Каляндар надвор'я ад Стэфана Рамейкі і Станіслава Памецькі

08:02 / 11.01.2022
Аднойчы ў рамках аб’яўленай рэдак­цыяй акцыі «300 кніг сельскай бібліятэцы» мы завіталі ў Варону. Тагачасная гаспадыня вясковага кніжнага царства Марыя Станіславаўна Вішнеўская, чалавек творчы і неабыякавы, расказваючы пра справы, між іншым паказала ўнікальную папку. Пад адной вокладкай захоўвалася некалькі агульных сшыткаў і блакнотаў, у якіх былі запісаны штодзённыя назіранні за надвор’ем. Не за дзень, не за месяц – за 20 (!) гадоў: з 1989-га і да 2008-га. Дапаўнялі іх сціслыя паве­дам­ленні пра навіны вясковага і сямейнага жыцця: хто памёр, хто нарадзіўся, калі рэзалі свінню і ацялілася карова…

IMG_4355.jpg

Старонкі дзённіка Стэфана Рамэйкі


Уразіла, што запісы гэтыя ра­біў не навуковы супрацоўнік ці даследчык, а звычайны вяс­ковец Стэфан Міхайлавіч Рамэй­ка з Крыжоўкі, які працаваў токарам у калгасе імя Карла Маркса. Доб­ра працаваў, пац­вяр­­джэнне таму – пасведчанне ўдар­ніка камуністычнай працы, якое захоўваецца ў той жа папцы. 

879765.jpg

Магчыма, нехта лічыў яго дзіваком, маўляў, каму гэта трэба, ды яшчэ ў той час, які пазней назавуць «ліхімі дзевяностымі», калі людзі літаральна выжывалі. А ён штодня, адпрацаваўшы ў майстэрні і перарабіўшы хатнія справы, запісваў, якое ў той дзень было надвор’е і што адбылося… 
У нататках ёсць толькі адзін перапынак амаль на месяц, які Стэфан Міхайлавіч у сваім дзённіку назіранняў патлумачыў: «З 25 снежня 2007 года да 21 сту­дзеня 2008-га знаходзіўся ў бальніцы. Правастаронняе запаленне лёгкіх». 24 лютага яшчэ адзін запіс: «А я ўсё яшчэ хварэю. Вялікая задышка, кашаль. Ад Вароны ўжо не прыйшоў бы. А 11 сакавіка таго ж года – зусім сумнае: «Я, Рамэйка Сцяпан, дажываю. Вельмі баліць у грудзях». 17 сакавіка ім быў зроблены апошні запіс. Ён, нават хворы, не пакідаў весці дзённік назіранняў за прыродай!
– Калі Стэфана Міхайлавіча не стала, яго дачка, Ганна Вялічка, перадала ў бібліятэку бацькавы запісы, – расказала Марыя Вішнеўская гісторыю гэтай папкі.

 – Я таксама штодзённа вяду каляндар прыроды, – уступіў у размову былы настаўнік Варонскай школы Станіслаў Памецька, які ў той час знаходзіўся ў бібліятэцы. – Але больш шырока: у мяне ён дапоўнены палявымі назіраннямі за птушкамі і іншай цікавай інфармацыяй пра розныя падзеі і з’явы жыцця.

IMG_4326.jpg

У архіве Станіслава Балясла­вавіча мноства звестак пра ўсё на свеце – ён называе свае запісы хатняй энцыклапедыяй. Нам жа найбольш цікавыя тыя з іх, што тычацца Астравецкага раёна.
Станіслаў Памецька, ветэран педагагічнай працы, актыўны ўдзельнік грамадскага таварыства «Ахова птушак Баць­каў­шчыны», вёў дзённікі назі­ранняў за прыродай шмат дзесяцігоддзяў. На жаль, некаторыя з іх, больш раннія, не захаваліся. У рабочым стане толькі дзённікі, пачынаючы з 2009 года. Так што перапынак паміж назіраннямі зусім невялікі. Мы палічылі, што было б недаравальна не пазнаёміць з гэтай тытанічнай і да таго ж вельмі цікавай і пазнавальнай працай варонскіх энтузіястаў шырокае кола нашых чытачоў.
Так з’явілася ідэя стварыць на старонках «Астравецкай праўды» каляндар прыроды. Бо, пагадзіцеся, самая папулярная тэма для размоў, прычым ва ўсім свеце, – гэта надвор’е: якое ёсць, якім было, якім будзе… І калі пра тое, што будзе заўтра і праз тыдзень, нам штодня з самых розных крыніц расказваюць сіноптыкі; наколькі яны мелі рацыю, бачым штодзённа, дык аб тым, якім было надвор’е нават у не вельмі далёкім мінулым, цікава ўспомніць-даведацца. 
З цягам часу мы прыйшлі да высновы, што варта звесткі пра надвор’е дапоўніць края­знаў­чымі: паведамляць пра юбілеі вы­бітных людзей Аст­равеч­чыны, памятныя даты, звязаныя з населенымі пунктамі, уста­новамі, арганізацыямі, прад­­прыем­ствамі, з жыццём раё­на ўвогуле. 
Са складаннем краязнаўчага календара нам дапамог сектар ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, які штогод збірае падобныя звесткі. Ну і, вядома, ж архіўныя падшыўкі раённай газеты.
А каляндар прыроды складзе­ны паводле запісаў Стэфана Ра­мэй­кі (дзякуй загадчыку Ва­­ронскай бібліятэкі Але Каз­лоў­­­скай, што дазволіла па­ка­­­рыстацца ўні­каль­нымі даку­­мен­тамі) і звес­так, за­ната­ва­­ных у роз­ныя гады Ста­ніс­ла­вам Па­ме­ць­кам. 
Такім чынам, сёння на старонках «Астравецкай праўды» стартуе  праект «Народны ка­лян­дар». Які,  спадзяёмся, спа­да­баецца нашым чытачам і бу­дзе для іх карысным. Плануецца, што ён стане выходзіць раз на тыдзень, у тэматычнай старонцы «Вольны вечара». 

 У кожнага ёсць магчымасць дапоўніць «Народны каляндар»  сваімі звесткамі пра над­вор’е ці падзеі і людзей Астра­веччыны. Толькі варта памя­таць, што іх трэба дасы­лаць у рэдакцыю загадзя.

Тэлефон для сувязі 73-3-64. 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик