У Гудагаі адзначылі 15-годдзе каранавання цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай

15:26 / 19.07.2022
1184

Той, хто аднойчы быў на ўрачыстасцях у гонар Маці Божай у Гудагаі, адчуў пануючую там атмасферу еднасці і любові, будзе вяртацца сюды зноў і зноў…

Сёлетняе свята, прымеркаванае да 15-годдзя каранавання цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай, сабрала ў мястэчку сотні вернікаў.

Відаць, сам Усявышні пазначае месцы сваёй прысутнасці, дзе чалавек атрымлівае асаблівыя ласкі. Нездарма невялікі драўляны гудагайскі храм Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі быў прызнаны санктуарыем – асабліва намоленым месцам. Тут лягчэй дыхаецца, прасцей думаецца і глыбей верыцца. І гэтай любоўю хочацца дзяліцца з кожным стрэчным: чалавекам, птушкай, небам – каб ва ўсім свеце панавала гэтая невымоўная, неапісальная словамі гудагайская гармонія…

Гісторыя мясцовай парафіі непарыўна звязана са служэннем кармелітаў і цудадзейным абразам Маці Божай Шкаплернай. Існуе некалькі версій з’яўлення незвычайнай выявы ў ваколіцах мястэчка – і высветліць, якая з іх праўдзівая, на жаль, немагчыма. Але захаваліся гістарычныя дакументы: першы ўспамін у пісьмовых крыніцах пра абраз можна адшукаць у акце фундуша кляштара кармелітаў босых, датаваным 1764 годам. Паводле яго абраз “Маці Божай Гудагайскай славіўся цудамі ўжо сто гадоў”…

У другой палавіне 18 стагоддзя Войны пабудавалі ў мястэчку касцёл, у цэнтральным алтары якога быў змешчаны абраз. Пра гэтую знакавую падзею кляштарны летапісец згадваў, што “Гудагай набыў урачысты выгляд, уся дарога да касцёла выслана кветкамі…”

Пазней парафія была ліквідавана, абраз перавезены ў ашмянскі касцёл. Толькі праз стагоддзе Маці Божая Шкаплерная вярнулася дадому, у Гудагай, каб больш ніколі не пакідаць мястэчка. Захаваліся звесткі, што 2 жніўня 1907 года шматысячная працэсія, якую па дарозе, укленчыўшы, віталі жыхары навакольных вёсак, рушыла з Ашмянаў у Гудагай.

З таго часу бясконцы ланцужок пілігрымаў да цудадзейнага абраза ніколі не перарываўся. А на шкаплерныя ўрачыстасці, па ўспамінах ураджэнца гэтага краю ксяндза Аляксандра Ляховіча, у 1931 годзе “вернікаў было часам больш за 10 тысяч…” Большала і сведчанняў вернікаў і святароў пра ласкі і аздараўленне, атрыманыя дзякуючы Маці Божай Гудагайскай.

Копію яе абраза ў 1991 годзе падчас шматмільённай урачыстасці ў Ватыкане светлай памяці айцец Бярнард Радзік і тагачасны старшыня калгаса Мечыслаў Валуевіч змаглі перадаць Святому Яну Паўлу ІІ. Адлік каранацыі быў дадзены. Кароны з ахвяраваных шматлікімі вернікамі і пілігрымамі за дапамогу Марыі ўпрыгожанняў зрабіў адмысловы ювелір, іх благаславіў Папа Рымскі. Па ініцыятыве біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча быў выдадзены адпаведны дакумент – і 15 ліпеня 2007 года адбылася знакавая падзея не толькі для Астравеччыны, але і для ўсё Беларусі: папскія кароны ўпрыгожылі Маці Божую Гудагайскаю з дзіцяткам Езуса. Раздзяліць радасць з мясцовымі вернікамі прыехалі тысячы людзей: кіраўніцтва Астравецкага райвыканкама і Гродзенскага аблвыканкама, духавенства, пілігрымы…

Шмат людзей сабралася ў мястэчку і сёлета на святкаванне 15-годдзя каранавання гудагайскага абраза. Урачыстасць па традыцыі доўжылася два дні. Ні цёмныя набрынялыя празмернай вільгаццю хмары, ні кіламетры дарог не спынілі ахвочых падзякаваць гудагайскай апякунцы ці папрасіць у яе пра сваё, асабістае і сакральнае.

… Вечарам у суботу жывы вірлівы ланцужок расцягнуўся на некалькі соцень метраў па Гудагайскай кальварыі – адной з самай працяглай у Беларусі. Пераадольваючы зелянеючыя палі, крутыя пагоркі і раскіданыя на ўзлесках векавыя валуны, людзі перажывалі апошні шлях Хрыста да ўкрыжавання і разважалі пра яго пакуты. У канцы крыжовай працэсіі ішлі святары, якія спавядалі, раілі, слухалі кожнага ахвочага пазбавіцца грахоў.

Кульмінацыяй першага дня ўрачыстасці стала працэсія святла, калі начную цемру разганялі сотні трапяткіх агеньчыкаў лампадак і свечак.

Другі дзень фэсту завяршыўся святочнай імшой на беларускай мове з удзелам чатырох біскупаў. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень маладажоны, якія напярэдадні перад Богам і людзьмі далі клятву вернасці адзін аднаму, завіталі ў Гудагай, каб засведчыць сваё рашэнне ісці разам усё жыццё адной дарогай…

***

У драўляным храме ў Гудагаі

У сонца, дождж цябе чакае

Матуля Езуса – Марыя.

Яна плашчом ад бед укрые,

Падорыць веру і надзею,

Рукамі развядзе завею…

І ты адчуеш сэрцам зноў:

Што светам правіць Бог – любоў.













Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений