Якім гэты год выдаўся для Астравецкага доследнага лясгаса, расказвае Рыгор Долгі

09:47 / 18.09.2022
Напярэдадні прафесійнага свята лесаводаў карэспандэнт пагутарыў з дырэктарам ДДЛГУ «Астравецкі доследны лясгас» Рыгорам Долгім пра здабыткі, перспектывы і праблемы развіцця лясной гаспадаркі раёна. 

– Некалькі гадоў назад негатыўны ўплыў у работу вашага прадпрыемства, як і многіх іншых, унесла каронавірусная інфекцыя COVID-19. Гэты год ускладнілі санкцыі… Хоць папярэднія вынікі падводзіць рана, тым не менш: якім гэты год выдаўся для лясной гаспадаркі раёна?

– Няпростым. Ведаючы пра санк­цыі, дзеянне якіх павінна было пачацца ў маі-чэрвені, мы прадумвалі розныя варыянты вы­хаду з сітуацыі. Складанасці працягваліся каля месяца: спыненне экспарту негатыўна паў­плы­вала на дрэва­апра­цоўку. Паступова сітуацыя стабілі­за­валася: рынак цяпер не такі прэміяльны, якім быў да ўводу санкцый, але заказаў не мен­шае. Пачынаем асвойваць рынкі Азіі і Усходу – актыўна супра­цоўнічаем з Расійскай Федэрацыяй, Кітаем, Узбекістанам, Азербайджанам, Іранам, Турцыяй. 

Некалькі месяцаў прыбягалі да непапулярных метадаў работы, але ў цэлым з пачатку года забяспечваем і рост зарплаты, і выкананне асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў. 

– З 25 верасня дзелавую драўніну можна будзе набываць па новых правілах. Патлумачце, што зменіцца для звычайных грамадзян?

– Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў загад №294, у якім спрашчаюцца правілы рэалізацыі драўніны для фізічных і юрыдычных асоб. У дакуменце пазначана, што грамадзяне змогуць набыць непасрэдна ў лясгасе да 70 кубічных метраў круглага лесу для будаўніцтва, рэканструкцыі ці рамонту жылля і да 10 куба­метраў – для тых жа мэт на тэрыторыі садаводчага таварыства, дачнага кааператыва, а таксама для агароджы. Для гэтага трэба будзе звярнуцца ў лясгас і падпісаць дамову, дзе будзе пазначана, што набываюць драўніну для ўласных мэт і пакупнік нясе адказнасць за яе мэтавае выкарыстанне. З сабой трэба мець пацвярджальныя дакументы на домаўладанне ці праект на будаўніцтва. 

Раней, напрыклад, дазвол на набыццё дзелавой драўніны выда­валі выключна райвыканкамы і заявы трэба было падаваць за год. Указ Прэзідэнта значна спросціць працэдуру водпуску драўніны і сэканоміць час для людзей. 



– Большую частку выручкі прыносіць дрэваапрацоўчы цэх. Ці змянілася яго дзейнасць?

– З-за санкцый узраслі рэшткі піламатэрыялаў на цэху да 3 і больш тысяч кубаметраў. Планавалі штучна зніжаць аб’ёмы пілавання, уводзіць выхадныя дні (адзін месяц нават рабілі так) – справіліся з сітуацыяй. Сёння цэх працуе на поўную магутнасць. У планах – забяспечыць максімальны выпуск піламатэрыялаў. На пачатак ве­расня толькі на экспарт у дзень выпускаюць 36 кубаметраў піла­матэрыялаў. 

–  Нашы лесаводы ніколі не адмаўляюць у дапамозе калегам і аграрыям. Гэты год не стаў выключэннем?

– Аднымі з першых на Гро­дзеншчыне мы накіравалі тэхніку і людзей на распрацоўку бура­ломаў у Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласці. Астраў­чане нарыхтавалі каля 18 тысяч кубаметраў драўніны. Удзячны работнікам, што спра­цавалі на высокім узроўні. Адзначу начальніка лесапункта Руслана Германа і майстраў Андрэя Місевіча, Віталя Мацкевіча, Валерыя Ключніка і іншых. 

Па традыцыі апошніх гадоў многія работнікі дапамагалі ў якасці камбайнераў, іх памоч­нікаў, вадзіцеляў убіраць ура­джай аграрыям РУП «Астра­вецкі саўгас «Падольскі», КСУП «Міхалішкі». Гэта Юрый Яромін, Руслан Круглякоўскі і іншыя.

– Але, напэўна, па-ранейшаму галоўная задача работнікаў галіны – лесааднаўленне?

– Створаны дзесяць гадоў назад лесагадавальнік летась ізноў атрымаў статус узорнага. За гэты час мы асвоілі вырошчванне сеянцаў з закрытай каранёвай сістэ­май, пабудавалі цяплічны комплекс, значна павя­лічылі аб’ё­мы чаранкавання дэка­ратыў­на-паса­дачнага матэрыялу, у блі­жэйшых планах – заклад­ка лесана­сеннай плантацыі. 

Вясной павялічылі пасадкі лесу, працягнем гэта рабіць і восенню. У апошні час узраслі патрабаванні да якасці пасадак, пераводу лясных культур. Летам на іх доглядзе была занята большасць работнікаў лясніцтваў. Практыкуем і механізаваны спосаб з дапамогай спецыяльных барон. Цяпер заканчваецца перавод лясных культур, якія дасягнулі 7-гадовага ўзросту, у пакрытыя лесам плошчы з мінімальным спісаннем.

– З нядаўняга часу ў вашай галіне распрацаваны Правілы службовай этыкі. Навошта гэты дакумент?

– Гэта своеасаблівы кодэкс леса­вода. Па вялікім рахунку, ад кожнага работніка залежыць імідж усёй галіны. Дакумента, які б рэгламентаваў паводзіны нашых работнікаў, не было. Правілы службовай этыкі вызначаюць, як павінен паводзіць сябе лесавод, каб дастойна прадстаўляць лясную галіну і выклікаць давер у грамадзян. Па сутнасці, у гэтых правілах прапісаны дакладны алгарытм узаемадзеяння з калегамі, ін­шымі грамадзянамі. 

Мне здаецца, кантакт з мясцовым насельніцтвам у нас быў заўсёды. Лічу, што ў лясной гас­падарцы працуюць граматныя, культурныя, дыпламатычныя і прыстойныя людзі. 

– У сувязі з бязвізам ці пабольшала паляўнічых?

– Сезон палявання на капытных жывёл – аленя, лося, казулю – толькі пачынаецца. Думаю, паляўнічыя той жа Літвы і іншых краін скарыстаюцца такой магчымасцю.

– Якія яшчэ змяненні адбыліся ў лясной гаспадарцы раёна?

– Змяніўся кіраўнік у Падоль­скім лясніцтве: яго былы ляснічы Канстанцін Дзісько пайшоў на павышэнне, на змену яму прыйшоў малады спецыяліст Аляксей Парчынскі. Для васьмі юнакоў і дзяўчат Астравецкі дос­ледны лясгас і яго лясніцтвы сталі першым працоўным месцам. 

– Падзяліцеся планамі на будучыню. 

– Задум шмат. Не ўсё запланаванае ў мінулым годзе атрымалася ажыццявіць з-за шэрагу аб’ектыўных прычын. Цалкам замянілі тэхніку для падвозу людзей, набылі квадрацыклы для паляўнічай гаспадаркі. Дзякуючы новаму пажарнаму аўтамабілю, узмацнілі работу лясной аховы.

У распазнаванні дробных узга­­ран­няў, аператыўнай каарды­нацыі дзеянняў па іх ліквідацыі вядучую ролю іграюць сродкі сувязі. У Астравецкім доследным лясгасе і ўсіх лясніцтвах функцыянуе спецыяльная праграма «Лясны вартавы». Яна адсочвае пажарную абстаноўку на ўсёй тэрыторыі ляснога фонду, а адзін дзяжурны аператар кантралюе яе работу.

Новая тэхніка і абсталяванне для адводу лесасек з’явіліся на ўзбраенні нашых лесаводаў. Былі задумкі набыць новы харвэстар замежнай вытворчасці, айчынны фарвардар. У другой палове верасня павінны атрымаць лесанарыхтоўчую машыну  «Амкадор».

З-за змянення лагістыкі і рынкаў збыту піламатэрыялаў думаем нарошчваць аб’ёмы і магут­насці сушыльнай гаспа­­даркі. На тэрыторыі дрэва­апра­цоўчага цэха плануем уста­навіць навесы для захоў­вання прадукцыі.

– Што пажадаеце калегам і ветэранам з нагоды прафесійнага свята?

– Напачатку хачу падзякаваць за самаадданую працу і ра­зуменне няпростай сітуацыі. Усім работнікам лясной гаспа­даркі, ветэранам і іх сем’ям жадаю здароўя, поспехаў,  дабрабыту і цярпення. 

–  Дзякуй, Рыгор Мечысла­ва­віч, за гутарку. Няхай усё задуманае абавязкова спаў­няецца!

Віншуем!

За добрасумленную працу ўзнагароджаны:
Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі – началь­нік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Волк-Леановіч;
граматай Міністэрства лясной гаспадаркі – вадзіцель на вывазе лесу Сяргей Ромаш;
Падзякай міністра лясной гаспадаркі – вальшчык лесу Міхалішкаўскага лясніцтва Юрый Часнойць;
ганаровай граматай Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання – вадзіцель Станіслаў Стэх;
граматай Гродзенскага ДВЛГА – станочнік дрэва­апра­цоў­чага цэха Дзмітрый Сініца;
Падзякай Гродзенскага ДВЛГА – юрысконсульт Ірына Клепусевіч.

На Дошку гонару Гродзенскага ДВЛГА занесены:
ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва Яўген Волкаў,
механік лесапункта Юрый Лукашэвіч.