Ад чаго ў Зосі кветкі загінулі

10:34 / 30.03.2022
Будзем шчырымі: многія з нас ходзяць у царкву і касцёл не таму, што душа просіць, а таму, што «так трэба». Трэба ў Вербную нядзелю асвяціць вярбу, а ў Вялікдзень – яйкі, на Грамніцы купіць свечку, на Вадохрышча набраць вады… А потым тыя вербачкі, свечкі, вада стаяць і ляжаць да наступнага свята. І выкінуць нельга – асвечанае ж, і што рабіць з імі, «недавяркі» не могуць прыдумаць.

Вось і ў Зосі назбіралася шмат асвечанай вады ў розных ёмістасцях. Неяк, узяўшыся «генераліць» кухню, вырашыла яна выкінуць усё лішняе. А ваду куды падзець? Выліваць у каналізацыю, чула, няможна. А вось кветкі паліць – самае тое: лепш расці будуць! І Зося, сабраўшы бутэлькі і бутэлечкі, пайшла на балкон, дзе ў яе цэлая аранжарэя. 

Перш за ўсё паліла свае любімыя фіялкі, затым кактусы. Калі шчодра плюхнула пад шыкоўны фікус, што застаўся яшчэ ад бабулі, адчула непрыемны пах. «Вада сапсавалася ці што?» – падумала Зося – і прынюхалася да таго, што засталося ў дне. Божачкі – гарэлка!

– Ты самагонку ў шафку паставіў? –кінулася яна да мужа, які ляжаў на канапе перад тэлевізарам.

– Я, – не зразумеў, у чым яго віна, гаспадар. – Ды калі тое было? Мо, з паўгода назад дзед падзяліўся старымі запасамі, сказаў: хай будзе ў хаце, ці мала што…

– Ну вось табе «і мала што»! – загаласіла Зося.

…Кветкі – не чалавек, ад атруты гінуць: прапалі ўсе да адной. Каб загладзіць віну, якой не было, муж купіў Зосі новую калекцыю фіялак. А вось бабулін фікус  уратаваць не ўдалося.

Канчаткова супакоіла яе суседка, якая, даведаўшыся пра «святую ваду ад шалёнай кароўкі», горка ўсміхнулася:

– Дурніца ты… Не плакаць – радавацца трэба, што гарэлка паўгода ў хаце стаіць. З маім і дня б не выстаяла.

«І праўда, – падумала Зося. – Будзе яшчэ тых кветак. І вады асвечанай хопіць…»

Тамара РАБІНКІНА.



Текст: Главный администратор
Фото: Дмитрий Соколовский