Якім было надвор’е 15-21 чэрвеня

18:00 / 20.06.2022


15-21 чэрвеня

Першы месяц лета не так час­та, як хочацца засумаваўшым па цяплу беларусам, радуе нас па-сапраўднаму высокімі тэмпературамі. Часцей за ўсё яны вагаюцца ў межах +200С. Як сведчаць назіранні за надвор’ем Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі, сёлетні чэрвень – не выключэнне. 

Толькі вось тры мінулыя гады, з 2019-га па 2021-гі, калі дзённыя чэрвеньскія тэмпературы вагаліся ў межах ад +250С да +300С, крыху распесцілі нас. Не часта, але здараўся цёплым пачатак лета і ў іншыя гады, да прыкладу, у 1992-м, 2002-м, 2007-м, 2013-м.

Хоць, як сведчаць запісы ва­ронскіх натуралістаў, куды часцей у гэты час слупок тэрмометра не ўздымаўся і да +200С. Халодным і даж­джлівым быў трэці тыдзень чэрвеня ў 1989, 1990, 1994, 1996, 1998, 2004, 2009, 2010, 2014 гадах. «Сена шмат накошана, але з-за дажджоў нічога не ўбрана, мокне сена», – запісаў 19 чэрвеня 1994 года ў дзённіку Стэфан Рамэйка. 

А падчас рэзкіх перападаў тэмператур, дажджы суправаджаліся грымотамі і моцным ветрам. У 1991 годзе 17 чэрвеня было +180С, а ў ноч на 18-е – навальніца, дзённая тэмпература паднялася да +300С. Вечарам зноў узняўся вецер, прыйшла навальніца з градам – і на другі дзень тэмпература апусцілася да +150С.

Здараліся ў гэты час і выключныя прыродныя з’явы. Так, 17 чэрвеня 2010 года Станіслаў Памецька раніцай, да ўсходу сонца, назіраў за каметай Макнота – у той год гіганцкае нябеснае цела, у дыя­метры большае за Юпіцер, хвост якога расцягнуўся на мільёны нябесных кіламетраў, максімальна наблізілася да Зямлі і ў паўночна-заходнім паўшар’і бачыць яе можна было няўзброеным вокам. Гэтай магчымасцю скарыстаўся варонскі даследчык прыроды, зрабіўшы адпаведны запіс у дзённіку. 

НАРОДНАЯ ПРЫКМЕТА

22 чэрвеня – дзень летняга сонцастаяння. Лічылася, што гэты час асаблівы для новых спраў. Распачатыя ў гэты дзень праекты могуць прынесці неверагодную ўдачу – ці закончыцца поўным правалам. Рызыкаваць ці не – кожны вырашае сам.

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і 

Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 


Фото: Светлана Фёдорова