Пахаванне Адама Мальдзіса прайшло ў Задворніках

13:10 / 06.01.2022

З усіх дарог, з усіх вандровак Адам Мальдзіс імкнуўся дамоў, на Астравеччыну. У Палушах, у хаце дзеда Караля, дзе прайшло дзяцінства яго жонкі Марыі Карлаўны, які стаў яму родным пасля таго, як згарэў бацькоўскі дом у Расолах, вядомы ва ўсім свеце навуковец і даследчык праводзіў летнія адпачынкі – казаў, што тут яму найлепш думаецца, працуецца, дыхаецца. Марыў, што некалі пакіне сталічныя клопаты і вернецца на радзіму, каб дарабіць шматлікія справы.

1.jpg

І вось ён вярнуўся. Назаўжды. Але не працаваць – спачываць. У родным краі, у сваёй зямлі, пад шатамі гонкіх сосен, пад якімі, па словах яго сябра Уладзіміра Караткевіча, трэба маліцца…

…Развітанне з Адамам Мальдзісам адбылося 5 студзеня.

Пачалося яно з пахавальнай імшы, якая прайшла ў Мінску ў касцёле Святых Сымона і Алены і на якую сабралася мноства людзей, якія ведалі Адама Мальдзіса, паважалі, любілі, вучыліся ў яго. Сярод іх былі і землякі, якія ў гэты час знаходзіліся ў сталіцы, у тым ліку і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Свіла.

Шмат людзей было і на могілках у Задворніках, куды прывезлі труну з целам нябожчыка ў другой палове дня: прадстаўнікі мясцовай улады, адукацыі, культуры, рэдакцыі газеты, родныя, сябры. Нехта асабіста ведаў добрага і шчырага Адама Восіпавіча, для некага ён чалавек-легенда, неаспрэчны аўтарытэт, які ўсё жыццё рупіўся пра Беларусь і родную Астравеччыну.

Пра жыццёвы шлях славутага земляка, яго заслугі і здзяйсненні расказала старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун. Добрым словам успомнілі тое, што зрабіў для Астравецкага раёна, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук і намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко.

–Думаю, будзе правільна, калі адну з вуліц Астраўца мы назавём імем Адама Мальдзіса. Трэба падумаць і пра мемарыяльную дошку ці бюст, прысвечаны нашаму слыннаму земляку, – прапанаваў Генадзь Паўлавіч.

Сябры і паплечнікі Адама Восіпавіча, расказаўшы пра яго неацэнны ўнёсак ў беларускую гісторыю, культуру і літаратуру, падкрэслілі, што найлепшым помнікам Мальдзісу стане перавыданне яго твораў, запіс успамінаў – і сваё слова ў гэтай важнай справе павінны сказаць жыхары Астравеччны, якіх ён так любіў.

…Напэўна, у той дзень у мінскім касцёле, на могілках у Задворніках ці ў цішы асабістай кватэры многія ўспаміналі Адама Мальдзіса – кожны свайго. І гэтая памяць не перарвецца стукам сырой зямлі аб вечка труны. Адам Мальдзіс будзе жыць з намі, вучыць нас, дапамагаць нам да той пары, пакуль мы захочам прымаць і карыстацца яго навукай, парадамі, дапамогай.

А ён няхай спачывае. Побач са сваёй каханай жонкай, памочніцай і дарадцай Марыяй Карлаўнай. У родным краі, у сваёй зямлі.

Вечны адпачынак дай яму, Божа…

Текст: Нина Рыбик