Астравецкія выратавальнікі на водах прымалі віншаванні з нагоды 150-годдзя ўтварэння іх таварыства
Адна са старэйшых арганізацый Беларусі – рэспубліканскае таварыства выратавання на водах – адзначыла 150-годдзе з дня ўтварэння. З гэтай нагоды астравецкія выратавальнікі на вадзе прымалі віншаванні ад прадстаўнікоў раённай улады і калег з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
З гісторыі вядома, што 25 красавіка 1872 года Аляксандр ІІ заснаваў Таварыства аказання дапамогі падчас караблекрушэння – ад гэтай даты вядзе сваю гісторыю сучаснае таварыства выратавання на водах.
Астравецкая выратавальная станцыя ля вадасховішча Янаўскае ўзнікла 15 сакавіка 2003 года. Дарэчы сказаць, калектыў астравецкіх выратавальнікаў на вадзе невялікі: 9 чалавек, з якіх 3 працуюць тут з самага пачатку.
– Ваша прафесія адна з найстарэйшых і самых гуманных, – у віншавальным слове адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – Адначасовы вы выконваеце некалькі задач: ратуеце людзей і імкнецеся не дапусціць бяды прафілактычнымі акцыямі і мерапрыемствамі. Вы працуеце з рознымі людзьмі, у тым ліку з падрастаючым пакаленнем. Таму работы ў вас заўсёды шмат.
Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко падкрэсліў, што астравецкая раённая арганізацыя – унікальная:
– Вы дапамагаеце ў складаных сітуацыях на вадзе суседнім раёнам, дзе няма вадалазна-выратвальнай “службы”. Хочацца пажадаць, каб у вашым калектыве вы былі не проста калегамі, а аднадумцамі.
Цёплыя віншаванні былі падмацаваныя Падзячнымі лістамі, ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі ад раённага выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў.
За добрасумленную працу, актыўную работу і з нагоды 150-годдзя ўтварэння таварыства ўзнагароды атрымалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Аксана Кардаш, старшая медсястра Марыя Баброўская, матросы-выратавальнікі Уладзімір Рынкевіч і Іван Алёкса.
Ад імя выратавальнікаў раёна калег павіншаваў са значнай датай начальнік РАНС Віталь Рыбак, які ўручыў Прывітальны адрас, кветкі, а таксама адзначыў Падзякай за цеснае і плённае супрацоўніцтва аднаго з аксакалаў воднага выратавальнага руху Астравеччыны Сяргея Невяроўскага.






