Хто лідар Астравеччыны, высвятлялі на раённым конкурсе

16:00 / 29.03.2022

Цік-ток здымалі, пра станоўчыя якасці распавядалі ды таленты на розны лад дэманстравалі – у гімназіі №1 прайшоў раённы этап рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года – 2022”.

Сёлета мерапрыемства праходзіла ў дзвюх намінацыях: актывісты БРПА змагаліся за званне піянера года, а іх старэйшыя таварышы з БРСМ спаборнічалі за тытул лідара года.

Распачаўся конкурс са знаёмства, якое прайшло ў незвычайным, двайным, фармаце: спачатку пра ўдзельнікаў распавядала іх цік-ток-партфоліа, а пасля яны прэзентавалі сябе на сцэне падчас візітоўкі.

Першымі выступалі піянеры. У тым, што падрастаючае пакаленне ўмее відэа здымаць ніхто не сумняваецца. А вось зрабіць цікавы і адпавядаючы ўмовам конкурсу кантэнт –варта было пастарацца. І наўрад ці справіліся б удзельнікі з гэтым заданнем адны, але на дапамогу прыйшлі верныя сябры – а іх у сапраўднага лідара заўсёды шмат. Калектыўная творчасць аказалася паспяховай , і ў выніку канкурсанты прадставілі розныя па змесце арыгінальныя відэа. А тое, што не паспелі расказаць праз цік-ток, дапоўнілі ў сваіх візітоўках.

Так, гімназістка Яна Фалевіч праз вершаваную мініяцюру прапанавала часцей адкладваць у бок смартфон і жыць не ў віртуальным, а ў рэальным свеце, атрымліваючы захапленне ад непаўторных момантаў, цікавых стасункаў і карысных спраў. Вераніка Раткевіч з СШ №1 падмацавала расповед пра сябе танцавальным нумарам – дзяўчыне падабаюцца сучасныя харэаграфічныя накірункі, і яна не толькі танцуе сама, але і вучыць гэтаму іншых. Арцём Арцем’еў з СШ №3 з першай хвіліны скарыў абаяннем, артыстызмам і пазітывам, крэатыўна параўнаўшы лідарскія рысы свайго характару з нотамі. Мацвей Гражуль з Варнянскага НПК выступіў у амплуа сціплага разважлівага актывіста. Ксенія Кусойць з Альхоўскай СШ разам з таварышамі сабрала пазл адказаў на пытанне “Хто такі лідар?”. Пра Дар’ю Кашыну з СШ №2 наогул песню склалі: “Наша Даша завадная, усё на свеце паспявае!” Але самым яркім, змястоўным і відовішчным атрымаўся нумар вучаніцы Гервяцкай СШ Ангеліны Бучынскай ці, як яе прадставілі сяброўкі, – супергероя Анёла Ліны, якая валодае ўсімі якасцямі сапраўднага лідара і ўпэўнена вядзе аднадумцаў за сабой.

Услед за піянерамі актыўную жыццёвую пазіцыю і творчасць прадэманстравалі БРСМаўцы. З цік-ток-партфоліа ў іх таксама не было цяжкасцей, а вось некаторыя нумары візітоўкі заслугоўваюць і лыжкі дзёгцю. Канешне, змагацца за званне лідара Астравеччыны – справа ганаровая, адказная і, безумоўна, хвалюючая. Каб адчуваць сябе больш упэўнена, некаторыя трымалі пад рукой шпаргалкі з тэкстам. Але адна справа, зазірнуць туды разок-другі і зусім іншая – прачытаць ад пачатку да канца, да таго ж без інтанацыі. Гэтым у асноўным грашылі не канкурсанты, а іх памочнікі. Дарэчы, піянеры сабе такога не дазвалялі.

Але ў большасці візітоўкі парадавалі. Варта вылучыць выступленне Дар’і Дарашкевіч з СШ №2, якая са сваім памочнікам падрыхтавала самапрэзентацыю ў стылі атмасферы сярэбранага стагоддзя. Цікавым быў нумар Віялеты Андрыянец з гімназіі №1 з філасофска-пазітыўным маналогам, дзе яна заклікала танцаваць пад сваю музыку і размалёўваць жыццё яркімі фарбамі. І немагчыма не адзначыць Антона Валынца з Варнянскага НПК, які скарыў вясёлым запалам, харызмай і гумарам.

Крыху слабейшымі, але на цвёрдую “чацвёрку” па пяцібальнай сістэме былі выступленні астатніх удзельнікаў: Паліны Ярмак з Міхалішкаўскай СШ, Ульяны Гарадзецкай з СШ №3 і Аліны Карвэцкай з СШ №1.

У апошнім заданні канкурсанты дэманстравалі таленты. Аказалася, больш за ўсё піянеры і БРСМаўцы любяць танцаваць. Даруйце, дзяўчаты, але асабліва прыемна было назіраць, як па-заліхвацку “запальвалі” на сцэне хлопцы – у прыватнасці, варнянскія школьнікі. Трэба было бачыць, якія піруэты ўпрысядку і з падскокам выпісваў піянер-вайсковец Мацвей Гражуль. А ўжо сучасны энергічны танец у выкананні Антона Валынца з сябрамі дакладна нікога не пакінуў раўнадушным і выклікаў шквал авацый. Брава! Акрамя танцаў удзельнікі дэманстравалі майстэрства ў спевах і чытанні вершаў.

Падчас узнагароджання журы адзначыла, што кожны з канкурсантаў – сапраўдны лідар сваёй школы, таму дыпломы атрымалі ўсе ўдзельнікі. Пераможцам у намінацыі “Піянер года” стала Ангеліна Бучынская, 2-е месца заняў Арцём Арцем’еў, 3-е – Ксенія Кусойць. Званне лідара года заваяваў Антон Валынец, на 2-м месцы Дар’я Дарашкевіч, на 3-м – Віялета Андрыянец. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і падарункі ад арганізатараў. 













Ангеліна Бучынская, 1 месца

Антон Валынец, 1 месца

Арцём Арцем'еў, 2 месца

Дар'я Дарашкевіч, 2 месца

Ксенія Кусойць, 3 месца

Текст:
Фото: Марина Мацкевич