Імёнамі якіх дзеячаў нашага краю варта назваць новыя вуліцы горада, прапануюць астраўчане

12:00 / 18.03.2022
903
З «канца свету» за лічаныя гады Астравец ператварыўся ў сучасны горад, які імкліва развіваецца і «прырастае» новымі мікрараёнамі.

Гараджан карэспандэнт папрасіў паразважаць, якімі, на іх думку, імёнамі выбітных дзеячаў Астравеччыны, можна назваць новыя вуліцы нашага горада.



Франц Шатраўскі, пенсіянер (без фота):

– Лічу, што гэтым павінны займацца кампетэнтныя людзі і камісіі, але меркаванне звычайных людзей павінна ўлічвацца. Адной з вуліц абавязкова трэба даць імя Вікенція Падаліса – лёс гэтага чалавека паказальны ў многіх сэнсах: ён працаваў з 12 гадоў, у асноўным – фізічна, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, тройчы быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, больш таго – ён астраўчанін. Таксама можна было б назваць вуліцы імёнамі ветэранаў вайны.



Марына Арлоўская, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў:

– На Астравеччыне нарадзілася шмат таленавітых, адданых роднаму краю людзей, многія з ёй былі звязаны лёсам… Радуе, што ў нас ёсць вуліцы Калгушкіна, Маркава, Гімбіцкага, Яўсеева. Лічу, што некаторыя вуліцы варта назваць у гонар культурных ці духоўных дзеячаў: святара-паэта Янкі Быліны, мастака Мар’яна Богуша-Шышкі, асветніка, гісторыка Адама Мальдзіса, тым больш што сёлета ў жніўні яму споўнілася б 90 гадоў. 



Тарэса Мароз, старшыня раённага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі:

– Думаю, многім гараджанам было б прыемна бачыць на адной з новых вуліц шыльду з іменем Здзіслава Шырынскага. Гэты чалавек прайшоў вайну, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, выкладаў фізічную культуру і ўзгадаваў многіх таленавітых спартсменаў.

Хацелася б, каб новыя гарадскія вуліцы былі нейкім чынам звязаныя з раёнам, аграгарадкамі і іншымі населенымі пунктамі Астравеччыны: Варнянская, Быстрыцкая, Гервяцкая і іншыя. 



Інга Шлыковіч, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі:

– Светлай памяці Адам Мальдзіс найбольш заслуговае таго, каб яго іменем назваць адну з новых вуліц. Асабіста мы не былі знаёмыя, але неаднойчы прысутнічала на сустрэчах і імпрэзах. Адама Восіпавіча можна было слухаць бясконца, уражвалі яго глыбокія веды і ўчэпістая памяць, эрудыцыя і інтэлігентнасць. У нашай бібліятэцы ёсць цэлы фонд Адама Мальдзіса. Таксама вуліцы варта назваць прозвішчамі Мар’яна Богуша-Шышкі, Льва Дабжынскага, Міколы Мятліцкага. 



Юрый Субач, ляснік:

– Так адразу і не назаву імёны дзеячаў Астравеччыны – трэба падумаць. (Задумваецца.) А чаму б не назваць у гонар газеты «Астравецкая праўда»! Тым больш, што «раёнка» летась адзначала важкі юбілей – 80-годдзе з дня заснавання. Журналісты ва ўсе часы расказвалі жыхарам Астравеччыны пра самыя галоўныя падзеі гарадскога і вясковага жыцця, лёсы людзей і важныя гістарычныя падзеі. 

А яшчэ варта было б назваць адну з вуліц у гонар заслужанага лесавода, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Кажамякіна. 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений