Ці будзем сёлета з хлебам? Меркаваннем дзеляцца працаўнікі КСУП “Гервяты”

15:58 / 07.04.2022
Да прыродных анамалій вяскоўцам не прывыкаць: надвор'е не першы год падкідвае сюрпрызы. Летась частку азімых давялося перасяваць вясной, потым яравыя вымаклі… Хоць прагнозы на ўраджай гэтага года пакуль рана рабіць, але пасевы нядрэнныя. Актыўна аграрыі праводзяць пасяўную кампанію.

Хутчэй за ўсіх да фінішу сяўбы ранніх збожжавых і зернебабовых набліжаюцца хлебаробы КСУП «Гервяты»: на раніцу чацвярга яны засеялі 91% ад запланаванага. Карэспандэнт пагутарыў з занятымі на вясенне-палявых работах механізатарамі.

На працягу апошніх двух-трох гадоў у гаспадарцы аддаюць перавагу азімай сяўбе збожжавых. Для параўнання: з восені пасеяна амаль 3 тысячы гектараў, вясной «гервятцы» плануюць прыкрыць у глебу насенне на плошчы 1 090 гектараў. Такая дальнабачнасць, па вялікім рахунку, у рэшце павінна апраў­даць сябе: па-першае, азі­мыя больш ураджайныя за яравыя, па-другое, акрамя збожжа, вясной трэба сеяць цукро­выя буракі, кукурузу, садзіць бульбу – агулам «асвоіць» звыш 3 300 гектараў. 

– Пазалетась упершыню ў гісто­рыі гаспадаркі пасеялі амаль 3 тысячы азімых збожжавых. У поў­ных аб’ёмах і ў патрэбныя тэрміны правялі неабходныя агратэхнічныя работы. Не хаваю, што ўскладаў вялікія спадзяванні на ўраджай. Але празмерна снеж­ная зіма зрабіла сваю справу: загінула амаль 500 гектараў – у асноўным трыцікале польскай се­лекцыі. Давялося перасяваць. Сёлета набылі айчыннае насенне – каля 80% ад патрэбнага, – па дарозе на поле расказаў галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька. – У гэтым годзе азі­мыя лепш выглядаюць. З дня на дзень думалі сеяць цукровыя бу­ракі – перачакаем, холадна яшчэ. 



Па словах галоўнага тэхнолага гервяцкіх палёў, структура яравых збожжавых засталася на ўзроўні мінулага года: 

155 гектараў зойме авёс, 
860 – ячмень, 
75 – зернебабовыя. 

Іх сяўбу даверылі вопытным і адказным механізатарам. На­маганнямі 2 сучасных па­сяў­ных комплексаў і СПУшкі ў сярэднім за дзень сяўба збож­­жавых ажыц­цяўляецца больш чым на 100 гектарах. 

На энерганасычаным трактары «Беларус» у счэпцы з камбі­наваным пасяўным ком­плексам аўстрыйскай вытворчасці «По­цін­гер» трэці год у полі шчыруе Рымантас Трапшыс. 

– Сею ячмень. За дзень у ся­рэднім, калі няма пераездаў і не чакаем, пакуль глеба «адпусціцца» пасля начных прымаразкаў, прыгортваю насенне на 40 гектарах. Сёлетняя пасяўная для мяне дванаццатая. Раней працаваў на комплексе АПП-М6, – расказаў сейбіт. – Усім забяспечаны: абед прывозяць у поле, насенне ёсць, паліва хапае – не стае толькі цеплыні і дажджу.



Меркаванне калегі падзяляе і бадай што cамы вопытны сейбіт гаспадаркі Эдуард Мілейша. Больш за 20 гадоў мужчына прыгортвае насенне ў глебу. 
Не толькі прафесійнае майстэр­ства выдзяляе Эдуарда Мар’я­навіча сярод іншых, але і пра­цавітасць, шчырасць. Двойчы партрэт мужчыны заносілі на раённую Дош­ку гонару, а ў 2016 годзе ў складзе астравецкай дэлегацыі ён прадстаўляў наш край на V Усебеларускім народным сходзе. 

– На «Джон-Дзіры», абсталя­ваным прычапным глеба­апра­цоўчым і пасяўным агрэгатам «Амазонія», сею авёс, – расказвае Эдуард Мілейша. – Хоць на ўзлесках глеба падмерзлая і дзе-нідзе нават снег ляжыць, вільгаці не хапае катастрафічна – самі бачылі, як пыліць. 



Цікаўлюся ў сейбіта, ці будзем у гэтым годзе з хлебам. 

– А калі не былі? – адказаў меха­нізатар і паспяшаўся да свайго пасяўнога комплексу. 

У апошнія гады ў гаспадарцы менавіта на крыжакветкавы робяць стаўку. 

Летась пад рапс адвялі 765 гектараў, сёлета – 900. 

З дня на дзень адкрыюць цэх па перапрацоўцы рапсавага насення. Алей «гервятцы» плануюць прадаваць, а вось бялковы жмых пойдзе на патрэбы грамадскага статка, што дазволіць сэканоміць на набыцці гэтага віда корму. 

Пры планаванні аптымальнай структуры пасяўных плошчаў у гаспадарцы адштурхоўваюцца ў першую чаргу ад патрэб жывё­лагадоўлі – у зімне-стойлавы перыяд трэба накарміць звыш 10 тысяч галоў. 

– Набыць канцэнтраты, якіх не хапае, не праблема. Іншае пытанне – якасны сілас. Таму вырошчванню кукурузы мы надаём вялікую ўвагу, – працягвае галоўны аграном. – Пад каралеву палёў адвядзём чвэрць раённых «кукурузных» плошчаў – 1 520 гектараў, з якіх на трохсот яна будзе вырошчвацца не зерне. Для гэтых мэт набылі 2 агрэгаты дакладнага высеву «Кенза», ёсць 2 фірмы «Плантэр». Акрамя гэтага, давядзецца пасеяць 540 гектараў цукровых буракоў, пасадзіць 40 гектараў бульбы… Наша гаспадарка рас­прасціраецца ад малочна-таварнай фермы «Газа» да Солаў: ляснымі і палявымі даро­гамі ў даўжыню атрым­лі­ваецца каля 60-ці кіламетраў. Радуе, што кожны лапік глебы апра­цаваны нашымі людзьмі і тэх­нікай… Таму не перажывайце: хлеб будзе – і да хлеба таксама! – аптымістычна сказаў на раз­вітанне галоўны гервяцкі аграном. 

…Пакуль адны сеюць, другія падсяваюць шматгадовыя травы, трэція закрываюць віль­гаць у глебе, чацвёртыя пад­кор­мліваюць пасевы, пятыя збіраюць камяні… Вясенне-палявыя работы ў КСУП «Гервяты» актыўна вядуцца адразу па некалькіх франтах. 

Р.S. На наступны дзень пасля наведвання КСУП «Гервяты» Астравеччыну накрыў мокры снег. Як перанясуць сюрпрызы надвор’я азімыя і нядаўна прыкрытае ў глебу насенне, пракаменціраваў загадчык сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Шлыковіч: 

– Выпадкі, калі снег ідзе ў красавіку, для  сённяшніх рэалій – не рэдкасць, варта прыгадаць мінулы год. Галоўнае, каб не было значнага паніжэння тэмпературы, тады расліны без асаблівых праблем справяцца са стрэсам. Што тычыцца снегу, то ён дадаў вільгаці, якой не хапае ў глебе. 



Не першы сезон культывацыяй глебы займаецца Валерый Герасім: за змену апрацоўвае 50-60 гектараў



Апрацаваны і падрыхтаваны да сяўбы авёс прывозіць Анатоль Койра



З ранняй вясны да позняй восені на самаходным апрысквальніку “Раптар” працуе Віталіюс Гудойціс



Дзмітрый Янковіч за дзень падсявае люцэрну на 30-35 гектарах



Шмат гадоў на поле падвозіць карбамідна-аміячную сумесь Віктар Мажэйка


Текст:
Фото: Алёна Ганулич