Где, по мнению островчан, находится центр нашего города

15:39 / 28.04.2022
За апошнія гады Астравец з «канца свету» стаў яго пачаткам: прыгожым сучасным горадам, дзе побач са старажыламі жывуць маладыя сем’і і гарманічна суседнічаюць сучасныя дамы з будынкамі мінулага стагоддзя. 

У астраўчан і жы­ха­роў раёна карэспандэнт пацікавіўся, дзе, на іх думку, знаходзіцца цэнтр нашага горада, і папрасіў расказаць, за што яны любяць Астравец.



Ілля Сымановіч, пенсіянер:

– Не толькі Астравец сёлета будзе святкаваць юбілей з нагоды набыцця статуса горада, але і я. Сёлета спаўняецца 50 гадоў як гэты населены пункт і ўвогуле астравецкая старонка сталі для мяне роднымі. Хоць за апошні час Астравец значна памажнеў і пабольшаў, але душой і сэрцам я прыкіпеў да старога горада, яго будынкаў і вуліц – тут прайшлі лепшыя гады майго жыцця. 



Дзіяна Аляксандрава, у адпачынку па доглядзе дзіцяці: 

– Хоць жыву на хутары, але часта бываю ў Астраўцы, і цэнтр для мяне знаходзіцца дзесьці паміж другім і трэцім мікрараёнамі. У мяне там увесь дзвіж. Думаю, зусім хутка ўсю ўвагу прыцягне да сябе трэці мікрараён.

Астравец падзяліўся на стары і новы горад, але ўсё адно я лічу яго самым лепшым, бо ён родны. Адзінае, чаго яму не хапае, арт-прасторы. Тым не менш, разумная і таленавітая моладзь ёсць. Няхай квітнее наш любімы Астравец!



Ангеліна Пану, кантралёр-касір: 

– Штодзень прыязджаю на работу з Дайлідак у Астравец і ніколі не задумвалася, дзе знаходзіцца яго цэнтр. На жаль, у мяне няма магчымасці пагля­дзець на горад з вышыні птушынага палёту – скажу наўздагад: цэнтральная плошча, а калі больш дакладна – указальнік адлегласцей да розных гарадоў, які ўстанавілі напярэдадні святкавання 550-годдзя Астраўца. 



Анастасія Пазлевіч, вартаўнік:

– Я з Варнян, але родным,  блізкім і любімым лічу Астравец, бо тут прай­шла большая частка свядомага жыцця: тут мы з мужам звілі сямейнае гняздзечка і нарадзілі дзяцей. Хто мог калісьці падумаць, што наша Бараноўка будзе вуліцай горада. 

Гістарычны цэнтр Аст­раў­­­ца, мне здаецца, гэта плошча з помнікам Леніну, невялікі сквер ля яго, касцёл Святых Космы і Даміяна... Менавіта тут раней канцэнтравалася жыццё. 



Антаніна Верабей, кансультант у аўтамагазіне: 

– Цэнтрам Астраўца па-ранейшаму лічу вуліцы Карла Маркса і Ленінскую, будынкі пошты, райвыканкама, Дому быта, Беларусбанка, а таксама часткова раён «Замі». Сэрцам любога населенага пункта з’яў­ляецца не яго тэрытарыяльнае размя­шчэнне на карце, а кропкі прыцягнення людзей. Так, у нядзелю ўсе дарогі з большага вядуць у храмы – таму іх можна лічыць духоўнымі цэнтрамі нашага горада. На мой погляд, новыя мікрараёны больш спальныя: там, безумоўна, вялікая канцэнтрацыя лю­дзей, але яны ў асноўным спяшаюцца на работу, забраць дзяцей, забегчы за пакупкамі і назад… 
Текст: