Што ўразіла мядзельскіх ветэранаў на Астравеччыне

10:27 / 16.08.2022
На мінулым тыдні Астравецкі раён наведала дэлегацыя мядзельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў на чале са старшынёй Уладзімірам Валасевічам. Мэта візіту была двуадзінай: абмен вопытам работы з калегамі і знаёмства з Астравеччынай.

Гасцей гасцінна сустрэлі гаспадары – актыў раённага савета ветэранаў і яго старшыня Ірына Шлях­тун: напаілі гарбатай, расказалі пра асноў­ныя напрамкі работы, падзяліліся здабыт­камі і праблемамі.

Але нездарма кажуць, што лепш адзін раз уба­чыць, чым сто – пачуць. Таму астравецкія і мя­дзель­скія ветэраны адправіліся ў сумесную вандроўку па горадзе і раёне, а Ірына Шляхтун узяла на сябе ролю гіда.

Пачалося знаёмства з даніны памяці загінулым землякам – ускладання кветак да помніка савецкім воінам і партызанам. Далей гасцей чакала экскурсія па Астраўцы – тыя, хто бываў тут раней, з цяжкасцю пазнавалі былы пасёлак. А гаспадары па-новаму паглядзелі на родны горад: каменныя скульптуры ў цэнтральным скверы, помнік Пятру і Феўроніі ля царквы, новыя вуліцы і мікрараёны.

Паралельна ішло знаёмства з вопытам работы астраўчан. У Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яго дырэктар Святлана Куцько расказала, чым і як тут займаюцца пажылыя людзі, якую дапамогу ім аказваюць сацыяльныя службы. Загадчык сектара культуры райвыканкама Вольга Баяровіч прадэманстравала шматлікія магчымасці для цікавага і насычанага правядзення вольнага часу ўсіх катэгорый насельніцтва, у тым ліку і ветэранаў працы, створаныя ў шматфункцыянальным культурным комплексе. Валерый Блахін, кіраўнік групы «Актыўнае даўгалецце», што дзейнічае ў САК «Імпульс», пазнаёміў з астравецкімі прыхільнікамі здаровага ладу жыцця з ліку тых, каму 60+.

А вішанькай на торце стала наведванне Гервят: тамтэйшы касцёл Святой Тройцы і дэндрапарк пры ім нікога не пакідаюць раўнадушным. 

Госці ад’язджалі з Астравеччыны, перапоўненыя эмоцыямі і добрымі ўражаннямі. І, вядома ж, запрашалі наведаць Мядзельшчыну: ім таксама ёсць чым пахваліцца.

З першых вуснаў

Уладзімір Валасевіч, старшыня мядзельскага савета ветэранаў:

– Даўно хацелі прыехаць на Астравеччыну: марылі пабываць на атамнай станцыі, пабачыць на свае вочы ваш знакаміты ва ўсёй Беларусі гервяцкі касцёл, ацаніць, наколькі змяніўся Астравец за апошнія гады. На АЭС патрапіць не ўдалося – аказваецца, гэта не так проста. Што, магчыма, і правільна: не той гэта аб’ект, куды можа заходзіць без папярэджання кожны жадаючы. Паглядзелі на гэтую махіну здалёк.

Затое ў астатнім праграма была выканана: пазнаёміліся з работай калег – у іх шмат цікавых напрацовак, з горадам, засталіся ў захапленні ад гервяцкага касцёла. Увогуле, уражанні – найлепшыя! 






Текст: Нина Рыбик