Што падарылі зайчыку на свята
15:07 / 09.02.2022
…У доме Янкі ўсё было гатова да сустрэчы маленькага Збаўцы. Засталося самае прыемнае – падрыхтаваць вігілійную вячэру ды паставіць ёлачку.
Лес, здавалася, таксама чакаў цуду: выглядаў чароўна і таямніча. Абсыпаныя снегам галінкі іскрыліся на сонцы, а ялінкі стаялі, як на падбор, адна прыгажэй другой – бяры любую!
«Пагуляю яшчэ па лесе, – падумаў мужчына. – Калі яшчэ выдасца вольная хвілінка, ды ў такі цудоўны дзень.»
Ён блукаў між сосен і елак, разглядваў звярыныя сляды на снезе: тут казуля прабегла, там зайчык убок скокнуў. А, вось ад каго ўцякаў: ліса ўслед пабегла. Не, мусіць, не пашанцуе табе, рыжая хітраванка: не падсцерагла, то цяпер не дагоніш…
І раптам Янка ўбачыў: каля ёлачкі нешта зварухнулася, нібы снег ажыў. Прыгледзеўся: зайчык-бяляк сядзіць, не ўцякае – няйнакш, у пятлю трапіў.
«Во які падарунак! – узрадаваўся мужчына. – Нездарма прагуляўся, не змарнаваў час – будзе сям’і падарунак! Зайца засмажым, са скуркі дзецям рукавічкі пашыем ці шапачку катораму», – прыкідваў ён у думках, як выкарыстаць нечаканы прыбытак.
Калі падышоў блізка, зайчык нават не зварухнуўся, толькі з вачэй яго пакаціліся буйныя слёзы – нібы звярок развітваўся з жыццём. Потым Янка, вопытны паляўнічы, гаварыў, што такога цуду ніколі не бачыў і не паверыў бы, калі б хто іншы расказаў. Сумеўся мужчына, засаромеўся сваіх думак пра калядны падарунак. «Можа, яго таксама чакаюць дзеткі, – падумаў. – Адпушчу яго на волю – зайчыку ж таксама патрэбен падарунак да свята. Падару яму жыццё».
Выбавіў Янка беляка з пятлі – і той з усіх ног кінуўся наўцёкі, нібы баючыся, што чалавек перадумае.
А Янка з лёгкім сэрцам і ў добрым настроі вяртаўся з лесу – да сваёй сям’і і дзетак.
