Рэпарцёр выходзіць у свет: ці робяць астраўчане на зіму нарыхтоўкі?

10:48 / 23.09.2022
737
Кажуць, запас бяды не чыніць. У жыхароў Астравеччыны карэспандэнт пацікавіўся, ці робяць яны на зіму нарыхтоўкі і якія. 

Ірэна Захарэвіч, вартаўнік (без фота):

– Мы з мужам вясковыя і нарыхтоўкі робім штогод. Гародніна, садавіна – са свайго ўчастка і сада, ягады, грыбы – з лесу, праўда, сёлета з-за спякотнага лета толькі пайшлі падбярозавікі і падасінавікі. Спадзяюся, што яшчэ зраблю салянку, тым больш ураджай капус­ты ў гэтым годзе багаты. 

Наставіла памідораў, агуркоў, звыш 20-ці слоікаў – кампоту з вішняў і клубніц. Асобна некалькі «асарці» закатала: у аднолькавых прапорцыях трэба класці агрэст, маліну і чорную смародзіну. З яблыкаў з мужам націснулі соку. Варэнне не вару ўжо некалькі гадоў – ягады марозім. А журавіны пераціраем сырымі з цукрам – яны добра захоўваюцца ў слоіках пад капронавымі крышкамі. Узімку з іх раблю морс ці кісель – і смачна, і карысна. 


Таццяна Андрэева, пенсіянерка:

– У Астравец пера­ехала з Падольцаў, калі дачушка выйшла сюды замуж. Жыллё здымаю – таму і гародніну, і садавіну набываю на міні-кірмашах. Стараюся браць у людзей, якія прадаюць лішкі са свайго агарода – мне здаецца, што такая прадукцыя больш натуральная. 

За бульбай выпраўляюся на раённы кірмаш, які напачатку кастрычніка праходзіць у Астраўцы. Другі хлеб прадаюць і прыватнікі, і гаспадаркі – можна пашукаць, дзе танней. Трох мяхоў бульбы мне на зіму хапае з лішкам. 


Мацвей Даўляш, вучань:

– Некалькі гадоў назад мы пераехалі ў Малі. У нас ёсць агарод і цяпліца. З малодшай сястрычкай Дашай дапамагаем маме вырываць траву. Падабаецца салата са свежых агуркоў і памідораў, прыпраўленых смятанай. Смаката!


Яніна Блажэвіч, пенсіянерка:

– Лішкі вырашчанага на агародзе не прадаю, а раздаю і частую суседак, сябровак. У гэтым годзе добра ўрадзілі кабачкі і агуркі, бульбачка таксама нядрэнная. Нарыхтоўкі раблю не па рэцэпце, а на вока дадаю соль, цукар, воцат, спецыі. Захоўваюцца цудоўна ўвесь год! 
Учора, напрыклад, хадзіла за дзікім шчаўем – а знайшла адзін баравік, некалькі падбярозавікаў і жменьку маслят. На салянку, канешне, не хапіла – затое смачны суп атрымаўся!


Алена Ермаковіч, прыбіральшчык:

– Нарыхтоўкі – гэта мая слабасць. На днях ездзілі ў Кямелішкі ў лес за лісічкамі. Салянку раблю менавіта з гэтымі грыбамі. Каб яна стаяла, папярэдне здробненую капусту падтушваю ў невялікай колькасці вады, потым дадаю туды астатнія інгрэдыенты. 

Бульбу садзім на прысядзібным участку, каб можна было есці свежыя клубні з вясны да восені. На зіму яшчэ купляем з дзясятак мяхоў. 

У мяне вялікая цяпліца, адных памідораў толькі 150 каліваў. Гэтая культура клопат любіць. Своечасова не абарвеш галінкі да першай кісці цвіцення – застанешся без памідораў. Сёлета яны дрэнна даспявалі, асабліва «чорны прынц» і «бычынае сэрца». Падказалі рэцэпт: на дно банкі ўкладваем шмат здробненага часнаку, парэзаныя на чатыры часткі ці напалову (у залежнасці ад памераў) памідоры. І заліваем расолам: на паўтаралітровы слоік спатрэбіцца паўлітра вады, 150 грамаў цукру, 50 грамаў солі і столькі ж воцату. Слоікі трэба стэрылізаваць каля 15-20 хвілін. 



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений