У гасцёўні “АП” – аксакалы раённага раслінаводства Мар’ян Комар і Леанард Мікліс

15:24 / 15.08.2022
779
Жніво на Астравеччыне адолела экватар: у раёне абмалочана крыху больш за палавіну збожжавага кліна. Аксакалам сельскай гаспадаркі, загадчыку раслінаводчага ўчастка №1 КСУП «Міхалішкі» Мар’яну Комару і памочніку загадчыка раслінаводчага ўчастка №1 КСУП «Гудагай» Леанарду Міклісу, наш карэспандэнт задаў некалькі пытанняў пра жніво.

– Якая культура сябе сёлета найлепш зарэкамендавала, а якая – найгорш?

Мар’ян Зыгмундавіч:



– У КСУП «Міхалішкі» ў гэтым годзе слабы рапс. На гэта ёсць розныя прычыны, у тым ліку і нашы недапрацоўкі. Парадаваў элітны азімы трыцікале, які на некаторых участках даў 53 цэнтнера з гектара. Яго пасеялі на месцы цукровых буракоў, якія лічацца добрымі папярэднікамі, таму і вынік такі добры. Пшаніца нядрэнная. У завідзіненцкай зоне, напрыклад, ячмень на круг даваў па 41-43 цэнтнера. Для параўнання: у гэтым годзе ўраджайнасць збожжавых складае амаль 32 цэнтнера з гектара, летась – толькі 21. 

Леанард Станіслававіч:

– КСУП «Гудагай» лічыцца элітгасам, мы спецыялізуемся на вытворчасці насення збожжавых і бульбы. Таму раслінаводству ў нашай гаспадарцы надаецца вялікая ўвага.

Збажына сёлета радуе: на круг дае на 10 цэнтнераў больш, чым у 2021-м. Рапс, які цалкам убралі, усцешыў: сыпаўся пад 40 цэнтнераў.

У нашай гаспадарцы абмалочана пала­віна збожжавага кліна: пачалася ўборка і на маім участку – гэта Ліпнішкі, Малі, Філіпаны, Дзірмуны, часткова Кярняны. На мой погляд, найлепш сёлета ўрадзіла азімая пшаніца, будзе сыпацца больш за 40 цэнтнераў, магчыма, і пад 50. Ячмень добра выглядае, жыта, авёс… Калі справім «Дажынкі», тады канчаткова можна будзе гаварыць пра ўраджай. 

– У чым, на ваш погляд, асаблівасць жніва-2022?

Мар’ян Зыгмундавіч:

– Мне здаецца, што ў гэтым годзе лепш падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі, у першую чаргу дзякуючы арганізатарскім здольнасцям дырэктара Андрэя Стаповіча і галоўнага агранома Алега Кавалевіча. Таму, як кажуць, паспяваем ісці ў нагу з іншымі гаспадаркамі. Пазалетась на жніве нам дапамагалі экіпажы з Ваўкавыскага раёна, летась – з КСУП «Гервяты» і «Гудагай». Дзякаваць богу, пакуль спраўляемся ўласнымі сіламі.

Леанард Станіслававіч:

– Сёлетняе жніво пачалося пазней, чым у мінулыя гады, адначасова ўбіралі рапс і збожжавыя. На некаторых участках вятры і дажджы паклалі збажыну, што ўскладняе яе абмалот – але камбайнеры ў нас вопытныя, імкнуцца ўбраць ураджай без страт. Тэмпы стрымлівае надвор’е. Не дажджыла б – за тыдзень-два ўправіліся б. 

– Які рабочы графік у камбайнераў, а які – у вас?

Мар’ян Зыгмундавіч:

– У КСУП «Міхалішкі» на ўборцы задзейнічана 7 камбайнаў, на падыходзе – восьмы. Адна хлебаўборачная машына вытворчасці «Гомсельмаш» новая – сёлета яе даверылі Віталю Вайнілку і Аляксею Ермаку. Механізатары талковыя і адказныя. 

Пасля сямі раніцы збіраемся на меха­нічных майстэрнях у Міхалішках і абмяр­коўваем задачы на дзень. У залеж­насці ад надвор’я камбайнеры працуюць у полі да позняга вечара. Учора, напрыклад, абмалочвалі да 9 вечара, пакуль не задажджыла.

Мой рабочы графік кожны дзень розны. Як брыгадзір адказваю не толькі за ўбор­ку, але і за ворыва, культывацыю, корманарыхтоўку. Дарэчы, на 12 жніўня пад сяўбу азімага рапсу ўжо падрыхтавалі 330 гектараў, ці 63% ад плана. На 170 гектарах пад будучы ўраджай крыжакветкавага ўнеслі калій. 

Леанард Станіслававіч:



– На механічных майстэрнях у Малях і Палушах камбайнеры і вадзіцелі збі­раюцца каля 7 гадзін раніцы, абслу­гоўваюць тэхні­ку, запраўляюцца – і пачы­наецца працоўны дзень. Калі дазваляе надвор’е і няма расы, у полі хлебаробы затрымліваюцца да 22-23 гадзін. Учора, напрыклад, на маім участку хлопцы працавалі да шасці гадзін вечара, потым пачаўся дождж. 

На ўборцы адказным па гаспадарцы прызначаны намеснік дырэктара па вы­т­вор­часці Андрэй Вінча – ён кантралюе ўвесь працэс, таму нам, памочнікам брыга­дзіраў, у гэтым сэнсе лягчэй.

Я замацаваны за малочна-таварнымі комплексамі і фермамі «Малі», «Кярняны» і «Ліпнішкі». Сачу, каб у кароўніках своечасова перасцілалі салому, а на тэрыторыі жывёлагадоўчых аб’ектаў быў парадак. Таксама развожу па сваім участку абеды і падвячоркі хлебаробам.

– Параўнайце ўборку, калі вы пачыналі працаваць і цяпер.

Мар’ян Зыгмундавіч:

– У якасці брыгадзіра раслінаводчага ўчастка працую 28 гадоў, у сельскай гас­падарцы – звыш сарака. Раней калгасы былі, лічы, у кожнай вялікай вёсцы. Цяпер КСУП «Міхалішкі» складаецца з пяці даўнейшых гаспадарак: Жукойні (калгас імя Гімбіцкага), Супраненты («Зара»), Міхалішкі (імя Кірава), Страчанка (імя Янкі Купалы), Страча («Ясная паляна»), Масцяны (імя 50-годдзя ВЛКСМ).

Напачатку 90-х ураджайнасць збожжа была нізкая: 17-18 цэнтнераў з гектара, цяпер – звыш 30-ці. Значна змянілася тэх­ніка і агратэхнічныя прыёмы ў вядзенні раслінаводства. Каб было больш зразумела: камбайн «Ніва» ў параўнанні з сучасным «Палессем», тое ж самае, што «Жыгулі» і рэдакцыйны «Джылі». 

Не змяніўся толькі чалавечы фактар: і тады, і цяпер трэба працаваць. Праўда, раней на жніве было задзейнічана больш людзей. 

Леанард Станіслававіч:

– Працоўны шлях пачынаў у якасці галоўнага агранома ў калгасе «Чырвоны Кастрычнік» у 1975 годзе. Тачагачасная тэхніка і сучасная не ідуць ні ў якое параўнанне. Тады былі камбайны СК-4 – без кабіны, цяпер хлебаўборачныя машыны з кандыцыянерамі і камп’ютарамі. 

Мой бацька працаваў загадчыкам участка. У гаспадарцы было 12 камбайнаў – «Нівы», СК-4, нават некалькі СК-3. Памятаю, што ў 1972 годзе ўборку закончылі 12 жніўня – у гэты дзень было маё вяселле.

Даўней, калі ў калгасе збожжавыя давалі на круг 35 цэнтнераў, – гэта лічылі выдатным вынікам. Напачатку 80-х у калгасе «Чырвоны Кастрычнік» атрымалі ўраджайнасць пад 50 цэнтнераў – і трапілі на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі. 

Цяпер у КСУП «Гудагай» на ўборцы працуе 12 камбайнаў, у тым ліку 2 новыя. Збожжа на зернесклады адвозяць не «газончыкі», як даўней, а сучасныя МАЗы з прычэпамі…

За 40 гадоў значна змянілася сельскагаспадарчая тэхніка і падыходы да вырошчвання культур. Каб атрымаць добры ўраджай, трэба ўжо цяпер працаваць: заараць глебу, унесці ўгнаенні, выбраць доб­ры насенны матэрыял, што і робіцца ў КСУП «Гудагай». 

– Якую сельскагаспадарчую культуру любіце найбольш і чаму?

Мар’ян Зыгмундавіч:

– Люблю ўсе збожжавыя, па іх бачны вынік нашай працы. Але найбольш – пшаніцу – яна золата нашых палёў.

Леанард Станіслававіч:

– Раней аддавалі перавагу ячменю. Цяпер даспадобы пшаніца – яна найбольш за астатнія культуры запатрабаваная, больш цэніцца і дае цудоўную ўраджайнасць. Гэтая культура хоць і патрабуе большага клопату, але цалкам апраўдвае ўсе ўкладанні.

– Самы шчаслівы момант для агранома?

Мар’ян Зыгмундавіч:

– Жніво! Спакон вякоў гэта эпагей вясковага жыцця. Людзі ажыўленыя, радасныя, жвавыя. У гэты перыяд і заробкі большыя. 

Леанард Станіслававіч:

– Для мяне гэта пачатак уборкі! Душа радуецца, што плён тваёй працы не змарнаваўся – прыгорнутае ў глебу зярнятка стала важкім налітым коласам. Думаю, для многіх вяскоўцаў, нават тых, хто не працуе ў сельскай гаспадарцы, жніво – своеасаблівы час. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений