Па сцяжынцы да школьнага парога Вяліка-Якентанскай школы прайшліся яе былыя вучні Уладзімір Клюня і Ірына Кардзіс

10:26 / 05.02.2022

Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.

Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

Расказвае Ірына Кардзіс, намеснік дырэктара Гервяцкай СШ:

– Думаю, што ў кожнага чалавека ёсць тая школа, якая паўплывала на яго жыццё. Сёння я працую намеснікам дырэктара Гервяцкай СШ і ўпэўнена, што на мой прафесійны выбар уплыў аказала менавіта Вяліка-Якентанская школа і яе педагогі. Там жа 20 гадоў адпрацавала мая маці, ветэран педагагічнай працы Тарэса Станіславаўна Алёхна. На жаль, школы ўжо няма, не захаваўся нават будынак, дзе яна знаходзілася. І маці маёй ужо таксама няма… А школа жыве – у маёй памяці і тых, хто тут вучыўся і працаваў.

Па ўспамінах былой настаў­ніцы Марыі Іосіфаўны Віткоўскай, гісторыя Вяліка-Якентанскай школы пачынаецца ў пасляваенны час: дзеці спачатку вучыліся ў пакоі звычайнага дома.

Марыя Іосіфаўна расказвала, што ў 1 клас яна пайшла ў 1947 годзе. Вучыліся ў хаце Івана Янульчыка. Пакой быў невялікі, у ім стаяла печ, на якой школьнікі бавілі час. У 2 класе ўжо вучыліся ў доме Казіміра Урбановіча, а ў 3 і 4 класах – у Браніслава Рэвакі. 

У Новых Якентанах у той час школьнікі вучыліся па такім жа прынцыпе. А пасля 4 класа наву­чэнцы з дзвюх вёсак здавалі экзамен у Новых Якентанах у доме Станіслава Герасіма. У 1951 годзе ў Вялікіх Якентанах пачалі будаваць школу. Для гэтага з Едакланяў перавезлі панскі дом.

Дапамагалі бацькі тагачасных вучняў – яны на конях перавозілі бярвенні (да вёскі было 26 кіламетраў) і самі складалі зруб. Работа была нялёгкая і патрабавала шмат сілы і часу, таму школа была адкрыта толькі ў другой чвэрці 1952/1953 навучальнага года. Хоць у кнізе «Памяць. Астравецкі раён» годам адкрыцця Вяліка-Якентанскай сямігодкі школы значыцца 1959-ты. У новай школе было 6 пакояў, стаялі 3 печкі.

У 1971 годзе сюды перайшло 19 вучняў з Новых Якентан – там школу закрылі. Разам з імі  накіравалі і настаўніка пачатковых класаў Марыю Іосіфаўну Віткоўскую, якая працавала тут да яе закрыцця. Дзяцей у школе было мала, таму адзін настаўнік вучыў па два-тры класы адначасова. 

Пасля аб’яднання дзвюх школ месца стала не хапаць. Таму раённы аддзел адукацыі выкупіў жылы дом, у якім размясціліся пачатковыя класы, – сёння тут жыве сям’я Валерыя Герасіма.

Пазней на тэрыторыі школьнага двара з’явіўся яшчэ адзін будынак са сталярнай і слясарнай майстэрнямі. А ў 1987 годзе ў ім зрабілі сталовую.

Былі на прышкольнай тэры­то­рыі пляцоўка для заняткаў фізіч­най культурай, сад, агарод, гарадок для правядзення вопытаў па фізіцы.

Першым дырэктарам школы была Фаіна Нікіцішна Урбановіч. Яна жыла ў Вялікіх Якентанах. Пазней установай кіравалі Чэпік, Грыдзюшка, Міхнёў, Нічы­паровіч, Аскірка. 

Настаўнікам матэматыкі, дзякуючы якой я не раз займала прызавыя месцы на алімпіядах, у нас была Алена Альфонаўна Гараніна. З Вялікімі Якентанамі лёс звязаў яе ў 1958 годзе – тут яна працавала да 1992-га.


Настаўніца Марыя Віткоўская з вучнямі. Трэцяя справа – Ірына Кардзіс.1984 год. 

У 1968 годзе ў Вялікія Якентаны пераехалі Леў Мікалаевіч Хвастоў (настаўнік фізічнай культуры) з жонкай Любоўю Міхайлаўнай (настаўнік рускай мовы і літаратуры). Яны працавалі тут да выхаду на заслужаны адпачынак. Любоў Міхайлаўна, дарэчы, была ўзнагароджана ордэнам «Знак пашаны».

У 1972 годзе ў школу прыехала мая маці. Некалькі гадоў яна была настаўнікам пачатковых класаў, але большую частку сваёй педагагічнай дзейнасці выкладала геаграфію, нямецкую мову і працоўнае навучанне – было мала вучняў і не хапала спецыялістаў-прадметнікаў. 

У 1974 годзе школа папоўнілася новымі настаўнікамі. Прыехаў Станіслаў Віктаравіч Пячкоўскі – год ён быў дырэктарам. Разам з ім – настаўнік пачатковых класаў Генаэфа Станіславаўна Пячкоўская, якая да 1993 года выкладала беларускую мову.

Разам з Пячкоўскімі прыйшлі Міжыгурскія: фізік Леанід Вікенцьевіч (быў дырэктарам з 1976 да 1978 года), змяніла яго Вераніка Яраславаўна – настаўнік гісторыі – яна была на пасадзе да 1993 года.

Падчас маёй вучобы працаваць прыязджалі і маладыя спецыялісты, але не затрымліваліся. Гэта настаўнікі рускай мовы і літа­ратуры Ганна Раманаўна Лян­коў­ская, фізікі Сцяпан Міка­лаевіч Бандарэнка, рус­кай мовы і літаратуры Галіна Вацла­ваўна Грым­боўская. Вучыцца ў той час пачыналі з нулявога класа, пазней вучняў сталі набіраць у першы клас. Дзесьці ў 1989 годзе ўстанову перайменавалі ў Вялі­ка-Якентанскую няпоўную сярэд­нюю школу. У такім статусе яна праіснавала да 1993 года, затым яе рэарганізавалі ў пачатковую школу-сад, а вучняў і некаторых настаўнікаў перавялі ў Дайлідскую сярэднюю школу.

У будынку пачаткоўкі зрабілі рамонт і адкрылі дзіцячы сад, у самой школе вучыліся пачаткоўцы. Працаваць засталіся Марыя Іосіфаўна Віткоўская і Генаэфа Станіславаўна Пячкоўская. А ў 2004 годзе пачатковую школу-сад закрылі.

Расказвае Уладзімір Клюня, доктар эканамічных навук, прафесар: 

– У Якентанскай школе я вучыўся з 1960 па 1968 год, тут скончыў 8 класаў.

Школьныя гады ў жыцці кожнага чалавека пакідаюць значны след. Гэта самы цудоўны, дзіўны час, калі ты нікому не зайздросціш, адкрыта размаўляеш са сваімі аднагодкамі, калі няма злосці. Мы дапамагалі адзін аднаму рашаць задачы па матэматыцы, спісвалі хатнія заданні…

Першай настаўніцай у мяне была маці Лізавета Сямёнаўна, якая звыш 40 гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў. Менавіта яна заклала ў мяне добрасумленнасць, адказнасць у вучобе і жыцці. Маці была вельмі патрабавальнай і ніколі не выдзяляла мяне сярод астатніх дзяцей. Ніякіх паблажак не было – і я вельмі ўдзячны ёй за гэта. А я імкнуўся не падвесці маці. Ніколі не дазваляў сабе прыйсці на ўрокі непадрыхтаваным. Заўсёды адказна ставіўся да ўсяго, што адбывалася ў школе. А яшчэ акуратна і прыгожа пісаў – лепш за астатніх – гэта, дарэчы, таксама дзякуючы школе.

Большасці маіх настаўнікаў ужо няма, аднак кожнага з іх я цудоўна памятаю. Напрыклад, настаўніца матэматыкі Алена Альфонаўна і сёння жыве ў Якентанах. Я вельмі ўдзячны ёй за навуку і жыццёвыя ўрокі. Цудоўна помню і Фаіну Нікіцішну Урбановіч. У той час адзін настаўнік выкладаў некалькі прадметаў – педагогаў не хапала. Але гэта ніяк не адбівалася на нашых ведах.

Які гэта быў добры і светлы час! Мы з дзяцінства выхоўваліся ў павазе да настаўніка і ўвогуле людзей. Канешне, школа давала веды, прывівала патрыятызм, культуру, працавітасць, але і сям’я ўплывала на выхаванне дзяцей і падлеткаў. І цяпер мне цяжка зразумець бацькоў, якія лічаць, што школа і настаўнікі штосьці ім павінны. Вучыць, выхоўваць, сачыць за дзецьмі… Прабачце, а што ж тады павінны рабіць бацькі? Нічога? На мой погляд, сям’я – гэта аснова і прад’яўляць нейкія прэтэнзіі настаўнікам – няправільна. 

Каля школы быў цудоўны сад – яго, дарэчы, садзілі вучні і педагогі. Сярод іх быў і я. Якія смачныя яблыкі ў ім раслі!

Школьны час немагчыма з чымсьці параўнаць. Гэта лепшыя гады ў жыцці кожнага чалавека. Бесклапотнае дзяцінства, хоць наўрад ці скажаш, што ў вёсцы яно можа такім быць, – мы дапамагалі бацькам па гаспадарцы, жалі бульбоўнік, развешвалі яго на плоце, капалі бульбу, пасвілі кароў. Амаль штодзённыя летнія паходы ў Субялі на рэчку, каб пакупацца; падрыхтоўка да ўрокаў і ўдзел у мерапрыемствах – усё гэта помніцца і сёння да драбніц.

А потым была астравецкая школа – гэта зусім іншы этап майго жыцця… Мы, напрыклад, удзельнічалі ў будаўніцтве новай – сённяшняй сярэдняй школы №1: вазілі цэглу. Дарэчы, пазней, падчас вучобы ў Гродзенскім педінстытуце, я быў камісарам будаўнічага атрада, які закладваў фундамент Жукойне-Жалядскай школы – і я рады, што такім чынам пакінуў свой след у адукацыі раёна. Але заўсёды з небывалай цеплынёй і часцей за астатнія я ўспамінаю менавіта Якентанскую школу.

Амаль кожны год я прыязджаў у Вялікія Якентаны, падыходзіў да будынкаў – і ўспамінаў былое: аднакласнікаў, настаўнікаў, вучобу, адпачынак.... А на 50-годдзе з дня заканчэння школы – гэта было ў 2018-ым – мы сустракаліся з аднакласнікамі. Нас было толькі пяцёра. І мы доўга не маглі апамятацца, таму што на тым месцы, дзе стаяла наша любімая школа, якая дала веды, выхавала і адправіла ў дарослае жыццё, не засталося нават фундамента. Было вельмі сумна, да слёз... 

Але гэта быў вечар нашых успамінаў. Жыццё ў нас склалася па-рознаму. Юля Багдановіч стала настаўнікам, Станіслаў Пацэвіч скончыў ваеннае вучылішча, Уладзімір Гродэль працаваў на агрэгатным заводзе, Іосіф Герасім стаў заслужаным работнікам чыгункі. Пэўных вышынь дасягнуў і я. Але, на мой погляд, важна не толькі тое, кім стаў чалавек, галоўнае, каб ён быў прыстойным і культурным, а дзе працуе – гэта другаснае. Усе мае аднакласнікі сталі годнымі людзьмі, кожны знайшоў сваё месца ў жыцці. І адбылося гэта дзякуючы асяроддзю, у якім мы жылі, і месцу, дзе нас вучылі.


Дырэктар школы Уладзімір Нічыпаровіч, яго жонка Надзея, настаўнікі Любоў Дунец, Лізавета Клюня 



Лізавета Клюня з вучнямі пачатковых класаў


Настаўнікі і вучні школы на ўборцы лёну


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.



Текст: