Работнікі лясной галіны Астравеччыны прымалі віншаванні напярэдадні прафесійнага свята

16:38 / 16.09.2022

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі лясной галіны Астравецкага раёна прымалі віншаванні. Больш за 50 чалавек у гэты дзень падымаліся на сцэну за ўзнагародамі.

Дырэктар Астравецкага доследнага лясгаса Рыгор Долгі зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і падзякаваў калегам за самаадданую працу.

З надыходзячым прафесійным святам работнікаў лясной галіны Астравеччыны павіншаваў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла:

– Паважаныя работнікі і ветэраны лясной галіны, прыміце шчырыя віншаванні з нагоды прафесійнага свята – Дня работнікаў лесу. Астравецкі доследны лясгас – адно з самых паспяховых прадпрыемстваў раёна, якое займае лідзіруючыя пазіцыі ў лесагаспадарчай дзейнасці не толькі рэгіёна, але і ўсёй вобласці. На чале з Рыгорам Мечыслававічам вы – сапраўдная каманда прафесіяналаў, якія адказваюць за захаванне важнейшага прыроднага рэсурсу – лесу. Асаблівыя словы падзякі – ветэранам галіны, працай якіх ствараліся і прымнажаліся лясныя багацці. Самыя цёплыя пажаданні – маладым спецыялістам. Жадаю аптымізму, энергіі, спаўнення самых смелых планаў і задум. Няхай у вашых сем’ях пануюць мір, шчасце і дабрабыт!

Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі Астравецкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагародзілі машыніста трылёвачнай машыны Руслана Круглякоўскага, вадзіцеля пагрузчыка дрэваапрацоўчага цэха Міхаіла Ярмака. Ад раённага Савета дэпутатаў – машыніста трылёвачнай машыны Генадзя Мілаша, вадзіцеля Юрыя Яроміна, галоўнага бухгалтара лясгаса Ірыну Назараву, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Віталя Шарэйку.

На ўрачыстасці падвялі вынікі працоўнага спаборніцтва сярод лясніцтваў: 1 месца атрымала Астравецкае, на 2 месцы – Катлоўскае, на 3-м – Палушскае.

Лепшымі ў прафесіі  ў гэтым годзе сталі: вадзіцель аўтамабіля на вывазцы лесу Іван Бернатовіч, станочнікі дрэваапрацоўчага цэха Андрэй Ваховіч і Іван Валошын, машыністы лесанарыхтоўчых машын Аляксей Жусін, Павел Афонін, Уладзімір Саўко і Андрэй Мазура.  

Граматы, дыпломы і Падзякі былі ўручаны работнікам лясной гаспадаркі ад Астравецкага доследнага лясгаса і яго прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі. Да віншаванняў далучылася і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ірына Раткевіч.

Прыемным дапаўненнем да атрыманых узнагарод сталі грашовыя прэміі, падарункі і музычныя нумары ў выкананні работнікаў школы мастацтваў. 










Текст:
Фото: Алёна Ганулич