Сталі вядомы лепшыя корманарыхтоўшчыкі Астравеччыны (спойлер – інтрыга атрымалася)
Па добрай традыцыі Астравецкі райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ладзіць працоўныя спаборніцтвы сярод механізатараў і вадзіцеляў падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній. На корманарыхтоўцы яны вызначаюцца па выніках першага ўкосу. На сёлетняй касавіцы ў пяці намінацыях перамаглі добра вядомыя на Астравеччыны механізатары.
З дыпломамі і падарункавымі сертыфікатамі лідар прафсаюза аграрыяў Юрый Адула прыехаў павіншаваць лепшых корманарыхтоўшчыкаў з перамогай у спаборніцтве.
Зоркай сёлетняга вясенне-летняга сезону палявых работ можна назваць Валерыя Жэгарыса з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”. Вясной мужчына перамог у спаборніцтве на сяўбе збожжавых, потым – кукурузы, а цяпер прызнаны лепшым у раёне касцом.
З адвозкай зялёнай масы аўтамабілем найлепш справіўся Эдуард Дзенюш з КСУП “Варняны”. Па словах вадзіцеля, пашчасціла, што не здарылася паломак.
Адразу тры працаўнікі КСУП “Гервяты” святкавалі перамогу ў трох астатніх намінацыях (да слова, не ўпершыню!): Юрый Рэвака – у прэсаванні, Андрэй Махонька – на адвозцы зялёнай масы трактарам, а Сяргей Філімоненка – на падборы і здрабненні травы.
Віншуем лепшых корманарыхтоўшчыкаў з перамогай!
З першых вуснаў
Юрый Адула:
– Некалькі гадоў назад было зменена палажэнне аб правядзенні працоўнага спаборніцтва на корманарыхтоўцы: у кожнай з катэгорый пераможца цяпер вызначаецца па выкананай норме за дзень, а не па канчатковым аб’ёме работы – мне здаецца, гэта больш аб’ектыўны і праўдзівы падыход.
Парадавала, што адным з пераможцаў спаборніцтва стаў вадзіцель КСУП “Варняны”, чаго ўжо даўно не здаралася. На жаль, ніхто з міхалішкаўскіх працаўнікоў не ўвайшоў у лік пераможцаў.
Віншаванні прымае Валерый Жэгарыс
Андрэй Махонька
Эдуард Дзенюш
Сяргей Філімоненка
Юрый Рэвака