В одной команде с олимпийцами играли островчане

15:42 / 12.09.2022
Школьнікам нашага раёна выпаў гонар прадстаўляць Гродзенскую вобласць на «Алімпійскім КВІЗе» ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Што ўяўляла сабой спаборніцтва, ці задаволены вынікамі дзеці і якія ўражанні пакінула знаёмства з тытулаванымі спартсменамі нашай краіны, карэспандэнт пацікавіўся ў непасрэдных удзельнікаў.

– Перад гульнёй для нас правялі экскурсію па Нацыянальным алімпійскім камітэце, расказалі пра дасягненні нашых землякоў за ўсю гісторыю беларускага спорту і пра заваяванне ўзнагарод, – дзеліцца ўражаннямі Паліна Субко.

– КВІЗ – гэта інтэлектуальная гульня, пытанні якой былі выключна алімпійскай тэматыкі, – тлумачыць Яўген Трафімчык. – У ім змагалася 7 каманд рэспублікі – па адной з вобласці і горада Мінска. 

У складзе кожнай каманды быў асаблівы ігрок – астраўчанам дапамагаў шукаць адказы на пытанні паралімпіец Ігар Бокі. Гульня складалася з 5-ці тураў па 5 пытанняў у кожным.

– Заданні былі нялёгкімі – і з кожным этапам ускладняліся. З 25-ці магчымых мы «ўзялі» 20 пытанняў – згулялі, лічу, добра, але гэта быў не лепшы вынік – прызавога месца, на жаль, не занялі, – разважае Паліна. – Аднак гэта не пера­крэс­ліла захаплення ад месца, дзе былі, і знаёмства з сапраўднымі героямі нашага спорту!

– Яшчэ мы наведалі музей алімпійскага руху. Там знаходзяцца арыгіналы і копіі ўзнагарод нашых спартсменаў, іх асабістыя рэчы і інвентар, з якім яны трэніраваліся і выступалі, – дадае Яўген. – Я сустрэўся з лёгкаатлетам, бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў 2020 года па скачках у вышыню Максімам Недасекавым і нават сфатаграфаваўся з ім. 

– Мяне ўразіў тытулаваны член нашай каманды – 16-разовы паралімпійскі чэмпіён па пла­ван­ні Ігар Бокі – вось з каго трэба браць прыклад сілы духу, імкнення скараць вяршыні і дасягнення мэт, – падхоплівае Паліна. – Да слова, не кожнаму школьніку выпадае магчымасць не толькі пасядзець за адным сталом з алімпійскімі чэмпіёнамі, а і ўзяць у іх аўтографы – нам пашанцавала. (Усміхаецца.)

Кожны ўдзельнік КВІЗу атры­маў падарункі: беларуска­моўную ілюстраваную фота­здымка­мі і малюнкамі кнігу пра гісто­рыю развіцця Алім­пій­скіх гульняў, у якой пакінулі аўтографы алімпійцы, мяккі талісман-факел і значок.





Текст: