Рэпартаж з вясенне-палявых работ у РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”
10:14 / 19.04.2022
У апошнія гады гэтая гаспадарка дэманструе добры спрыт у многіх сельскіх работах і займае залатую сярэдзіну ў раённым табелі рангаў, прапусціўшы наперад толькі «гудагайцаў» і «гервятцаў».
Тэхналогія падрыхтоўкі глебы, папярэдняя апрацоўка насення эфектыўнымі пратручвальнікамі, унясенне мінеральных угнаенняў згодна з картаграмамі забяспечанасці ўчасткаў пажыўнымі рэчывамі, старанне і імпэт працаўнікоў – усё гэта вызначае тэмпы пасяўной.
Сейбіты прыгарнулі ў глебу насенне збожжавых на 950 гектарах, з іх 200 адвялі пад авёс, 590 – пад ячмень, 60 – пад пшаніцу, 100 – пад зернебабовыя. Агулам яравы клін сёлета складзе звыш 2 500 гектараў. Па стане на раніцу 18 красавіка засеяна 44%.
На трэцім раслінаводчым участку за вёскай Вялікія Свіранкі заспела некалькі адзінак тэхнікі: механізатары прыкрывалі ў глебе вільгаць, сеялі збожжа…
Станіслаў Казойць працуе ў гаспадарцы нядаўна. Пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа новаспечаны аграном прыехаў на работу ў Рытань – і не шкадуе.

– Родам я з Ашмяншчыны. Прафесію выбраў невыпадкова – з маленства люблю прыроду, тэхніку, – расказаў малады спецыяліст. – Для мяне гэта першая пасяўная. Зіма была снежнай, а вільгаці ў глебе не хапае. З напарнікам імкнёмся як мага больш апрацаваць зямлі.
– Максімальна за дзень культывую каля 35-ці гектараў, найменш – каля 15-ці, – да размовы далучыўся Аляксандр Собалеў. – Працаваў на будоўлі атамнай электрастанцыі, выязджаў на заробкі ў Расію, але любоў да сельскагаспадарчай тэхнікі ўрэшце перамагла.
Сейбіт Валерый Жэгарыс любіць сваю справу і тэхніку. Гэта можна зразумець, глянуўшы на дагледжаны і акуратны энерганасычаны трактар «Беларус-3022».
– Сёлетняя пасяўная найлепшая, без перабольшвання. Надвор’е па душы, хоць, канешне, вільгаці ў глебе мала, месцамі нават пыліць, – расказаў механізатар. – Летась дажджы наляталі. Калі ліло з неба, у поле не выходзілі: па-першае, у такіх умовах дрэнна загортваецца ў глебу насенне, па-другое, трактар можа загразнуць.

Пры найлепшым раскладзе за дзень Валерый Жэгарыс засявае 45-50 гектараў. З восені на СПУшках прыгарнулі ў глебу насенне азімых збожжавых і рапсу на плошчы каля 2 200 гектараў.
Пасля ячменю ў саўгасе пачнуць сеяць цукровыя буракі, калі слупок тэрмометра падымецца вышэй – цеплалюбівую кукурузу. Пад гэтыя культуры ў гаспадарцы адвядуць 280 і 1 140 гектараў адпаведна.
– Для сяўбы кукурузы існуюць агрэгаты дакладнага высеву фірмы «Кенза» і іншых вытворцаў. Ведаю, што такія сеялкі ёсць у некаторых гаспадарках раёна. Правільная глыбіня высеву, раскладка насення, адлегласць паміж зярнятамі і іх добры кантакт з глебай – усе тэхналагічныя аперацыі прадуманы да дробязяў, – гаворыць механізатар. – Дарэчы сказаць, і мой пасяўны комплекс «Оптыма» добра сябе зарэкамендаваў. Ведаеце, сеяць кукурузу больш адказна. Збожжавыя «ідуць» у 40 радкоў, і калі адзін заб’ецца, вялікай бяды не будзе. А вось насенне каралевы палёў сеецца толькі ў 8 радкоў – і агрэгат трэба пастаянна глядзець.
Загадчык раслінаводчага ўчастка №3 Уладзімір Шэша лічыць, што работа на палях залежыць не ад календара, а ад гатоўнасці глебы і надвор’я.
– Сёлета рана пачалася пасяўная. Хутка выйшлі ў поле – гэтак жа хутка і скончылі. Добры задзел зрабілі з восені. З дня на дзень пачнём сеяць цукровыя буракі. Пад іх і пад кукурузу рыхтуем глебу. Падкормліваем азімы рапс і збожжавыя… Настрой аптымістычны. Усё, што залежыць ад нас, – зробім. Нездарма нашы дзяды казалі: хоць памірай, а жыта сей, – з усмешкай падсумаваў Уладзімір Шэша.

Загадчык раслінаводчага ўчастка №3 Уладзімір Шэша

Насенне на поле падвозіць Павел Селікоўскі

Культывацыяй займаецца Аляксандр Собалеў

З плугамі па полі “ходзіць” Вальдэмар Наневіч
