«Цёплы дом» збіраў сяброў
13:36 / 16.01.2022
Вось і напярэдадні Новага года сабраліся самыя актыўныя сябры, каб разам сказаць удзячнае «бывай» 2021-му і радасна павітаць 2022 год, выказаць свае надзеі і чаканні. Гасцей сустракалі сардэчнымі вітаннямі і пажаданнямі дырэктар цэнтра Святлана Куцько і загадчык аддзялення Аксана Свірская. Ад іх добрых, шчырых слоў у кожнага з прысутных адразу пацяплела на душы.
Па ўсходнім календары настае год Тыгра, таму значная частка святочнай праграмы была прысвечана яго сімвалу, увасобленаму ў сімпатычным аранжава-паласатым вязаным кацяняці. Яму прысвячаліся віктарына, нізка загадак, жарты і забавы. Праводзілі іх, вядома ж, Дзед Мароз са Снягуркай. Кожнаму з гасцей прызначаўся адмысловы прыз з торбы Дзеда Мароза, які, аднак, трэба было самому адшукаць, апісаць не разглядваючы, і толькі потым забраць на памяць.
А мілае аранжава-паласатае звераня перабралася на жыхарства да аўтара гэтых радкоў.