Чыста там, дзе не смецяць

12:57 / 09.04.2022
468
Чыста там, дзе не смецяць, – для многіх гэта відавочна, нягле­­дзячы на тое, што ў нашай краіне служба ЖКГ працуе нядрэнна.

Ужо шмат гадоў сельскія Саветы і РУП ЖКГ «б’юцца» з заключэннем дагавораў з домаўласнікамі на вываз смецця з сельскіх населеных пунктаў. Тым не менш 100-працэнтнага ахопу насельніцтва такой паслугай так і не дасягнулі. Логікі жыхароў вёскі ў гэтым накірунку я зразумець не магу. На маю думку, сабраць смецце, вынесці кантэйнер ці мяшок да варотаў, дзе яго забярэ машына ЖКГ, нашмат прасцей, чым потым думаць, куды ж дзець рэшткі нашай жыццядзейнасці. 

Смецце ж збіраецца ў кожнага, і яго нямала. Нават калі ўсю паперу вы складваеце ў макулатуру, застаюцца пластыкавыя бутэлькі, поліэтыленавыя пакеты, шкло... – гэтыя адходы таксама трэба некуды дзяваць. Толькі некаторыя па-ранейшаму апраўдваюцца, што смецця ў іх няма, або думаюць, што яго можна два разы на год – вясной і восенню – вывезці куды-небудзь на задворкі вёскі: у бліжэйшы лясок, да калгаснага поля ці яшчэ куды.

У многіх сельскіх населеных пунктах мясцовае кіраўніцтва разам з ЖКГ пайшло насустрач людзям – з’явіліся пляцоўкі для раздзельнага збору смецця, на якіх устаноўлены кантэйнеры з надпісамі «шкло», «пластык»... Таксама добра – не толькі гараджанам, але і сельскім жыхарам варта вучыцца раздзяляць смецце. 

Толькі чамусьці не вучацца. Не раз даводзілася бачыць, як у гэтыя самыя кантэйнеры выкідваюць усё, што заўгодна. Тут можна знайсці і рэшткі ежы, і падгузнікі, і нават непатрэбныя ўжо будаўнічыя матэрыялы.

А тое, як гэта адбываецца, заслугоўвае асобнай размовы. Пад’язджае аўтамабіль, адкрываецца дзверка – і з яе вылятае пакет. І зусім не важна, што ён трапляе не ў кантэйнер, а падае побач з ім – машына ўжо ад’ехала і вадзіцелю (чытай – гаспадару!) зусім не важна, хто будзе пасля яго прыбіраць, што пакет могуць парваць бадзялыя сабакі ці каты ці смецце з яго разнясе вецер…

Асабіста мне – сорамна, а чалавеку, які так зрабіў, відаць, – не. Таму што на наступны дзень «карціна» паўтараецца.

І калі з тыдзень назад у нашым раёне пагаспадарыў вецер – неслабенькі, трэба адзначыць, – усе гэтыя пакеты, бутэлькі, паперкі і іншыя рэчы разнесла па суседніх агародах і палях. Цікава: хто будзе іх прыбіраць? Дакладна, не тыя, хто выкінуў.

Дарэчы, праблема гэта актуальна не толькі для сельскіх жыхароў, нямала ёсць і гараджан, якія лічаць неганебным кінуць фанцік, пакет ад чыпсаў ці шалупінне ад семачак на тратуар, а не ў сметніцу, і пры гэтым не звярнуць увагі на зробленую ў іх адрас заўвагу.

Шчыра кажучы, Астравец і ўвогуле наш край можна аднесці да разраду чыстых. Дворнікі шчыруюць з самай раніцы, вымятаюць тратуары і сцежкі – усё для таго, каб гараджанам было ўтульна і камфортна. А мы, на жаль, не заўсёды заўважаем іх цяжкую працу і пакідаем пасля сябе брудны след. Гэтак жа і ў вёсцы: здаецца, створаны ўсе ўмовы для таго, каб мы «не зарасталі» смеццем, тым не менш, некаторыя думаюць, што прыбіраць за сабой – не іх справа, для гэтага ёсць тыя, каму дзяржава плаціць грошы… І раз кантэйнеры нехта паставіў, той няхай і думае, хто будзе сарціраваць тое смецце і прыбіраць каля іх.

Чыста там, дзе не смецяць, ці там, дзе прыбіраюць? На гэтае актуальнае пытанне ў кожнага чалавека будзе свой адказ. Толькі вельмі хочацца, каб кожны з нас таксама задумаўся, які ўклад ён зрабіў у чысціню і прыгажосць нашай Астравеччыны.



Текст: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений