Вакалісткі Астравеччыны спявалі пра родную зямлю

08:33 / 14.03.2022

Праз словы мілагучных чуллівых песень юныя і дарослыя астраўчанкі прызнаваліся ў любові да сваёй Радзімы на раённым конкурсе патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”, прысвечанага Году гістарычнай памяці.

Гэтае музычнае мерапрыемства з’яўляецца штогадовым, аднак летась з-за каронавіруса яго давялося праводзіць анлайн. Сёлета ж арганізатары вярнуліся да звыклага фармату – і ў прызначаны час на сцэне шматфункцыянальнага культурнага комплекса загучалі галасы ўдзельнікаў.

Патрабаванні конкурсу засталіся ранейшымі – песні павінны былі адпавядаць патрыятычнай тэматыцы. Вакал і артыстызм ацэньвалі ў дзвюх узроставых катэгорыях. Забягаючы наперад, адзначу, што конкурс атрымаўся дзявочым – на сцэне спявалі толькі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

Першымі выступалі канкурсанткі 14-17 гадоў. Прыемна, што паспрабаваць сілы на сцэне вырашылі старшакласніцы школ Астравеччыны. Вучаніцы Кямелішкаўскага НПК прадставілі аж 4 нумары. Спачатку Ангеліна Лазан бойка і задорна праспявала-прамаршыравала “Ідзе салдат па горадзе”, а Вікторыя Іванцэвіч чулліва выканала песню “Сад памяці”. Пасля дуэтам гэтыя дзяўчаты саспявалі беларускі хіт “Любімую не аддаюць”, а іх зямлячка Марыя Мацкевіч да дрыжыкаў па скуры кранула песняй “Хата бацькоў”. Сапраўды, што можа быць больш каштоўным, чым маленькая радзіма: “Не прадаецца хата бацькоў, куток бацькоўскі не прадаецца!”

Два нумары падрыхтавалі канкурсанткі з СШ №3. Папулярны хіт Віктара Цоя “Зязюля” не сыходзіць з вуснаў ужо некалькіх пакаленняў. Яе на свой лад выконваюць розныя вядомыя гурты і спевакі – свой варыянт прадставіла і астраўчанка Сафія Юрчанка. Выступленне атрымалася эмацыянальным, уражлівым і прафесійным. Дарэчы, дзяўчына не першы раз удзельнічае ў конкурсе і ўжо двойчы была пераможцай. Чуллівым і пранікнёным быў нумар і Вікторыі Сарока, якая выканала песню “Салдатка”.

Прыемныя ўражанні выклікалі і выступленні астатніх удзельніц. Немагчыма было застацца раўнадушным да шчымлівай песні-закліку “Вяртайся”, якую выканала Ангеліна Моўчан з Міхалішкаўскай СШ. Дар’я Перка з Варнянскага НПК парадавала аптымістычным творам “Васільковае неба”. Ногі самі прытупвалі ў такт задорнага выканання юнай спявачкі з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ульяны Гарадзецкай, якая спевамі запрашала Welcom to my Belarus.

У другой узроставай катэгорыі вакал дэманстравалі канкурсанткі 18-35 гадоў. І зноў палілася песня – журботная, трывожная, узнёслая, супакойваючая, радасная. У кожнай удзельніцы быў свій рэпертуар і манера выканання, але ўсе выдатна пражывалі гісторыю твора на сцэне. Так, Сняжана Безляповіч з СШ №3 выканала шлягер “Жураўлі”, а Наталля Руткоўская з БелАЭС – не менш вядомую песню “Вярніце памяць”. Мая Качан з Варнянскага НПК пранікнёна расказала, як няпроста быць дзецьмі вайны, а Юлія Юковіч з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” простымі словамі “Дзякуй, рабяты” ўшанавала байцоў Вялікай Айчыннай вайны. Тэму тых страшных гадоў прадоўжыла Вольга Рабкоўская з ясляў-сада №3, якая пранізліва выканала песню-прысвячэнне “Ветэранам мінулай вайны”, а яе калега Ганна Петрына натхнёна праспявала пра “Куточак Беларусі”. Разам з абаяльнай і пазітыўнай Анастасіяй Інаровіч з Рытанскай НПК гледачы спявалі “Гой, гой, гора за гарой!”, а Анастасія Пілецкая з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі скарыла харызмай і цудоўным вакалам, выканаўшы песню “Як ты”.

На гэтым фестываль патрыятычнай песні завяршыўся. Усе канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў. У сваіх узроставых катэгорыях 3-е месца занялі Вікторыя Іванцэвіч і Анастасія Інаровіч, 2-е – Ульяна Гарадзецкая і Анастасія Пілецкая, а пераможцамі сталі Сафія Юрчанка і Вольга Рабкоўская. Яны ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад арганізатараў конкурсу, якімі выступілі райкам ГА БРСМ, раённыя арганізацыі “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”, сектар культуры.












Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич