Сохраним лосося в островецких реках

08:00 / 23.08.2012
Новы праект грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) накіраваны на стварэнне і развіццё ў Беларусі сеткі захавальнікаў ласося. На працягу некалькіх гадоў АПБ паспяхова развівае сетку захавальнікаў тэрыторый, важных для птушак (ТВП) – чаму б не распаўсюдзіць падобны вопыт на новы, на гэты раз водны, аб’ект? Тым больш, што захаванне папуляцыі “чырвонакніжных” рыб шмат у чым залежыць і ад жыхароў Беларусі!

Два віды ласасёвых рыб: балтыйскі (атлантычны) ласось (Salmo salar) і кумжа (Salmo trutta) штогод прыходзяць з Балтыйскага мора ў нашы рэкі для нерасту. Яшчэ нядаўна сёмга і кумжа (некалі звычайныя насельнікі беларускіх рэк Балтыйскага бассейна!) лічыліся знікшымі.
Аб шматлікай колькасці ласосяў у Нёмане, напрыклад, сведчаць даныя іхтыялагічных матэрыялаў з раскопкаў старажытнай крэпасці XIII-ХIV ст. у г. Гродна – ласосі ў басейне Нёмана былі настолькі шматлікімі, што служылі асноўнай крыніцай для харчавання буйных самоў.
У 60-я гады XX стагоддзя іхтыёлагі не адзначалі кумжу ў нашых рэках, а сёмгу лічылі цалкам знікшай у межах БССР! Галоўнай прычынай паслужыла будаўніцтва буйных плацін і гідраэлектрастанцый на рэках Нёман і Заходняя Дзвіна, таму што сёмга і кумжа з’яўляюцца праходнымі відамі рыб – асноўны час яны праводзяць у моры, а для нерасту падымаюцца ў рэкі. На шчасце, магчымасць для заходу на нераст у Беларусь захавалася на рацэ Вілія. Хоць сучасная колькасць папуляцый дзікіх ласасёвых відаў у Беларусі недапушчальна нізкая.
Неспрыяльна ўздзейнічаюць на ласосяў забруджванне рэк, парушэнне водаахоўных зон, перашкоды на малых рэках – на шляху да нерасцілішчаў. Да таго ж, некаторыя мясцовыя жыхары нелегальна вылаўліваюць ласося падчас нерасту, нягледзячы на тое, што абодва яго віды маюць самы высокі ўзровень аховы і занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Незаконная здабыча рыбы прыводзіць да таго, што нярэдка паспяховасць яе нерасту набліжаецца да нуля, а беларускія малыя рэкі ператвараюцца ў экалагічную пастку для ласосяў. Але ж чым менш рыб зможа паспяхова завяршыць нераст, тым менш іх вернецца ў нашы рэкі праз некалькі гадоў…
Праект АПБ “Захавальнікі жывых рэк: удзел грамадскасці ў захаванні дзікага балтыйскага ласося ў Беларусі і Літве” мае сваёй мэтай садзейнічаць павышэнню ўзроўню экалагічнай адказнасці жыхароў рэгіёна, у якім яшчэ сустракаюцца ласосі.
Так, у яго рамках будуць устаноўлены інфармацыйныя аншлагі з асаблівасцямі біялогіі ласасёвых рыб. Рыхтуецца да выхаду фільм пра беларускіх ласосяў, у якім будуць паказаны ўнікальныя кадры нерасту кумжы ў рэках Астравеччыны. З фотаздымкаў, зробленых удзельнікамі праектных мерапрыемстваў, будзе створана фотавыстава “Захаваем ласося разам”. Фільм і фотавыстава будуць шырока дэманстравацца ў рэгіёне.
Жадаючыя актыўна ўдзельнічаць у праекце змогуць стаць захавальнікамі ласося! Запрашаем у свае рады ўсіх неабыякавых да гэтай праблемы людзей, якія гатовы ўнесці свой пасільны ўклад у захаванне рэдкіх рыб у Беларусі. Быць захавальнікам – гэта не праца і не абавязак, гэта – стан душы.
У рамках праекта таксама будуць арганізаваны спецыяльныя семінары, падчас якіх эксперты дапамогуць будучым захавальнікам ласося атрымаць неабходныя веды і навыкі. У сезон нерасту захавальнікі ласося разам з валанцёрамі будуць прымаць удзел у патруляванні рэк.


Вольга ЛУКШЫЦ, каардынатар праекта “Захавальнікі жывых рэк: удзел грамадскасці ў захаванні дзікага балтыйскага ласося ў Беларусі і Літве”.



Першы семінар для будучых ахоўнікаў ласося пройдзе 25-26 жніўня ў Варнянах

Для ўдзелу ў семінары (або ў праекце па захаванню ласося) трэба звязацца з яго арганізатарамі: Вольга Лукшыц (гар. 8-017-263-06-13, маб. – 8-029-384-61-22, адрас электроннай пошты – lukshyts@ptushki.org).

Удзел у семінары бясплатны.