Што набываюць астраўчане да велікодных свят

15:15 / 22.04.2022
543

Адчуванне свята шмат у чым залежыць ад падрыхтоўкі да яго: фарбавання яек, выпечкі пульхных кулічоў… У многіх магазінах горада з’явіліся адмысловыя “велікодныя куткі” з разнастайным асартыментам, працуе выязны гандаль.

Наш карэспандэнт пацікавіўся, як астраўчане ацэньваюць прадстаўлены там асартымент і што набываюць.


Алеся Лойка, кіраўнік фізічнага выхавання:

– Я праваслаўная і штогод старанна рыхтуюся да Пасхі. Кулічы не купляю – пяку сама.  Мне падабаецца, што ў многіх прадуктовых магазінах ёсць асобна выдзеленыя для велікоднага гандлю месцы. Набываю папяровыя сурвэткі з рознымі малюнкамі – для ўпрыгожвання яек у стылі дэкупаж, муку, дрожжы і цукаты – для булак. Дарэчы сказаць, раблю гэты ў розных месцах.


Ларыса Петрык, пенсіянерка:

– Купіла куліч на кірмашы. Да гэтага зайшла ў магазін, а там яны, падалося, не вельмі свежыя. Зазірнула ў гандлёвую палатку райспажыўтаварыства: добры выбар рыбы і мяса. Радуе, што аднолькавыя прадукты можна знайсці ў розных месцах і набыць танней. Лічу, што галоўнае – не колькі прысмакаў ты набудзеш ці прыгатуеш на Пасху, а з якім настроем яе сустрэнеш.

Людміла Аліхвер, прадавец:

– Напярэдадні Вялікадня ў нашым магазіне аргнізавалі невялікі куток. Побач з прадуктамі паставілі вярбу –прыгожа! Да слова, пакупнікі найбольш бяруць кулічы вытворчасці нашага астравецкага хлебазавода.

Іван Брушко, пенсіянер (без фота):

– Балазе, мінулі тыя часы, калі нічога нельга было дастаць… Цяпер былі б грошы – набыць можна ўсё, што душы заўгодна! Набыццём прадуктаў на велікодны стол у нашай сям’і займаецца жонка, я толькі пакеты падношу. (Усміхаецца). Але, прызнацца, у магазінах вока радуюць столікі са святочнымі кулічамі. 



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений