Як адносяцца да новага свята – Дня бацькі – Мікалай Макей і Юрый Адула

09:00 / 30.08.2022
У календары з’явілася новае свята – Дзень бацькі. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі яно будзе адзначацца 21 кастрычніка. 
Мы сустрэліся з Мікалаем Макеем, бацькам дзвюх дарослых дачок і дзядулем траіх унукаў, і Юрыем Адулам, бацькам 13-гадовай дачкі і 5-гадовага сына, каб задаць ім некалькі пытанняў пра свята, бацькоўскае выхаванне і сямейныя каштоўнасці.

1. Як адносіцеся да з’яўлення ў календары Дня бацькі?
Мікалай Макей:
– Цяпер шмат розных святаў – няхай будзе і гэтае. Усё ж бацька не апошнюю ролю адыгрывае ў працэсе з’яўлення дзіцяці на свет і яго выхаванні.
Хоць, як па мне, дык не ад таго, ёсць такое свята ці няма, залежыць значнасць ролі бацькі. Я і без гэтага ведаю, як дочкі ставяцца да нас, і яны пра мяне – таксама. Ад таго, ці ёсць у календары гэты дзень, нашы адносіны не зменяцца.
Юрый Адула:
– Думаю, такое свята будзе не лішнім. 
Гаворачы пра гендарную ня­роў­насць, мы звычайна маем на ўвазе парушэнне правоў жанчын, хоць на самой справе цяпер у мужчын іх куды менш, асабліва замацаваных на заканадаўчым узроўні. Доб­ра, што ў Працоўным кодэксе з’явілася права для мужчын на адпачынак у сувязі з нараджэннем дзіцяці – шкада толькі, што не аплочваемы, і бацьку трэба выбіраць: зарабляць грошы для сям’і ці пабыць у самыя важныя і складаныя дні разам з жонкай і нованароджаным дзіцем.
2. Вы добры бацька?
Мікалай Макей:
– Здаецца, нармальны.
Хоць па-сапраўднаму адчуў сябе бацькам, калі з’явіліся ўнукі. З іх нараджэннем жыццё поўнасцю мяняецца. Часта гавораць, што ўнукаў любяць больш за дзяцей. Я так не сказаў бы. Як, якой лінейкай ці прыборам можна вымераць велічыню любові? Проста да іх адносішся зусім па-іншаму: адчуваеш большую адказнасць, пяшчоту, занепакое­насць; баішся, каб не прадула малога часам ці не ўлез куды. За дзяцей не так перажываў…
Юрый Адула:
– Пра гэта трэба не ў мяне пытаць, а ў дзяцей і ў жонкі. І, магчыма, яны адкажуць на гэтае пытанне па-рознаму, бо кожны ўкладвае ў паняцце «добры бацька» нешта сваё.
Скажу адно: мы будуем узаемаадносіны ў сям’і не па нейкіх пісаных правілах, не па кніжках, а па агульных прынцыпах, якія выпрацаваліся з гадамі.

Сям'я Адула

3. Які метад выхавання – бізун ці пернік – лічыце правільным?
Мікалай Макей:
– Што такое папруга, мае дзяўчаты не ведалі. Голас, здаралася, павышаў, – не без таго. 
Але і тое праўда, што праб­лем з дочкамі ў нас з жонкай не было. Кантраляваць, а тым больш прымяняць «бізун», не даводзілася – хапала слова. І нармальнымі людзьмі выраслі. Старэйшая працуе разам з мужам у АСЭ. Малодшая жыве ў Падмаскоўі, прыватны прадпрымальнік. Траіх унукаў нам з жонкай падарылі. Мне грэх скардзіцца на дзяцей. 
Юрый Адула:
– Бізун у сэнсе фізічнага пакарання ў нашай сям’і не існуе. Самае большае, што я магу – павысіць голас. Але часцей хапае позірку.
Дзецям я дазваляю ўсё – у рам­ках разумнага, вядома. Нават сядзець у гаджэтах. Кам­п’ютары і тэлефоны сёння не ганіць толькі лянівы – а я бачу, што там шмат цікавай, карыснай, развіваючай інфармацыі і заняткаў. А да патэнцыяльна небяспечных ці шкодных рэсурсаў можна абмежаваць доступ, гэта не праблема.
Да мяне бацькі таксама не прымянялі меры фізічнага ўздзеяння. Нас у сям’і пяцёра, я чацвёрты. Старэйшыя вы­хоў­валіся ў больш строгіх пра­вілах, але з цягам часу бацькі зразумелі, што папругай нічога не даб’ешся. І мы з малодшай сяст­рой раслі ў поўнай дэмакратыі! Хоць пры гэтым было дастаткова погляду бацькі ці маці, каб зразумець: усё, далей – ні кроку!

4. Што з таго, чаму вучылі вас бацькі, хацелі б перадаць дзецям?
Мікалай Макей:
– Бацька навучыў мяне з малых гадоў упраўляцца з любой вясковай працай, усё рабіць сваімі рукамі – за гэта вельмі ўдзячны. Дочкам хоць і няма патрэбы касіць ці дровы секчы, але рукі ў іх таксама растуць з патрэбнага месца: усё, што належыць, умеюць рабіць.
У маім дзяцінстве слова бацькі было законам. Тое ж і ў нашай сям’і. Не ведаю, можа, дочкі ў душы не заўсёды згодны са мной, але маўчаць: бацькава слова – святое! 
Юрый Адула:
– Не ламаць жыццё дзіцяці, не перашкаджаць яму. Хоча нечым заняцца – хай спрабуе. Нават калі разумею, што гэта не яго – няхай сам пераканаецца. 
Мне ў дзяцінстве дазвалялі ўсё! Апячэшся – больш не палезеш. А забароняць – будзеш потым вінаваціць: усё магло б быць інакш, каб не ты…
Зрэшты, быў у жыцці пераломны момант, калі я паслухаўся маці – і ні разу потым не пашкадаваў. З дзяцінства марыў стаць урачом. Але пасля школы паступіць не атрымалася. І мама – бацькі на той час ужо не было – параіла ісці ў юрыдычны. Шмат пазней зразумеў, што гэта было правільнае рашэнне: медыцына – абсалютна не мая справа.

5. Памятаеце, у Маякоўскага: «Юноше, обдумывающему житьё, думающему, делать бы жизнь с кого…» Калі да вас прыйшлі б з такім пытаннем вашы дзеці, што вы ім адказалі б?
Мікалай Макей:
– Сказаў бы, што трэба заставацца сабой, а не імкнуцца быць да некага падобным. У свае 60 з хвосцікам не стараюся некага капіраваць.
Хоць аднойчы ў мяне спыталі, з кім я хацеў бы папіць чаю. Я падумаў: з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым – вельмі падабаецца мне гэты чалавек. Але гэта не азначае жадання стаць такім, як ён.

Сям'я Макей

Юрый Адула:
– У мяне не было ідэалаў, ніколі не імкнуўся быць да некага падобным. Усе людзі розныя, і нават той, хто вельмі падабаецца, калі даведаешся пра яго больш, аказваецца не такім ужо і беззаганным…
І дзеці ў нас непадобныя адзін да аднаго. Оля вельмі спакойная, ураўнаважаная: дзе яе пакінеш, там праз паўгадзіны і знойдзеш. А Дзяніс і пяці секунд не пастаіць на адным месцы. 
Таму, калі такое пытанне ўзнікла б, параіў бы заставацца сабой – і быць добрым чалавекам.

Текст: Нина Рыбик