Карысны вечар у добрай кампаніі

16:30 / 26.08.2022

Карыснымі і трывалымі сталі кантакты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Удалае спалучэнне маладой энергіі і сталай мудрасці дало добры плён: адна за адной узнікаюць цікавыя ідэі, праводзяцца сумесныя спартыўныя спаборніцтвы, на якіх заўжды перамагае дружба, святы, конкурсы. І ўсё -- у атмасферы павагі і клопату пра людзей залатога ўзросту.

Вось і нядаўна ва ўтульнай альтанцы на тэрыторыі тэрытарыяльнага цэнтра сабраліся наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей -- пастасавацца, пачуць карысныя парады ад гасцей. Імпрэзу адкрыла загадчыца аддзялення Дзіяна Кісель і пазнаёміла з суразмоўцамі -- старшынёй раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа" Анастасіяй Ляховіч, інструктарам па аказанні першай дапамогі з каманды хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі БТЧК Аксанай Кардаш і старшым інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Астравецкага РАНС Мартай Мілаш. Тэмы для абмеркавання знайшліся хутка і пры тым актуальныя -- як засцерагацца ад ковіднай навалы, што пагражае чарговым "візітам", як распазнаць, што чалавека раптам "накрыў" інсульт, і аказаць першую дапамогу да прыезду "хуткай". На жаль, людзей пажылога ўзросту часта насцігаюць розныя хваробы і немачы, часам зусім неспадзявана... А часам і самі мы наклікаем на сябе розныя беды -- то у лесе заблудзімся, то сіл сваіх не разлічым у дарозе ці на родным агародзе....

Шмат карыснага пачулі пенсіянеры ад спецыялістаў, паразважалі над пытаннямі спецыяльна падрыхтаванай віктарыны.

А "разыначкай на торце" стала выкананне прыпевак пра МНС -- у знак захаплення, адабрэння і ўдзячнасці за нялёгкую, але вельмі патрэбную службу. А праспявалі іх удзельніцы вакальнай групы "Аксаміткі" Тамара Андралойць і Святлана Мешкіс. На памяць аб сустрэчы выратавальнікі ўручылі сваім старэйшым сябрам невялічкія падарункі, а заты разам ўселіся піць духмяную гарбату з пірагом.




Фота з архіва ТЦСАН.

Текст: