Работнікі лясной гаспадаркі Астравеччыны адказалі на 5 пытанняў

11:39 / 18.09.2022
601
Хтосьці з іх свядома выбраў лясную гаспадарку, іншы трапіў выпадкова, але знайшоў тут справу жыцця… 

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі Астравецкага доследнага лясгаса і лясніцтваў адказалі на 5 пытанняў аб галоўным.

1) Як прыйшлі ў лясную гаспадарку?
2) Прыгадайце цікавы, кур’ёзны ці незвычайны выпадак з працоўнай дзейнасці. 
3) Раскажыце, што змянілася за час вашай работы ў лясной галіне.
4) Што робіць вас шчаслівым у прафесіі і асабістым жыцці?
5) Прадоўжыце фразу: лес для мяне – гэта…

Дзмітрый Волк-Леановіч, начальнік дрэваапрацоўчага цэха:

1) Выпадкова! (Усміхаецца.) Паступіў у бліжэйшы да чыгуначнага вакзала ўніверсітэт – тэхналагічны, на факультэт тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці. 

У 2005 годзе па размеркаванні тра­піў на Лідскую мэблевую фабрыку, потым мяне забралі ў армію. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на Астравеччыну. Спачатку працаваў не па профілі, потым трапіў у лясгас. Праз год узначаліў дрэваапрацоўчы цэх.

2) Збыт нашай прадукцыі цяпер арыентаваны на кітайскі рынак. Адзін з паказчыкаў (параметр па вільготасці) якасці піламатэрыялаў «прагледзелі»… Папацелі, панерваваліся, але выйсце знайшлі! 

Нездарма кажуць, што ў лясной гаспадарцы працуюць асілкі: на перадапошнім турыстычным злёце пры перацягванні парвалі канат. (Усміхаецца.)

3) Калі параўнаць у тэхнічным плане дрэваапрацоўчы цэх, напачатку маёй работы, і цяпер – гэта неба і зямля. 

Прадукцыю выпускаем прыкладна аднолькавую, праўда, цяпер стаўка робіцца на абразныя піламатэрыялы і паганажныя вырабы: абшыўку, блок-хаўз, вагонку. 

4) У асабістым жыцці я шчаслівы апрыё­ры. У прафесіі, напэўна, дасягненне мэт і пераадольванне цяжкасцей робіць мяне шчаслівым. Атрымліваю найвялікшае задавальненне, калі атрымліваецца вырашыць, як кажуць, задачкі з зорачкай, якія ўзнікаюць на вытворчасці. 

5) Па-першае, лес – гэта крыніца жыцця для ўсёй планеты. Па-другое, пабыўшы ў ім нават непрацяглы час, можна пазба­віцца цяжару на душы, дрэнных думак, ачысціцца духоўна і энергетычна – і ніякія псіхатэрапеўты не патрэбны. Усім раю выбірацца на шпацыр у лес, асабліва хвойны! Праўда, раздражняе, што знаходзяцца такія, называць іх людзьмі язык не паварочваецца, хто пакідае пасля сябе смецце. Падобныя паводзіны лічу недаравальнымі. Такіх «зычліўцаў» трэба караць рублём, словам і іншымі спосабамі.

Усім жадаю добрага настрою, бадзёрасці і аптымізму. 

Астатняе дадасца. 


Юрый Часнойць, вальшчык лесу Міхалішкаўскага лясніцтва:

1) У дзяцінстве хацеў быць вадзіцелем, як бацька, – але жыццё прывяло ў лясную гаспадарку. Дарэчы, дзядуля па матчынай лініі, Іван Іванавіч Веська, быў лесніком. Уся ваколіца ведала яго як справядлівага і талковага чалавека.  

Пасля службы ў арміі паўтара года працаваў у пазаведамаснай ахове. Дабірацца было далёка з Міхалішак у Астравец. У 2004 годзе тагачасны ляснічы Уладзіслаў Віктаравіч Часнойць (мы не сваякі!) паклікаў да сябе. Пяць гадоў адпрацаваў лесніком. 

У 2009 годзе ажаніўся. Юля вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, таму не раздумваючы паехаў услед за каханай у Гродна. Там у нас нарадзілася Карына. Я працаваў вальшчыкам лесу ў Нёманскім лясніцтве. Праз некалькі гадоў «знайшоўся» сынок Уладзіслаў. У «медзе» няма завочнага аддзялення, але разам мы справіліся: Юля атрымала дыплом. Жонка вучылася па накіраванні, таму вярнуліся на Астравеччыну. 

2) Смешных і кур’ёзных выпадкаў магу расказаць шмат – але гэта не для друку. (Усміхаецца.)  Часта сустракаем ласёў, казуль – яны не баяцца ні гука бензапілы, ні аўтамабіля. Нядаўна зблізку бачылі ваўка.

3) Адным з першых сярод вальшчыкаў у Міхалішкаўскім лясніцтве атрымаў бензапілу фірмы STIHL. Да гэтага працавалі з Husqvarna–268, з гумовымі амартызатарамі, – рукі яна адбівала добра. Мы з напарнікамі першыя ў раёне асвоілі так званы індывідуальны, ці як яго яшчэ называюць – скандынаўскі спосаб нарыхтоўкі драўніны. Для паляпшэння прафесійнага майстэрства ледзь не штогод праводзіцца конкурс сярод вальшчыкаў лесу. Чаму перамагаю? Сакрэтаў няма – мне проста падабаецца гэта справа. Любімы від спаборніцтваў – абрэзка сучча. 

4) Што робіць шчаслівым? У прафесіі – зарплата! (Смяецца.) Але тут усё залежыць ад мяне: чым больш драўніны нарыхтую, тым больш грошай атрымаю. Сям’я вялікая – трое дзетак. У асабістым жыцці мяне, як і любога мужчыну, шчаслівым робяць жонка і дзеці. А я ў сваю чаргу стараюся зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб ім было камфортна жыць, вучыцца і працаваць. 

5) Лес – мой карміцель і мая работа. Хацелася б, каб ён захаваўся для наступных пакаленняў. 

Здароўя і яшчэ раз здароўя! 


Таццяна Данусевіч, памочнік ляснічага Варнянскага лясніцтва:

1) Захапляюся людзьмі, якія з дзяцінства ведалі, кім хочуць стаць і ажыццявілі сваю мару. У мяне такога не было. Сур’ёзна задумвацца пра прафесію стала ў 11 класе. Я ўдзельнічала ў варнянскім школьным ляс­ніцтве «Лесавічок», неаднойчы садзіла дрэвы і мне пада­балася прырода. Паступіла ў Полацкі лясны дзяр­жаўны каледж. Падчас вучобы зразумела, што гэта маё. Практыку праходзіла ў Варнянскім лясніцтве, пазней стала тут працаваць. У маім выпадку выпадковасць да выпадковасці вызначылі прафесію жыцця. Работу я сумяшчала з вучобай: завочна паступіла на бюджэт у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўнівер­сітэт. Дыплом атрымала ў 2018 годзе.

2) Падчас адводу высечкі галоўнага карыстання пазначаецца кожнае дрэва. Для захавання бія­разна­стайнасці некаторыя пакідаем, напрыклад, аднойчы гэта быў дуб, з нетраў якога чулася жужжанне. Неяк ляснічы Юрый Філіпчык паехаў на дзялянку праверыць работу. Праз гадзіну тэлефануе: вязу лясны падарунак – але гэта не зайчыкаў хлеб! Якім было маё здзіўленне, калі ўбачыла невялікі кавалачак сотаў з мёдам – лясны! І смакам, і пахам гэты мёд адрозніваецца ад пасечнага. Аказваецца, дзікія пчолы абралі сабе домам ствол вялікай старой асіны. 

Незабыўнымі становяцца сустрэчы з дзікімі звярамі. Сустракала і лася, і зайчыка, і вавёрку. 

3) За 10 гадоў, што працую ў лясной гаспадарцы, шмат чаго змянілася. Раней звычайныя адводы мы рабілі з дапамогай бусолі і рулеткі, цяпер выка­рыс­тоў­­­ваем наві­гатары, высакамеры і дальнамеры. Работа выконваецца нашмат хутчэй, больш даклад­на, з міні­­мальнымі хібамі. У лясной гаспадар­цы выка­рыстоўваецца шмат інфармацыйных тэхна­логій і праграм, якія значна спрашчаюць работу. Нават нарых­тоўка драўніны ў большасці цяпер меха­ніза­вана: фар­вардары і харвэс­тары замяняюць на дзялянцы не аднаго чалавека, а работа ў лесе стала больш бяспечнай. 

4) Прафесія лесавода адметна тым, што праз гады бачыш плён сваёй працы. Сеянцы, якія я садзіла дзесяць гадоў назад, ужо лічацца лесам. Як я ацэньваю сваю работу? (Усміхаецца.) Ёсць да чаго імкнуцца! 

У асабістым жыцці мяне радуюць родныя, блізкія і любімыя – іх падтрымка вельмі адчувальная. Удзячна малодшаму брату Яўгену, які, відаць, гледзячы на мяне, таксама выбраў дарогу ў лясную гаспадарку. Ён вучыцца ў Полацкім каледжы, а цяпер праходзіць практыку ў нашым лясніцтве.

5) Лес – мой лёс, значная частка майго жыцця, штосьці большае, чым проста работа. Там я адпачываю душой, узнаўляю жыццёвыя сілы, натхненне і паляпшаю настрой. 

Дзякуй усім – ветэранам і калегам за значны ўклад у развіццё лясной гаспадаркі. Цярпення вам, добрага настрою і здароўя! 



Станіслаў Стэх, вадзіцель:

1) Як і многія аднавяскоўцы, працаваў у мальскім калгасе. З 13 чэрвеня 1991 года я ў Астравецкім лясгасе. Спачатку кіраваў пажарнай машынай, потым вазіў дырэктара – Стратоніка Іванавіча Ляха. У 2001 годзе перавёўся ў леснікі. Праз два гады па стане здароўя зноў сеў за руль аўтамабіля, цяпер важу дырэктара Рыгора Мечыслававіча Долгага. Нават не верыцца, што больш за 30 гадоў у лясной гаспадарцы!

2) Было шмат выпадкаў. Неаднойчы дапамагаў на трасе вадзіцелям, якія трапілі ў дарожна-транспартнае здарэнне, бачыў і збітых жывёл... Калі не памыляюся, я адзіны з лясгаса маю нагрудны значок «За работу без аварый» – даюць яго за безаварыйную язду вадзіцелям на адлегласці звыш 500 тысяч кіламетраў.

Запомніўся і першы буралом у Целяханах: вакол вада, балота, зламаныя, нібы хтосьці перашчоўкнуў моцнай рукой, дрэвы… Карціна не з прыемных.
 
3) Лясная галіна развіваецца інтэнсіўна. Большая частка драўніны цяпер нарыхтоўваецца механізавана – сучаснымі машынамі. А я застаў час, калі ў лясніцтвах выкарыстоўвалі коней. Але неяк спраўляліся – і вагоны грузілі на Каўказ, Украіну.

Трыццаць гадоў назад у Астравецкім лясгасе з лесавознай тэхнікі былі два МАЗы, два ЗІЛы, адзін з якіх бартавы, і некалькі трылёвачных трактараў. А цяпер адных лесавозаў больш за дзесяць, не кажучы пра астатнія аўтамабілі. 

4) Калі ўсё дома добра, тады і работа спорыцца. Жонка працуе вартаўніком на дрэваапрацоўчым цэху. З Валяй выгадавалі дваіх сыноў, дачакаліся пяцярых унукаў. Самай малодшанькай нядаўна годзік споўніўся. Яны і робяць мяне шчаслівым. 

5) Лес – гэта прырода, ягады, грыбы. Толькі ў гэтым годзе прырода пашкадавала баравікоў і пада­сінавікаў. 

Ветэранам жадаю здароўя, поспехаў, даўгалецця; калегам – каб і ў сям’і, і на рабоце было ўсё добра.



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений