На Астравеччыне пачалася сяўба

16:41 / 25.03.2022

Першымі ў поле камбінаваныя пасяўныя агрэгаты вывелі КСУП “Гервяты” і “Гудагай”. На днях да іх далучыліся астатнія гаспадаркі раёна. Балазе, сёлетняя пасяўная кампанія з разраду стратэгічных: давядзецца добра і плённа папрацаваць усім – прыгарнуць у глебу насенне збожжавых і зернебабовых трэба ў аптымальна кароткія тэрміны, улічваючы дэфіцыт вільгаці.

Яравы раённы клін сёлета складзе звыш 14 тысяч гектараў, з якіх амаль 5 500 хлебаробы адвядуць пад збожжавыя і зернебабовыя культуры. Найбольш папрацаваць давядзецца хлебаробам КСУП “Гудагай”, дзе найбольшыя пасяўныя плошчы – 3 412 гектараў, з якіх на 1 410 – будуць пасеяны яравыя. Дарэчы, на раніцу 25 сакавіка насенне ячменю было прыгорнута ў глебу на 47 гектарах (3%).

Літаральна ля Астраўца, у раёне вуліцы Бялькішкі, у полі працавала сельскагаспадарчая тэхніка. Улічваючы надвор'е апошняга тыдня, задача нумар адзін – закрыццё вільгаці ў глебе. Гэтым займаўся Генрых Млынскі. Па словах механізатара, за дзень ён апрацоўвае каля 30 гектараў.

Продкі казалі: сей ячмень у гразь – будзеш, як князь. Менавіта з гэтай культуры пачынаецца сяўба, якой у КСУП “Гудагай” на камбінаваных пасяўных агрэгатах займаюцца адказныя і вопытныя механізатары Пётр Сяргей, Вацлаў Кандратовіч – кампанію ім другі год запар склаў малады, але працавіты Сяргей Трусевіч. Хлопец па прыкладзе бацькі і дзядулі абраў механізатарскі хлеб і, да слова сказаць, у яго гэта добра атрымліваецца. Пазалетась па выніках уборачнай кампаніі з напарнікам Сяргеем Семянцовым яны сталі пераможцамі абласнога жніўнага спаборніцтва сярод моладзі. Цікаўлюся ў механізатара настроем на сяўбу.

– Без перабольшвання – цудоўны! – гаворыць сейбіт. – Першы дзень сею ячмень. Здаецца, вільгаці і не хапае, а пад лесам на некаторых участках ляжыць снег.

Па словах Сяргея Трусевіча, летам ён плануе, як і ў мінулыя гады, перасесці на збожжаўборачны камбайн. Хочацца спадзявацца, што прыгорнутае ў глебу маладым механізатарам насенне, летам аддзячыць багатым ураджаем.

Паралельна з сяўбой ідзе падсеў шматгадовых траў. Значны плюс такога метаду ў тым, што развіццё абедзвюх культур адбываецца без урону – як для збожжа, так і для канюшыны. У КСУП “Гудагай” гэтым не першы год займаецца Аляксандр Замара. У сельскай гаспадарцы мужчына працуе звыш 30 гадоў, таму механізатарскую справу ведае як свае пяць пальцаў.

– Першы дзень у полі. Самае галоўнае – правільна выставіць норму высеву, а далей справа пойдзе як па масле, – расказвае механізатар. – Вільгаць збягае на вачах – вельмі дождж патрэбен. Норма выпрацоўкі ў дзень складае 20 гектараў, але, калі ўсё добра, можна і 40!

Галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Ненартовіч пакуль ніякіх прагнозаў на правядзенне пасяўной кампаніі не робіць, маўляў, няўдзячная гэта справа.

– Давялося перасяваць рапс. У структуры збожжавых значных змяненняў не адбылося – яна засталася на ўзроўні мінулага года. Праўда, пабольшаюць плошчы пад кукурузай – гэта ў першую чаргу звязана з павелічэннем пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Напрыканцы мінулага года КСУП “Гудагай” узяў у арэнду малочна-таварны комплекс “Кярняны”, – расказаў галоўны тэхнолаг гудагайскіх палёў. – Сяўбу ранніх культур пры найлепшым раскладзе завяршым за 2 тыдні, пасля возьмемся за цукровыя буракі, кукурузу. Галоўнае, каб не было прымаразкаў.

Па аператыўных звестках сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на 25 сакавіка на Астравеччыне 167 гектараў (3% ад запланаванага) засеяны збожжавымі і зернебабовымі.


Галоўны аграном КСУП “Гудагай” Андрэй Ненартовіч


Збожжа з зернесклада ў Германішках на поле дастаўляе Іван Печкур, які пазалетась на жніве першым сярод вадзіцеляў перавёз тысячу тон збожжа


Генрых Млынскі культывуе глебу



Падсевам траў займаецца Аляксандр Замара



Сейбіт Сяргей Трусевіч


Вадзіцель Вячаслаў Казлоўскі прывозіць на поле насенне 



Текст:
Фото: Алёна Ганулич