Астраўчане юбілейных выпускаў узгадваюць школу, настаўнікаў, аднакласнікаў

12:15 / 05.02.2022
У першую суботу лютага вечары сустрэч выпускнікоў збіраюць у школе былых вучняў. Жыхары Астравеч­чыны юбілейных выпускаў узгадваюць вучобу, аднакласнікаў і настаўнікаў.

Сняжана Ожэг (Ляховіч), 
галоўны эканаміст вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «ЦБК-Кардон», скончыла Альхоўскую сярэднюю школу 30 гадоў назад:

– У нашым класе вучылася 18 чалавек. Усе былі дастаткова яркімі асобамі і валодалі лідарскімі якасцямі – і пры гэтым мы былі вельмі дружнымі, стаялі адзін за аднаго гарой.

Са стрыечнай сястрой Наталляй (па мужы – Сінькевіч) мы вучыліся ў адным класе, цяпер працуем у адным кабінеце на працягу 15-ці гадоў. Дарэчы сказаць, і замуж я выйшла за аднакласніка: Валера і партфель мой насіў, і за косы тузаў – хоць я на яго не звяртала ніякай увагі. 

У пачатковай школе ў нас ледзь не штогод мяняліся настаўнікі. З 5-га класа кіраўніком была Ірына Іванаўна Бранцэвіч, а з 7-га – светлай памяці мая маці – Ванда Браніславаўна Ляховіч. Мне было, напэўна, найцяжэй: з мяне мама патрабавала ўдвая больш за астатніх. Нядаўна перабірала рэчы і адшукала свае школьныя сшыткі з сачыненнямі – аказваецца, матуля іх захоўвала ўвесь гэты час…

Мы ў Альхоўцы жылі, як у раі: наша фабрыка квітнела. Калі іншым вясковым дзецям даводзілася насіць зімой дровы ці са студні ваду – мы такіх бытавых клопатаў не ведалі: нават электрычнасць і гарачая вада былі бясплатнымі. І матэрыяльна-тэхнічнай базе нашай школы можна было толькі пазайздросціць. Пастаянныя паездкі, экскурсіі – фабрыка цалкам падтрымлівала школу. І не толькі яе. У клубе было сучаснае абсталяванне, у тым ліку электрагітары, барабанныя ўстаноўкі… Зімой пастаянна залівалі каток, у адміністрацыйным будынку фабрыкі любы школьнік мог бясплатна ўзяць канькі і лыжы. 

З аднакласніцамі ўдзельнічалі ў вакальна-інструментальным ансамблі, які стварыў Аляксей Пятровіч Меланіч. Мы ўвогуле былі актывісткамі: добра вучыліся, выступалі на раённых аглядах, удзельнічалі ў турзлётах і спаборніцтвах. Захапляліся фатаграфіяй – са школы ў мяне засталося шмат здымкаў.
У 11 класе мы занялі 1 месца ў раёне па валейболе. Астравецкія дзяўчаты за гэта хацелі нават зладзіць з намі разборкі, але варнянскія хлопцы заступіліся, – яны, дарэчы, таксама перамаглі. 

З 9 класа мы хадзілі на школьныя дыскатэкі з мод­нымі тады настаўленымі чубамі, падведзенымі стрэлкамі… Панядзелак пачынаўся з абмеркавання танцаў. 

Найбольш запомніўся выпадак падчас апошняй лінейкі. У школе была традыцыя: выпускнікам дзесяцікласнікі рабілі сюрпрыз. Нам падрыхтавалі вялікую кветку з 14-цю пялёсткамі з жартоўнымі прадказаннямі будучай прафесіі. Дарэчы сказаць, у многіх, яны збыліся… 

Большасць маіх аднакласнікаў засталася на Астравеччыне – у Альхоўцы ці ў яе ваколіцах, пяцёра працуюць на фабрыцы. Мы падтрымліваем стасункі і на юбілеі стараемся сустракацца – збіраюцца не толькі выпускнікі, але і ўсе, хто вучыўся з намі ў розны час. 

Узгадваючы сябе, учарашнюю школьніцу, поўную надзей і спадзяванняў, я сказала б толькі адно: вер у сябе, будзь смялейшай і нічога не бойся! 


Альхоўская СШ, 1992 год

Святлана Лагуцік (Стаціна), урач-педыятр, у дэкрэтным адпачынку, скончыла Міхалішкаўскую СШ 10 гадоў назад:

– Наш выпуск быў юбілейным – 55-м. Узгадваю – і эмоцыі перапаўняюць. Наш клас быў невялікі: 4 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі. Мы былі вельмі дружнымі і кампанейскімі.

Я і мае аднакласнікі ўдзячны нашай першай настаў­ніцы Эліне Віктараўне Гражуль-Гульбінскай не толькі за тое, што яна навучыла нас чытаць-пісаць-рашаць, але і сябраваць, цаніць вернасць слову і абяцанню, быць шчырымі і праўдзівымі ў любой жыццёвай сітуацыі. Яна заклала ў нас фундамент асноўных этычна-маральных каштоўнасцей: не істотна, якую прафесію ты атрымаў, галоўнае – заўсёды заставацца чалавекам. 

Дарэчы сказаць, менавіта ў нашым класе праходзіў своеасаблівы эксперымент: уся праграма і прадметы, хоць мы вучыліся ў вясковай школе, выкладаліся на рускай мове. Ведаю па сабе: неістотна, на якой мове вывучаецца прадмет, галоўнае – веды. А мы, выпускнікі звычайнай вясковай школы, атрымалі іх на вышэйшым узроўні – у першую чаргу дзякуючы нашым настаўнікам. 

У сярэдняй школе пад сваё крыло нас узяла Таццяна Іосіфаўна Дуброўская. Крэатыўны педагог і шырокай душы чалавек! Яна не толькі нам дапамагала, але і падтрымлівала, настаўляла і галоўнае – верыла ў кожнага з нас. А гэта дарагога каштуе! Шматлікія мерапрыемствы, турзлёты, паходы, алімпіяды, школьныя суботы, КВЗ – класны педагог заўсёды была побач з намі.

Помню, на базе нашай школы праходзілі раённыя спаборніцтвы па футболе. Усім класам мы «сачканулі» з урока біялогіі, каб падтрымаць сваіх. За гэта свавольства атрымалі двойкі. Я нават вырвала старонку з дзённіка, каб бацькі не даведаліся. Дарэчы, яна да гэтага часу захоўваецца ў маім сямейным архіве. (Усміхаецца.)

Я не была ўседлівай і вельмі стараннай вучаніцай. Школьная праграма мне давалася дастаткова лёгка. Старэйшая сястра была выдатніцай – і мне хацелася быць падобнай да яе. Мы скончылі школу з залатым медалём. 

З прафесійным выбарам вызначылася ў 9 класе. Вельмі любіла хімію, таму рашыла стаць медыкам. Лічу, што менавіта ведам, якія далі нашы настаўнікі, і сваёй мэтанакіраванасці паступіла і адвучылася ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. У 2018-м атрымала запаветны дыплом, год праходзіла інтэрнатуру ў Мінску – і вярнулася  на Астравеччыну. 

Я замужам, з Андрэем гадуем дзіцятка. Атрыманыя ва ўніверсітэце веды па педыятрыі замацоўваю на практыцы, як мама. 

Нават не верыцца, што ўжо мінула 10 гадоў пасля школы… Я ўдзячна бацькам за падтрымку, а настаўнікам – не толькі за прадметныя ўрокі, але і за ўрокі дабрыні, чалавечнасці – і паспяховы старт у дарослае жыццё.


Міхалішкаўская СШ, 2012 год
Генрых Калтан, загадчык Міхалішкаўскай сельскай участковай бальніцы, скончыў Варнянскую СШ 45 гадоў назад:

– Родам я з невялікай вёскі Гродзі – астравецкай, не ашмянскай. (Усміхаецца.) Вучыўся ажно ў трох школах: Валэйкунскай пачатковай, Бабраўніцкай васьмігодцы і Варнянскай сярэдняй. 

У 1977 годзе школа ў Варнянах справіла наваселле – атрымала новы сучасны будынак. Наш выпуск – адзін з самых вялікіх за ўсю гісторыю існавання навучальнай установы! – першы: 100 чалавек пайшлі са школьных сцен у дарослае жыццё. 

У 9-м класе мы вучыліся ў старой школе, якая месцілася ля дарогі на Больнікі. Летам старшакласнікі на роўных з настаўнікамі і тэхперсаналам працавалі на будоўлі: сцялілі падлогі, фарбавалі кабінеты… У новы будынак мы перасяліліся па восені. Класы былі светлыя і прасторныя, але вельмі халодныя. 
Было ажно чатыры паралелі. З маёй вёскі, улічваю і падлеткаў з Валэйкун, вучылася ў дзясятых класах 7 чалавек. Увогуле ў Варнянах было шмат дзяцей з навакольных вёсак і нават з Ашмян. У першую чаргу гэта звязана з адкрыццём вучэбна-вытворчага камбіната, дзе можна было атрымаць розныя рабочыя прафесіі. Многія жылі ў інтэрнаце, у тым ліку і мы. Штодзень пешшу 7 кіламетраў не находзіш: вечарам аўтобуса даводзілася чакаць да 6-ці гадзін. У інтэрнаце было весела, шумна – якая там вучоба. З аднавяскоўцамі ўсё ж вырашылі хадзіць пешшу: талакой і хутчэй, і больш бяспечна. 
Запомніўся адзін выпадак: была зіма, галалёд. Па тэлевізары ўпершыню паказвалі сяброўскую сустрэчу па хакеі СССР і Канады. Скачаныя ў снег, з пабітымі каленамі, мы ўсё ж паспелі на трансляцыю. А колькі шчасця было, калі наша каманда перамагла!

У 10 «В», дзе я вучыўся, сабралі самых моцных вучняў. Класнай у нас была настаўніца гісторыі Алена Іванаўна Зелянеўская – строгая, патрабавальная, яна трымала дысцыпліну. Хоць мы вучыліся на «добра» і «выдатна», але паводзіны падводзілі. (Усміхаецца.) 

Любоў да хіміі мне прывіла Святлана Міхайлаўна Скубілава. Гэты прадмет яна выкладала на рускай мове і на ўсе пытанні катэгарычна адказвала: пры паступленні здаваць хімію давядзецца па-руску. 

Таксама мне падабаліся фізіка, матэматыка і чарчэнне. У старэйшых класах хацеў стаць інжынерам: як і большасць тагачасных вясковых хлопцаў, любіў тэхніку, запчасткі. Але выпадковая размова прадвызначыла маё далейшае жыццё. Знаёмы параіў паступаць у медыцынскі. У старэйшых класах я трапіў у бальніцу з запаленнем лёгкіх – зразумеў, што хачу лячыць і дапамагаць людзям. 

Пасля апошняга званка ўсім класам мы пайшлі на ставы сустракаць світанне: жартавалі, смяяліся, спявалі, – і былі, напэўна, самымі шчаслівымі ў жыцці. Потым быў выпускны баль… 

Трэць нашага класа стала настаўнікамі: Галіна Статкевіч, светлай памяці Ганна Праўлуцкая… Я без асаблівых цяжкасцей паступіў у Гродзенскі медыцынскі інстытут. Усё жыццё працую ў Міхалішкаўскай бальніцы.

Дзякуй настаўнікам за навуку і за тое, што «зляпілі» з мяне чалавека. 

Апошні раз з аднакласнікамі сустракаліся на 40-годдзе школы і нашага выпуску. Са ста чалавек на вечары сустрэч было 10-15. Хоць за гэты час мы змяніліся знешне, але ў душы засталіся тымі ж гарэзлівымі, цікаўнымі юнакамі і дзяўчатамі.


Варнянская СШ, 1977 год 
Выпускнікам

Разышліся ў жыццё 
Мае хлопцы, дзяўчаткі:
Хто ў горад паехаў,
Нехта ў вёсцы асеў...
Ці ў іх усё добра?
Можа, у іх непаладкі?
Нехта замуж ужо
Выйсці, пэўна, паспеў...
Адышлі назаўжды
Іх заняткі, урокі.
На двары 
нашым школьным – 
Не іх галасы.
Ці удала зрабілі 
Вы першыя крокі?
І ці верныя выбралі 
Вы адрасы?
Ужо каторая восень
Тчэ свае павуцінкі,
Пакідаючы след
На маіх валасах…
Разышліся ў жыццё
Мае хлопцы, дзяўчынкі
Па такіх непадобных –
Сваіх адрасах...

Верш Людмілы Валодзька.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

Текст: