Каго астраўчане ўзгадваюць 9 Мая

15:26 / 08.05.2022
436

000_4418.jpg

Дзень Перамогі – свята, калі мы ў думках і малітвах, на мітынгах, ля абеліскаў і помнікаў узгадваем герояў, якія здабылі мір для нас, і кожнага, хто перажыў жудаснае ваеннае ліхалецце. У астраўчан і жыхароў Астравеччыны наш карэспандэнт пацікавіўся, каго яны ўспамінаюць 9 Мая. 

Марыя Русецкая, індывідуальны прадпрымальнік:

Русецкая.jpg

– Ведаць пра франтавікоў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў канцэнтрацыйных лагераў – абавязак кожнага беларуса. На жаль, з кожным годам сведак тых далёкіх жудасных падзей становіцца ўсё менш – але памяць жывая і яна будзе жыць. У нашай сям’і мы прыгадваем блізкіх, якіх непасрэдна закранула вайна: светлай памяці цётачку Юзэфу Францаўну – яна была непаўналетнім вязнем, маму – Гэлену Паўлаўну. Вечная ім памяць. 

Мікалай Верамейчык, пенсіянер:

Верамейчык.jpg

– Бацька родам з Брэсцкай вобласці. Калі пачалася вайна, у яго быў непрызыўны ўзрост. Тату і іншых падлеткаў пагналі ў Германію. Ён працаваў у фермера. Аднойчы з гаспадаром яны ехалі на машыне і іх спынілі нямецкія паставыя. Адзін нешта запытаў у майго бацькі, а ён сказаў, што не разумее. З усёй сілы фашыст ударыў кулаком па твары – ведаю, што сківіца ў бацькі балела ўсё жыццё. 

Станіслаў Вайцяховіч, пенсіянер:

Вайцяховіч.jpg

– Майго тату, Юльяна Віктаравіча Вайцяховіча, прызвалі на фронт у 1943 годзе. Тата вярнуўся з вайны жывым. Чалавекам ён быў разум­ным. Працаваў брыгадзірам раслінаводчага ўчастка, падлікоўцам у калгасе імя Янкі Купалы. Бацька быў вельмі спакойным, разважлівым, відаць, характарам я пайшоў у яго. Тата пражыў доўгае жыццё – з матуляй яны памерлі ў адзін год.

Яўген Волкаў, ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва:

Волкаў.jpg

– Памяць пра блізкіх, чый лёс апаліла Вялікая вайна, жывая ў нашай сям’і. Мой дзядуля Іван Фёдаравіч Волкаў пачынаў з Савецка-фінскай вайны, потым была Вялікая Айчынная… Дзядуля не любіў узгадваць тыя падзеі, як і большасць ветэранаў. Ён узнагароджаны медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна», ордэнам Чырвонай Зоркі. 
А бабуля Марфа Уладзіміраўна Волкава прайшла два канцэнтрацыйных лагеры: латвійскі «Саласпілс» і нямецкі «Заксенхаўзен». 

Інэса Хвастовіч, хатняя гаспадыня (без фота):
– Кажуць, што амаль у кожнай сям’і адшукаецца хоць бы адзін родзіч, які спазнаў горкі прысмак вайны. Ні ў мяне, ні ў мужа ніхто не ваяваў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Аднак мне пашчасціла быць знаёмай з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Юрыем Міхайлавічам Александровічам з вёскі Фальваркі. Гэта быў неверагодны чалавек, з добрым сэрцам, вялікай адкрытай душой і жартаўлівым характарам.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений