Хроніка восеньскіх работ: чым заняты раённыя аграрыі?
16:18 / 22.09.2022
Сяўба
Бадай што самая галоўная задача хлебаробаў – сяўба збожжавых. Па звестках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на раніцу 22 верасня насенне прыгорнута ў глебу на 4 326 гектарах, што складае 44% раённага плана.
У КСУП «Гудагай» засеяна больш за 60% адведзеных пад збожжавыя азімыя ўчасткаў – 1 394 гектары. Да экватара наблізілася сяўба ў КСУП «Гервяты»: насенне тут прыгорнута на 1 422 гектарах. Стараюцца ўкласціся ў аптымальныя тэрміны аграрыі РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», дзе засеяна больш за трэць азімага кліна – 637 гектараў, у КСУП «Міхалішкі» – 32%. На апошняй пазіцыі сярод гаспадарак замацаваўся КСУП «Варняны», дзе пасеяна 25% запланаваных плошчаў.
У цэлым па раёне пад збожжавыя падрыхтавана 70% запланаваных плошчаў, ці 9 788 гектараў. Найлепшыя тэмпы ворыва дэманструюць КСУП «Гудагай», «Гервяты», РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».
Корманарыхтоўка
На Астравеччыне працягваецца нарыхтоўка кармоў – ад іх колькасці і якасці залежыць паспяховасць зімне-стойлавага сезона і ўвогуле жывёлагадоўлі.
Пад кукурузу на сілас корманарыхтоўшчыкі адвялі амаль 5 тысяч гектараў, з якіх 1 335 ужо зжаты. У перадавіках значацца «гервятцы» і «гудагайцы», якія ўбралі 41% і 33% плошчаў адпаведна. На круг раённыя аграрыі бяруць 350 тон, што на 25 тон больш, чым у мінулым годзе. У планах – абмалаціць 1 200 гектараў цеплалюбівіцы на зерне.
Дарэчы, у КСУП «Гервяты», як і ў мінулыя гады, плануюць закладваць сплюшчаныя кукурузныя зярняты ў так званыя рукавы.
Бульбакапанне, буракі і яблыкі
Бульбу сёлета садзілі толькі КСУП «Гудагай» і «Гервяты». У першай гаспадарцы яна займае 82 гектары, у другой – 40. У «Гудагаі» другі хлеб выкапаны на 60 гектарах, у «Гервятах» – амаль на 14. Ураджайнасць складае 318 цэнтнераў (+35 цэнтнераў да 2021-га).
На падыходзе – цукровыя буракі, уборка якіх пачалася на гэтым тыдні. У раёне пад іх адведзена 1 645 гектараў, найбольшыя плошчы ў «гервятцаў»: 540 гектараў.
У КСУП «Варняны» вяскоўцы і гараджане, што паспяшаліся ім на дапамогу, убіраюць яблыкі. Сабрана амаль 100 тон, ураджайнасць – 34,3 цэнтнеры з гектара.