКАЯ МАЛДАВАНКА

– Спярша жылі ў Кішынёве, тут у нас нарадзілася дачушка, а ў 1976 годзе адправіліся ў Беларусь – на Радзіму Аляксандра. Тут нарадзіўся сын
У Астраўцы жылі мае свёкр са свякроўю, мы да іх у госці заўсёды ляталі на самалёце – 1,5 гадзіны – і ў Мінску, а далей ужо цягніком дабіраліся. Так што, пераязджаючы з Малдовы, я ўжо добра ведала гэтыя мясціны.

Калі прыехала ўпершыню ў Беларусь – гэта было яшчэ да вяселля, уразілі лясы – яны паўсюдна. У Малдове такіх няма: там толькі кодры, яны нешматлікія, і да іх даехаць яшчэ трэба.

ЦІКАВА

Кодры – у перакладзе азначае «дрымучы лес». Кодрамі называюць і Цэнтральнамалдаўскую ўзвышанасць, лес, які расце там. Мае аднайменную назву і запаведнік.

Землі ў нас больш урадлівыя – там чарназём, але менш вільгаці – паліваць трэба было кожны вечар, бо аж трэшчыны на глебе ўтвараліся. А цяпер ужо і ў Беларусі такая гарачыня стаіць!

І самае галоўнае: туманаў няма ў Малдове! Нічым нічога не абраблялі – памідоры да кастрычніка на градах раслі. А вось агуркі хутка «тухлі» – гарачыня; калі хочаш, каб выраслі, трэба было рана садзіць. І бульба асабліва не радзіла. У Малдове, пры жаданні, па два ўраджаі можна збіраць. 

ДЗВЕ РАДЗІМЫ

– Першы час  цягнула да родных, у Кішынёў, не хапала звык­лай кухні. Маміны стравы! М-м, як яна гатавала: абсмажаныя на алеі перцы ў чыгунку, баклажанную ікру, галушце (галубцы), брынзу, мамалыгу. Я, як і маці, шмат што раблю ў чыгунку – купляла яго, як у Малдове жылі. У бацькоўскім доме, ці сняданак, ці вячэра, – стол накрывалі на дварэ, пад вінаграднікам.

ЦІКАВА

Любімая страва малдаван – сэрмэлуце (галушце). Кшталту галубцоў у вінаградных лістах, у фарш дабаўляюць моркву, тушаць страву ў чыгунках. Сармале робяць абавязкова маленькімі, і лічыцца, што толькі добрая гаспадыня ўмее іх круціць.

Дома мы размаўлялі на малдаўскай мове, у школе вучылася на малдаўскай – і ў інстытуце таксама, а другой мовай для вывучэння руская была. Да слова, малдаўская вельмі падобная з румынскай.

Канешне, столькі гадоў пражыўшы па-за межамі Радзімы, я чыста па-малдаўску цяпер гаварыць не магу, але родную мову помню: буна зіва – добры дзень, буна сара – добры вечар, ораш – горад. А мама – і па-малдаўску гучыць «мама».

Да слова, беларускую так і не вывучыла – гавару па-руску. З сяст­рой як пачынаем размаўляць па телефоне, пачынаю на малдаўскай, потым пераходжу на рускую, але разумеем адна адну. (Смяецца.)

Большая частка насельніцтва Малдовы адносяцца да праваслаўнай канфесіі, наша сям’я таксама праваслаўная.  Калі параўноўваць з мясцовымі рэлігійнымі традыцыямі – то яны вельмі падобныя: ёсць і пасяванне на Васілія, і калядоўшчыкі з песнямі ды прыказкамі на Раство ходзяць, і вербу асвячаюць, і па яйка чырвонае на Вялікдзень хо­дзяць, толькі вось на Тройцу тут бярозку або яе галінку ставяць, а ў Малдавіі – галінкі грэцкага арэха над дзвярыма мацуюць.  

Валянціне аднолькава дарагія дзве краіны: і Малдова, адкуль яе карані, і Беларусь, дзе жыве яе сям’я. На спатканне з блізкімі людзьмі і дарагімі сэрцу мясцінамі жанчына ездзіла штогод – пакуль каронавірус не перакрэсліў гэты маршрут. «Не рызыкую – усё ж хвароба небяспечная, – кажа астраўчанка. – Сувязь пакуль з роднымі трымаю толькі па тэлефоне».




Текст: